Фестывальныя сёння і заўтра

№ 31 (1418) 03.08.2019 - 10.08.2019 г

Ацэнка любой з’явы заўжды суб’ектыўная. Але ёсць непахіснае правіла: ацэньваць трэба па крытэрыях, распрацаваных самімі аўтарамі, арганізатарамі, удзельнікамі дзеі. Таму кожны “Славянскі базар у Віцебску” мы традыцыйна завяршаем фінальным інтэрв’ю з дырэктарам фестывалю. Калісьці такія размовы праходзілі з заслужаным дзеячам культуры Беларусі Радзівонам Басам, які, на жаль, цяжка захварэў і амаль два гады таму пайшоў ад нас назаўсёды. Потым вынікі падводзіў Аляксандр Сідарэнка. Нарэшце, свой першы ў якасці дырэктара “Славянскі базар” завяршыў Глеб ЛАПІЦКІ.

/i/content/pi/cult/756/16358/5.jpg— Глеб Аляксандравіч, ці ўсё з задуманага сёлета на “Славянскім базары ў Віцебску”, на ваш погляд, атрымалася? Магчыма, штосьці аказалася больш праблематычным, чым уяўлялася напачатку?

— У глабальным сэнсе — атрымалася ўсё, што планавалася. Ёсць, вядома, над чым працаваць. І чым больш высноў мы зробім, чым больш пазнаёмімся з водгукамі і, у тым ліку, крытычнымі матэрыяламі, тым будзе карысней. Бо мы і самі аналізуем тое, што зроблена, і звяртаем увагу на аналітыку прафесіяналаў у гэтай сферы. Недахопы, зразумела, ёсць, і кожны арганізатар звычайна бачыць іх лепей, чым хтосьці збоку. Але ў пэўным сэнсе гэта нават добра. Бо калі іх не было б, мы спачывалі б на лаўрах ды радаваліся сваёй “геніяльнасці”. А любы праект патрабуе свайго далейшага развіцця, і разуменне сваіх пралікаў, імкненне да чагосьці лепшага спараджае творчасць, жаданне зрабіць больш і лепш.

— У вас за плячыма і эстрадныя конкурсы, дзе вас неаднойчы адзначалі, і фестывалі, праца салістам Віцебскай філармоніі, шматлікія канцэрты, уключаючы сольнік у зале “Віцебск”. Вам дапамагае ваша спеўнае мінулае?

— Па меншай меры, не перашкаджае. Хаця, не — часцяком перашкаджае. Бо я ўсё прымерваю на сябе, імкнуся ўявіць, што і як я рабіў бы на месцы артыстаў, калі б кудысьці прыехаў. І як бы мне самому ў якасці артыста хацелася зрабіць тое ці іншае, каб было лепей. Калі ўсё гэта праецыруецца на арганізацыйныя моманты, дык гэта дапамагае. А калі на ўласна творчыя — не заўсёды. Бо ў кожнага свая мастацкая індывідуальнасць. Але я ўсё больш скіроўваюся на арганізацыйную дзейнасць, таму творчае мінулае, у большасці, дапамагае.

— Надта сціпла вы пра сябе гаворыце. Бо запрашэнне менавіта таго, а не якога-небудзь іншага артыста звязана не столькі з уласна арганізацыйнай дзейнасцю, колькі з мастацкімі густамі і ўяўленнямі. Сёлета, да прыкладу, вы далучылі да канкурсантаў балет “Тодэс”.

— Гэта была не мая ідэя, а ўсёй дырэкцыі. Канешне, кіраўнік павінен генерыраваць ідэі, але калі не будзе тых, хто іх увасобіць, дык нічога не атрымаецца.

— Акрамя далучэння “Тодэса”, у дарослым конкурсе знік паўфінал. Таму што ўдзельнікаў стала меней?

