Раман КОЗЫРАЎ: “Юбілей “Песняроў” як юбілей беларускай культуры”

№ 31 (1418) 03.08.2019 - 10.08.2019 г

Гэтай размовай мы завяршаем цыкл інтэрв’ю з музыкантамі ансамбля “Песняры”, які пачалі ў студзені. Праўда, у верасні вас чакае яшчэ адна сустрэча — сустрэча-сюрпрыз, нават містычная. Сёння ж суразмоўцам “К” стаў цяперашні лідар калектыву Раман КОЗЫРАЎ.

/i/content/pi/cult/756/16359/6.jpgАх, фестываль, дзіўны свет

— Раман Аляксандравіч, якія з мерапрыемстваў, запланаваных да 50-годдзя “Песняроў”, ўжо прайшлі, і што яшчэ плануецца?

— Я лічу, што юбілей “Песняроў” — гэта юбілей беларускай культуры наогул, таму, у прыватнасці, канцэрты, прысвечаныя ансамблю, і ідуць па ўсёй Беларусі. Ну а паколькі творчасць калектыву ўжо даўно належыць не толькі нашай радзіме, то канцэрты, звязаныя з круглай датай, прайшлі і будуць праходзіць яшчэ і за мяжой — у Расіі, Прыбалтыцы. На пачатку года наш ансамбль даў некалькі невялікіх канцэртаў у Маскве і Санкт-Пецярбургу, 29 чэрвеня мы прадставілі вялікую, на дзве з паловай гадзіны праграму ў легендарнай юрмальскай зале “Дзінтары”, а на наступны дзень выступілі ў Таліне. Яшчэ з ужо мінулых буйных мерапрыемстваў трэба адзначыць, вядома ж, гала-канцэрт на “Славянскім базары ў Віцебску”, які прайшоў 12 ліпеня ў рамках Дня Саюзнай дзяржавы.

З верасня, першы дзень якога і прынята лічыць за кропку адліку гісторыі “Песняроў”, маштабныя і лакальныя акцыі працягнуцца. Галоўнай жа падзеяй стане канцэрт 12 кастрычніка ў Палацы Рэспублікі ансамбля “Песняры” і Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь. Возьмуць у ім удзел і запрошаныя артысты. І праект гэты мы пазней хацелі б выпусціць на аўдыяносьбіце. 20 лістапада ў Белдзяржфілармоніі творы “Песняроў” выканае Пётр Елфімаў — у суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя Іосіфа Жыновіча. У студзені наступнага года пройдзе вялікі канцэрт ансамбля ў Санкт-Пецярбургу, вядуцца перамовы на правядзенне такога ж па маштабе выступа ў Маскве. Да канца гэтага года павінны выйсці кнігі і тэлепраекты аб калектыве. У Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў плануецца сустрэча музыкантаў ансамбля са студэнтамі.

— Думкі аб віцебскім канцэрце дастаткова палярныя…

— Для нас было гонарам, што 50-годдзе “Песняроў” адзначылі менавіта ў праграме святкавання на фестывалі Дня Саюзнай дзяржавы. Напэўна, у нейкі іншы дзень можна было б правесці чыста юбілейны вечар ансамбля — яго сольны выступ або з удзелам у ім яшчэ і іншых беларускіх артыстаў. Але мне былі зразумелыя і довады арганізатараў фестывалю, што, як я ўжо сказаў вышэй, творчасць “Песняроў” належыць не толькі Беларусі. Распрацоўкай канцэпцыі мерапрыемства — паказаць дружбу народаў дзвюх краін скрозь прызму “Песняроў”, правёўшы для гледачоў экскурсію па віртуальным музеі ансамбля, — займалася расійская рэжысёрска-пастановачная група. Дзесьці з паўгода мы абмяркоўвалі з ёй, як можа выглядаць шоу, хто мог бы выступіць, прапаноўвалі кандыдатуры выканаўцаў. І, нягледзячы на асобныя “вушакі”, у цэлым мне мерапрыемства спадабалася.

