Мяжа — на даляглядзе

№ 31 (1418) 03.08.2019 - 10.08.2019 г

У мінскім Палацы мастацтва адкрылася персанальная выстава бабруйскага мастака Анатоля Концуба. Яна прымеркавана да 70-гадовага юбілею творцы. У экспазіцыі прадстаўлены жывапіс і кераміка.

/i/content/pi/cult/756/16361/8.JPGВыстава найперш прайшла ў Бабруйску і мела назву “Скрозь час”. І, наколькі я ведаю аўтара і ягоныя творы, яна насамрэч адлюстроўвае сутнасць творчасці Анатоля Концуба. Для яго Час не падзелены на сегменты, знітаваныя паслядоўнасцю. Мінулае, сучаснасць і будучыня ва ўяўленні мастака існуюць адначасова і ў той прасторы, якую для іх акрэслівае наша свядомасць. Так бы мовіць, тут і зараз. Таму на карцінах Концуба Марыя і Язэп з новароджаным Ісусам бягуць ад Ірада ў Егіпет па нашых сцежках, на тле тыповага палескага краявіда пакутліва разважае пра Быццё Дыяген, тут жа пасвяцца кентаўры і адзінарогі, а ў натоўпе на вуліцах нашых гарадоў і мястэчкаў можна сустрэць анёлаў і антычных багоў. Для характарыстыкі творчасці Концуба можна было б скарыстаць радкі Максіміліяна Валошына: “Весь трепет жизни всех веков и рас живёт в тебе всегда, теперь, сейчас”, калі б не было ў гэтым выслоўі ўзнёсласці і пафасу — чаго спадар Анатоль як мастак не надта шануе. Ягонай натуры больш адпавядае незласлівая іронія і прыхаваная філасафічнасць.

Ягоная кераміка мае тую ж канцэптуальную аснову, што і жывапіс, але яна больш абстрагаваная і бліжэйшая да знакавасці. Тут зыходна адсутнічае апавядальнасць, а значыць аўтар можа засяродзіцца на фармальным чынніку твора. Зрэшты, рабіць проста прыгожую рэч, што ў Анатоля Концуба, дарэчы, цудоўна атрымліваецца.

/i/content/pi/cult/756/16361/9.JPGКераміка — першая спецыяльнасць спадара Анатоля. У Беларускім тэатральна-мастацкім ён вучыўся на аддзяленні керамікі і шкла. Па заканчэнні вучобы па размеркаванні трапіў у Бабруйск (сам родам з Берасцейшчыны). Зыходна меркаваў, што надоўга тут не затрымаецца, але жыццё, як кажуць, вызначыла інакш. Доўгі час Анатоль Концуб выкладаў у мясцовай прафесійна-тэхнічнай вучэльні і як творца быў засяроджаны менавіта на кераміцы. А потым, у нейкай ступені вымушана, звярнуўся да жывапісу, калі ўтварыліся праблемы з матэрыяльнай базай. Сёння ж яго, як мне падаецца, як жывапісца найперш і ведаюць. Адметны стыль, парадаксальнае мысленне, згаданая вышэй іранічнасць робяць ягоныя творы прывабнымі і для паспалітага гледача, што выпадкова трапіў на выставу, і спрактыкаваных у мастацтве адмыслоўцаў. Але найбольш эфектна і жывапіс, і кераміка Концуба глядзяцца ў спалучэнні — калі яны сабраны ў адной экспазіцыі. Вось як зараз ў Палацы мастацтва.

Анатоль Концуб мае немалы досвед удзелу ў міжнародных пленэрах — як жывапісных, так і керамічных. Першыя для яго цікавыя тым, што жывапісец, хоць і вучыцца ў калег, у рэшце рэшт залежыць толькі сам ад сябе. Ад свайго таленту і працаздольнасці. А вось керамісты на пленэрах працуюць у камандзе, і вынік працы залежыць ад іх зладжанасці і псіхалагічнай сумяшчальнасці. І тое, і другое спадару Анатолю блізка і цікава. І тое, і другое пасуе яго характару і разуменню творчага працэсу.

У адным са сваіх інтэрв’ю Анатоль Концуб сказаў, што не збіраецца падводзіць рысу пад творчасцю ды ўвогуле пад працай, і што самае цікавае для яго наперадзе. Веру, што так і ёсць. Бо для гэтага чалавека ў творчасці, як ўжо гаварылася, няма мінулага, сучаснасці і будучыні. Усё — тут і зараз. А калі ў гэтым абшары і ёсць якая мяжа — дык хіба на даляглядзе.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"