— Не, мы адразу вырашылі адмовіцца ад паўфіналу, але больш строга праводзіць сам адбор удзельнікаў. Развіццё фестывалю — не ў наяўнасці паўфіналу і далейшым адсеве канкурсантаў, а ў іх узроўні. Сёлета вельмі добра прайшлі папярэднія адборы сярод еўрапейскіх краін, у Казахстане, упершыню — у Вялікабрытаніі. Надалей плануем пашырэнне фармату еўрапейскага адбору: хочам задзейнічаць у ім усе краіны Еўрасаюза і праводзіць яго ў Рызе (мы ўжо сустракаліся з мэрыяй горада, дзе нас падтрымалі), рабіць паўнавартасны адбор у Кітаі. Мы стараемся самі ездзіць на такія адборы, у нас ёсць і міжнародны аддзел, і аддзел па сувязях з грамадскасцю, але, вядома, на Кубу ці ў Аргенціну не паедзеш. Таму ў нас ёсць шэраг дамоў з тымі, хто праводзіць такія адборы. Там прапісана, колькі камер павінны здымаць прэтэндэнтаў, колькі павінна выйсці сюжэтаў, колькі гледачоў павінна быць у зале, колькі канкурсантаў у кожнай намінацыі і гэтак далей. Некаторыя кансультуюцца з намі — і па выбары песень, і па іншых пытаннях. Той жа Георгій Путкарадзэ з Грузіі, калі шукаў беларускамоўную песню, звяртаўся найперш да нас. Праўда, я раіў яму іншую…

— Якую, калі не сакрэт?

— Я не называў канкрэтную, а прапанаваў паслухаць “J:Морс”: тэмбр грузінскага выканаўцы чымсьці нагадаў мне голас Уладзіміра Пугача. Потым яны з менеджарам патэлефанавалі: абралі гурт Nizkiz, песню “Небяспечна”. Крута!

— Сёлета ў Віцебску з’явіўся яшчэ адзін “фестываль у фестывалі” — свята харавой музыкі “Славянскі дабравест”.

— Ён атрымаўся не такім маштабным, як мы яго задумвалі: сабраліся пяць беларускіх калектываў. Але вельмі важна, каб на “Славянскім базары” было прадстаўлена як мага больш розных відаў мастацтва, каб мы скіроўвалі фестываль, у тым ліку, і ў духоўнае рэчышча. Бо мы павінны выхоўваць людзей на лепшай класічнай, духоўнай культуры. Усё астатняе да яго і так дадасца — само сабой.

— Харавая музыка — гэта цудоўна. Але калі будзе прадстаўлена толькі праваслаўная канфесія, ці не перашкодзіць гэта самой ідэі яднання народаў, што пазіцыянуецца на гэтым фестывалі? Бо сюды збіраюцца прадстаўнікі розных веравызнанняў, дый сярод уласна славян ёсць тыя ж каталікі.

— Мы думалі пра гэта. Але сёлетні праект быў пілотным, на яго падрыхтоўку заставалася літаральна тры-чатыры месяцы. Мы будзем яго развіваць. Паглядзім, як ён сябе зарэкамендаваў, якія на яго водгукі, і прымем рашэнне, дзе праводзіць наступным разам. Магчыма, ён увогуле не будзе прывязаны непасрэдна да царквы, зменіць пляцоўку. Гэта можа быць харавая музыка ва ўсёй палітры сваіх жанраў, але відавочна, што такі складнік толькі ўзбагаціць фестываль.

— Як будуць развівацца “Тэатральныя сустрэчы”?

— Вядома, усё завязана на эканамічнай эфектыўнасці. Мы не ставім перад сабой задачу абавязковай камерцыйнай выгады, але павінна быць акупнасць усіх праектаў. Калі вы звярнулі ўвагу на сёлетнюю праграму, дык не маглі не адзначыць, што мы максімальна намагаліся адысці ад антрэпрыз. Але ж антрэпрызы таксама могуць быць рознымі! Узгадайце сёлетнюю прэс-канферэнцыю з артыстамі спектакля “Кадрыля”. На пытанне журналістаў: “Ці не сорамна вам прывозіць антрэпрызу? Гэта ж малакультурнае відовішча!” адзін з удзельнікаў спектакля адказаў: “Вы думаеце, двое народных і двое заслужаных артыстаў будуць вам на сцэне гнаць туфту?”. Тут таксама можна задумацца. Бо сёлетняя антрэпрыза была папраўдзе высакакласнай. Так, мы імкнёмся запрашаць рэпертуарныя тэатры, але ў іх адразу пачынаюцца пытанні наконт транспарту, іншых праблем. Так што на сёння адназначна магу сказаць толькі адно: “Тэатральныя сустрэчы” на “Славянскім базары ў Віцебску” захаваюцца абавязкова — гэта добрая фішка, якая прыцягвае гледачоў.

— Тым больш, што кіно з гэтага фестывалю сышло. Часова ці назаўжды? Бо Дні карэйскага кіно, якія сёлета ўжо ў трэці раз праводзіліся ў час “Славянскага базару ў Віцебску” пры падтрымцы Амбасады Рэспублікі Карэя ў Беларусі, усё ж знаходзяцца па-за афіцыйнай праграмай форуму.