— На канцэрце павінны былі выступіць Уладзіслаў Місевіч і Валерый Дайнэка…

— ...і Ігар Пеня. Перамовы аб іх удзеле, быццам бы, скончыліся паспяхова. Але потым у нас адбылася яшчэ адна тэлефонная размова з Місевічам, які сказаў, што альбо “Беларускія песняры” выйдуць на сцэну ўсё ж сваім поўным складам і нікога акрамя гэтага ансамбля падчас яго нумара на ёй не будзе, альбо яны ўтрох адклічуць сваю згоду. Высунуў ён і яшчэ адну ўмову. Ні першае, ні другое мы не прынялі, таму, на жаль, больш нікога са старой гвардыі, акрамя Барткевіча і Кашапарава, у канцэрце не было. На мой погляд, з боку Місевіча было б карэктней проста адмовіцца ад удзелу ў мерапрыемстве, чым прымусіць нас адмовіць ім.

— У канцэрце, аб якім мы гаворым, удзельнічаў этна-гурт “Троіца”. Ведаю, што вы не роўна дыхаеце да яго музыкі. Ці не дамовіліся з ідэолагам гэтага калектыву — Іванам Кірчуком — пра якія-небудзь сумесныя праекты?

— Калі пра музыку “Песняроў” можна казаць як пра поп-фольк, то “Троіца” можа быць і чыста фолькавым гуртам, і граць чыстую этніку, аўтэнтыку. Для мяне гэты калектыў заўсёды быў вельмі крутым, паважаным. Дарэчы, на канцэрт ён трапіў менавіта з маёй падачы. Крайні альбом “Троіцы” — “Цар-агонь” — гэта суцэльны кайф! На фестывалі мы проста пагутарылі з музыкантамі гэтага гурта, а ўжо аб якіх-небудзь канкрэтных кроках і супрацоўніцтве размова, спадзяюся, адбудзецца вельмі хутка. Напрыклад, мне б хацелася, каб “Песняры” па-свойму пераспявалі некаторыя песні “Троіцы”.

З мінулага ў цяперашні

— У якіх з мінулых гадоў вам хацелася б апынуцца — у якасці музыканта “Песняроў”?

— У той час, калі ў ім працавалі Уладзімір Ткачэнка, Барыс Бярнштэйн, Ігар Палівода, Аркадзь Эскін, калі ў ансамблі працавалі людзі найвышэйшага класа, была магутная духавая група, два клавішнікі. “Песняры” тады стваралі рэальна крутую музыку! Гэта былі залатыя гады менавіта для музыкантаў-інструменталістаў. Чым да таго “бралі” “Песняры”? Перш за ўсё, сваім шматгалоссем, а калі ў склад уліліся “кансерваторскія”, якія падцягнулі інструментальную базу, калектыў загучаў абсалютна фірмова.

— Не фантазіравалі, як напісаныя ў ансамблі за апошнія 15 гадоў песні маглі б выглядаць у выкананні тых “Песняроў”?

— Хм, цікава, як бы загучалі, напрыклад, песні з нашага крайняга альбома “Працяг”! Звычайна тое, што мы робім сёння, прапускаем праз творчасць “мулявінскіх” “Песняроў”, а вы мне прапануеце наадварот зрабіць... Не вазьмуся нешта такое напрыдумляць.

— “Песняры” пачыналіся шмат у чым з апрацовак народных песень, потым у рэпертуары ансамбля стала павялічвацца колькасць эстрадных твораў, затым пайшлі вялікія формы. Фольк і папулярная музыка, інструментальна насычаныя кампазіцыі і рок-гучанне, модная электроніка — ўсё гэта былі тыя “Песняры”. Якія яны зараз?

