Канцэрт для фота з аркестрам

№ 31 (1418) 03.08.2019 - 10.08.2019 г

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы неўзабаве справіць сваё 100-годдзе. Рыхтавацца да юбілею калектыў пачаў ужо цяпер. І пад заслону 99-га сезона выпусціў “перадпрэм’еру” новага праекта — “Музычныя вечары ў Купалаўскім”.

/i/content/pi/cult/756/16360/7.jpgФае другога паверха, паэтычна названае Каміннай залай, было аддадзена аркестру тэатра на чале з вядомым кампазітарам Уладзімірам Кур’янам. Паслухаць інструменталістаў і творы іх кіраўніка, які загадвае музычнай часткай тэатра, сабраўся сапраўдны бамонд. Інтэр’ер у стылі пазамінулага стагоддзя, вольна расстаўленыя крэслы ды канапы, сяброўская атмасфера вечарыны — усё нагадвала музычны салон мінуўшчыны. У якасці гасціннага гаспадара выступіў нядаўна прызначаны на гэту пасаду генеральны дырэктар тэатра Павел Латушка. Вёў канцэрт сам кампазітар, што яшчэ больш надавала імпрэзе рысы высокай салоннасці.

Дзве першыя кампазіцыі не былі непасрэдна звязанымі з музыкай да спектакляў, але ў кожнай з іх аказалася свая гісторыя, годная тэатральнага ўвасаблення. Фартэпіянны цыкл “Жартоўны тыдзень”, кожная частка якога мае вершаваны эпіграф самога кампазітара, быў напісаны яшчэ ў студэнцкія гады, прычым на першым курсе, адразу прыцягнуўшы ўвагу да маладога аўтара. А некаторы час таму Уладзімір Кур’ян зрабіў пералажэнне для брас-квінтэта і ўдарных. Таму клавішніца Жанна Карпенка, якой часцей даводзіцца выконваць немудрагелістыя акампанементы, тут павінна была б “выступаць у ролі” дзвюх труб, валторны, трамбона і тубы, а таксама разнастайных ударных інструментаў. Таму яна абрала куды больш выйгрышную і бяспройгрышную ролю — прыгожай жанчыны.

З п’есай для кантрабаса сола “Трыумфальнае Arco і нетрыумфальнае pizzicato”, напісанай паводле лірычнай лініі “Трыумфальнай аркі” Рэмарка, увогуле здарылася неспадзяванка. Выкананне аказалася пад пагрозай зрыву: кантрабасіст з’язджаў на замежны фестываль. Кім яго замяніць? Далей падзеі развіваліся, бы ў тэатральнай меладраме пра маладое дараванне, якому раптам выпадае шанец: сітуацыю выратаваў студэнт Акадэміі музыкі Уладзіслаў Сенажэнскі. Ды не проста выратаваў! Музыкант абсалютна дакладна, без аніякіх рамантычных перабольшванняў ці постмадэрнісцкіх перайначванняў следаваў усім дэталям нотнага тэксту. І пры гэтым не дазволіў твору “рассыпацца” на дробную рознакаляровую мазаіку — наадварот, склаў цэласную карціну, дзе знайшлося месца інтэлігентнасці і напружанаму нерву, жарсці і фінальнаму трагічнаму надлому. Гэта было практычна ідэальнае выкананне, асабліва для аўдыёзапісу, дзе вельмі цэніцца прыгажосць гуку. Што ж да магчымага відэазапісу, дык надалей можна было б падумаць і пра некаторыя акцёрскія рэчы — тое ж уменне “гаварыць” не адно гукамі, але і, да прыкладу, позіркам, красамоўнай мімікай. Тым больш, калі твор выконваецца ў камернай сцэнічнай прасторы ды яшчэ пры адсутнасці рампы.

Астатнія нумары сабралі ўвесь аркестр (па сучасных мерках, хутчэй інструментальны ансамбль) і былі ці музыкай да спектакляў, ці напісанымі паводле яе самастойнымі творамі. Тым самым ушчэнт разбурылі прынятае азначэнне “прыкладныя жанры”, якім называюць музыку ў тэатры і кіно. Выкананне лепшых саунд-трэкаў даўно ўвайшло ў канцэртную практыку. Вось толькі гучаць часцей галівудскія матывы. Новы праект, падобна на тое, распаўсюдзіць гэту традыцыю і на айчынную музыку. Бо калі б тыя ж тэмы са спектакляў “Там і тут”, “Смех лангусты”, “Гаральд і Мод” (апошняя тэма вядома таксама як “Прысвячэнне Стэфаніі Станюце” — легендарнай актрысе Купалаўскага тэатра) прагучалі б у папулярнай французскай кінастужцы, дык адразу набылі б сусветнае прызнанне.

Тры вакальныя нумары са спектакляў “Паўлінка” і “Местачковае кабарэ” зрабілі сапраўднай прымадоннай артыстку тэатра Кацярыну Алейнікаву. І даказалі, што пералажэнні Уладзіміра Кур’яна могуць засланіць арыгінал. А дзве фантазіі — на народныя і вольныя тэмы — напоўніцу прадэманстравалі вынаходлівасць, пачуццё гумару, майстэрства кампазітара і музыкантаў. Да прыкладу, у п’есе “Купалаўскія віртуозы”, што рыхтавалася да аднаго з капуснікаў і выконвалася ў парыках ХVIII стагоддзя, скрыпачы вадзілі не смыкам па скрыпцы, а наадварот — скрыпкай па смыку.

На біс прагучаў знакаміты Паланез Агінскага — з жартоўнай прэамбулай, што гэтым творам музыканты развітваюцца не з радзімай, а са слухачамі. Праўда, развітанне зацягнулася. Удзячныя гледачы, карыстаючыся адсутнасцю падзелу на сцэну і залу, папросту не давалі музыкантам сысці: выказвалі свае падзякі, захапленне, дзяліліся ўражаннямі, прасілі сфатаграфавацца. Дый пасля ўсяго гэтага ніхто не бег хутчэй на выхад: публіка яшчэ доўга разглядала выставу партрэтаў, зробленых беларускім фотамастаком Пятром Шумавым — ураджэнцам Гродна, які ў пачатку ХХ стагоддзя з’ехаў з сям’ёй у Парыж. Дарэчы, менавіта там ён упершыню заняўся фатаграфіяй, стаўшы асабістым фатографам сусветна знакамітага скульптара Радэна. Адкрыў уласнае фотаатэлье, дзе здымаў усіх самых зорных прадстаўнікоў культуры, навукі і палітыкі. Адмыслова ставіў святло, шукаў цікавыя ракурсы, эксперыментаваў з праяўленнем і друкаваннем фота, распрацаваўшы суцэльны шэраг так званых аўтарскіх тэхнік.

Спалучэнне канцэрта і выставы “Вяртанне дадому” раптам набыло дадатковае “трэцяе вымярэнне”. Бо вылучыла на першы план тэму гістарычнага захавання нацыянальнай спадчыны. На сёння аркестр купалаўцаў — адзіны, як неаднаразова падкрэсліваў П.Латушка, захаваны з гістарычных часоў сярод усіх беларускіх немузычных тэатраў: астатнія калектывы ў складаныя 1990-я былі скарочаны. Ці не наспеў час аднаўляць?

Фота Руслана АНАНЬЕВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"