— У кіно ўсё вельмі складана па аўтарскіх правах, па пракатнай дзейнасці. Сёлета мы думалі зрабіць нейкую акцыю з “Беларусфільмам”, ды штосьці не склалася ў нас арганізацыйна: нашы прапановы не знайшлі падтрымкі. А везці проста абы-што, зразумела, не хочацца. Увогуле, думаю, ад кіно мы адмовімся. Бо кінаафіша ў Віцебску настолькі перапоўнена цягам усяго году, што нагружаць яе яшчэ і ў час гэтага маштабнага фестывалю, дзе на некалькіх пляцоўках адначасова ладзяцца цікавыя імпрэзы, магчыма, не мае сэнсу. Але калі везці штосьці глабальна крутое, дык можна і падумаць. Да прыкладу, гэта могуць быць нейкія open-air, асабліва прыцягальныя для моладзі. Мы вельмі хочам, каб у нас з’явіўся кінатэатр пад адкрытым небам — на “Славянскім базары ў Віцебску”.

— У Мінску ўжо некалькі гадоў запар намаганнямі праекту “Сінемаскоп” і Асацыяцыі маладых беларускіх кампазітараў пры Саюзе музычных дзеячаў ладзіцца open-air фестываль нямога кіно і сучаснай музыкі: да стужак пачатку ХХ стагоддзя маладыя музыканты складаюць музыку і выконваюць яе жыўцом у час дэманстрацыі фільма.

— Так, гэты праект атрымаў добры розгалас, праходзіў таксама ў абласных цэнтрах і замежжы — добра было б працягнуць штосьці падобнае і на нашым фестывалі.

— Разам з тым, канцэртаў у Амфітэатры (пад напалову адкрытым небам, бо там ёсць дах, ды няма сцен) сёлета стала менш. А вось у закрытай прасторы — у той жа Канцэртнай зале “Віцебск” — паболела. Складанасці з запаўненнем “стадыённых пляцовак”?

— Запаўняць Летні амфітэатр зусім няцяжка. Але навошта праводзіць там тыя канцэрты, што патрабуюць больш цёплай атмасферы? Канцэрты, якія ўжо паводле сваёй стылістыкі, абраных жанраў не суадносяцца са “стадыёнам”, мы паставілі ў Канцэртную залу “Віцебск”. І як шыкоўна яны там прайшлі!

— Больш стала разнастайных выстаў. Гэта таксама свядомая ўстаноўка ці збег абставін?

— Задача была — задзейнічаць пад выставыі ўсе магчымыя прасторы: прэс-цэнтр, абодва фае залы “Віцебск”, “Духаўскі круглік”, мастацкі і краязнаўчы музеі. Выставы ў спалучэнні з іншымі фестывальнымі імпрэзамі ствараюць неабходную атмасферу.

— Ці чакаць на “Славянскім базары ў Віцебску” нейкіх глабальных перамен? Магчыма, не адразу, але ў будучыні.

— Глабальныя змены рабіць на “Славянскім базары” нельга, бо можна страціць асаблівую, незвычайную аўру гэтага фестывалю, якой ён славіцца. Але ўвесь час будуць з’яўляцца новыя праекты, ён будзе развівацца.

— А як будзе развівацца сам фестывальны рух? На сёлетнім “Славянскім базары” адбылася шостая па ліку Міжнародная канферэнцыя арганізатараў фестываляў “Фестывальны рух. Традыцыі і інавацыі”. Можаце агучыць вынікі гэтага закрытага пасяджэння?

— Мы вельмі плённа працавалі цягам трох гадзін, абмеркавалі шмат пытанняў. І вырашылі, што на тэрыторыі Беларусі будзе рэгістравацца новая грамадская некамерцыйная арганізацыя, якая стане штаб-кватэрай усіх міжнародных фестываляў. Яна не будзе падобная ні да FIDOF — Міжнароднай федэрацыі фестывальных арганізацый, ні да WAF — Сусветнай асацыяцыі фестываляў, да якіх “Славянскі базар у Віцебску” належаў раней. Пакуль што яе працоўная назва — Міжнародны цэнтр фестываляў і конкурсаў. Бюджэт будзе фарміравацца за кошт узносаў. Павінна атрымацца штосьці накшталт грандыёзнага прадзюсарскага цэнтра — міжнароднага і транскантынентальнага, які пачне займацца прадакшанам, грандыраваннем удзельнікаў, рэкламай: адзіны рэкламны пакет будзе распаўсюджвацца на мноства краін. Ідэй шмат, мы адкрыты для любых прапаноў.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"