— Мы не хочам быць падобнымі на кагосьці, мы — шчырыя, у нас ужо ёсць свой твар, свой саунд — “жывы” і студыйны. І гэта не рэтрагучанне, хоць старыя прыхільнікі ансамбля ў нашым саундзе чуюць тых сваіх улюбёнцаў. Гэта даніна павагі той “песняроўскай” песеннай традыцыі. У нашага ансамбля ўжо сфарміравалася свая і новая — маладая і не вельмі маладая — публіка. Яна пазнае ансамбль, нават не бачачы яго, яшчэ тады, калі мы не пачалі спяваць. У сённяшніх “Песнярах” працуюць людзі, музычныя прыхільнасці якіх могуць быць дыяметральна процілеглыя, і гэты вось мікс знаходзіць сваё адлюстраванне ў цяперашніх нашых песнях. Нават у адной кампазіцыі можа быць шмат чаго сінтэзавана. І гэтым мы падобныя да “Песняроў” Мулявіна розных перыядаў, калі ў праграмах ансамбля маглі гучаць песні, напісаныя ў самых розных жанрах, маглі выконвацца творы з самым розным гукам. Толькі мы — носьбіты цяперашніх музычных тэндэнцый.

— Ага, я напішу слова “шчырыя”, і з вас тут жа пачнуць пакепліваць, як жартавалі ў свой час з Эдуарда Малафеева з яго шчырым футболам…

— Я растлумачу. Праца на сцэне ўяўляе перадачу эмоцый у залу. Артыст павінен дамагацца таго, каб людзі верылі яму, у нашым выпадку таму, пра што мы спяваем, як граем. Гэта павінна быць наша гісторыя, перажытая намі самімі. Артыст павінен адкрываць сваю сапраўдную душу, аддаваць публіцы часцінку свайго сэрца. Мне здаецца, у нас гэта атрымліваецца.

— Для кагосьці і творчасць Вольгі Бузавай вельмі шчырая…

— Людзі ёй вераць! Не могуць быць дурнямі тысячы людзей, якім нешта ў гэтым персанажы падабаецца.

— Як сказаў бы Кузнечык з фільма “У бой ідуць адны “старыя”: “Але вось некаторая эстэтычная недаразвітасць”…

— Не-не-не! Я так да людзей не стаўлюся! Бузава дастаўляе ім радасць сваім м... мастацтвам? Дастаўляе. Ну і ўсё. З астатнім хай разбіраюцца спецыялісты.

У сям’і не без “Песняроў”

— Вы дырэктар, мастацкі кіраўнік, адміністратар сеткавых рэсурсаў, клавішнік, вакаліст, аранжыроўшчык, аўтар песень “Песняроў”…

— Вельмі цяжка было несці ўвесь гэты груз, але мне пайшлі насустрач і не так даўно для ансамбля вылучылі яшчэ адну штатную адзінку. Чалавеку гэтаму я і перадаў частку адміністрацыйных функцый. А то мне ўжо перасталі сніцца песні (раней я мог ўстаць і рэальна нешта запісаць), а сняцца ўсе асобы калег і “вытворчая” руціна.

— Нейкія рысы Уладзіміра Мулявіна ў сабе знаходзіце?

— Напэўна, нас радніць толькі тое, што і ён прайшоў шлях ад звычайнага музыканта да безумоўнага лідара вялікага калектыву, і я, прыйшоўшы ў ансамбль нікому невядомым музыкантам, стаў сёння ў калектыве тым, хто я ёсць. У мяне няма мэты стаць героем свайго часу, легендай, я проста хачу зрабіць нешта дакладна значнае ў рамках “Песняроў”. Мы ўжо шмат зрабілі, захавалі і развіваем спадчыну Мулявіна, але хочацца ажыццявіць і зусім ужо нешта такое, пасля чаго нядобразычліўцы назаўжды перастануць у нас асуджальна тыкаць пальцамі. Патэнцыял для гэтага ёсць, я ўпэўнены — у ансамблі на сёння сабраны вельмі творчыя і амбіцыйныя людзі. Ёсць у ім і тыя, хто, сышоўшы з яго, вярнуліся, як, напрыклад, вельмі таленавіты музыкант Алег Жалезнякоў.

— “Песняры” для Рамана Козырава…

— Гэта ўсё... Усё маё жыццё прысвечана ім. Магчыма, гэта няправільна — вось так цалкам аддавацца сваёй працы, часам на шкоду сям’і. Але “Песняры” — гэта яшчэ адзін член яе. І таксама вельмі і вельмі, бясконца любімы!

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"