Ціхая плынь з рэдкімі ўсплёскамі

№ 31 (1418) 03.08.2019 - 10.08.2019 г

Чаму вынікі тэатральнага сезону не выклікаюць аптымізму?
Агульнае адчуванне ад сезону 2018—2019 — нетаропкая хада на месцы. У гэтай ціхай плыні часам здараюцца ўсплёскі, праўда праяўляюцца яны хутчэй насуперак, чым дзякуючы сітуацыі, што склалася ў айчынных тэатрах. Прышчэпка творчасцю ў выглядзе міжнародных фестываляў і праекта TheatreHD многіх рэжысёраў чамусьці не актывізуе. Частка прэм’ер увогуле нагадвае машыну часу, быццам і не было ў мастацтве апошніх двух дзясяткаў гадоў са знаходкамі, дасягненнямі і пошукамі новых падыходаў да раскрыцця ідэі.

/i/content/pi/cult/756/16357/32f07e99c1b34bf6e505e2_opt.jpegЗрабіць выгляд, што не прыкмячаем?

Беручыся за гэты тэкст, я разумела, што кожная з абраных праблем мусіць быць падставай для асобнага матэрыялу. Аднак не хочацца праз драбленне пытанняў змікшыраваць агульныя сумныя тэндэнцыі, якія яскрава праявіліся за гэты сезон. Галоўная болевая кропка — захаванне пераемнасці тэатральных пакаленняў.

Возьмем мастакоў-пастаноўшчыкаў. Яшчэ не так даўно асноўныя лаўры за дзівосную сцэнаграфію, якая заўсёды трапляе ў яблычак задумы, даставалася выключна Таццяне Нерсісян. Творца і зараз не збаўляе абароты і працягвае ствараць свае адмысловыя сусветы.

У спектаклі “Хлопчык, які плаваў з піраннямі” Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек яна змагла ўтаймаваць трысцінавую сістэму — тую форму, ад якой у 80—90-х гадах мінулага стагоддзя беглі, як ад жудаснай архаікі. Спадарыня Нерсісян выпусціла на сцэну амаль чатыры дзясяткі запамінальных лялек, стварыла для іх найскладаны трансформер, у якім кожны раз нечакана ўзнікаюць новыя пляцоўкі для дзеяння. Іншай яна паўстала ў спектаклі “Пушкін. Вельмі маленькія трагедыі”, дзе прыдумала для класічных вобразаў нестандартны візуальны шэраг. А для драматычнага спектакля Аляксанра Янушкевіча “Вартавыя Тадж-Махала” ў сваёй бадай самай мінімалістычнай сцэнаграфіі мастачка стварыла прастору, у якой надзвычай фактурна праявілася душэўная катастрофа персанажаў.

Прыемна бачыць вынаходніцкія працы іншых карыфееў. Алена Ігруша для “Палявання на сябе” ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі прапанавала сумесь рэалістычнага з псіхапатычным, праводзячы гледача праз паваленае сіняе дрэва ў расхістаны ўнутраны стан галоўнага героя. Уразілі арыгінальныя касцюмы і колеравае вырашэнне дэкарацый да дзіцячага балета “Джэймс і Персік-велікан” Любові Сідзельнікавай: тот выпадак, калі спектакль злёгку можа паспрачацца з галівудскімі кінаказкамі.

Цяпер жа вырастае моладзь, што сямімільнымі крокамі набліжаецца да больш вопытных калег. На вачах мацнее Кацярына Шымановіч, якая летась выпусцілася з Акадэміі мастацтваў. Часцей яна працуе на камерных сцэнах, сваім прыкладам даказваючы, што нават пры мінімальных сродках у не зусім прыстасаваным памяшканні можна стварыць дэкарацыі, у якіх хочацца смакаваць кожную дэталь. Такім геаметрычна-рытмічным быў яе спектакль “Убачыць ружовага слана” ў тэатральным праекце HomoCosmos. Напрыканцы сезона ёй у суаўтарстве з Сяргеем Ашухам даверылі вялікую сцэну Купалаўскага тэатра. Містычна-прыцягальная сцэнаграфія “Шляхціца Завальні, або Беларусі ў фантастычных апавяданнях” стала для дадзенай прэм’еры вызначальнай.

Праўда, у мяне застаецца рытарычнае пытанне: чаму такога перспектыўнага сцэнографа, як Кацярына, якая пацвердзіла свой талент шматлікімі пастаноўкамі і прэміямі, не запрасіў у штат на паўнавартасную пасаду мастака ні водны з тэатраў? Вось і атрымліваецца: спачатку наракаем, што дзесьці за мяжой больш крутыя за нашых спецыялісты, а як з’яўляецца сапраўдны талент, які можа стаць сімвалам творчага пакалення, дык мы за яго і не чапляемся. Павырошчваем калі-небудзь яшчэ?

Свой калідор

Нас вучылі: рэжысёр выбірае п’есу, каб пастаноўкай выказаць сваё стаўленне да праблем, што хвалююць грамадства. Аднак прыходзіш на прэм’еру за прэм’ерай, а замест актуальнага выказвання часцей сустракаеш чарговую прэсную камедыю ці меладраматычную гісторыю, якая мае мала агульнага з тым, што хвалюе ўдумлівага гледача. Так, я памятаю пра план напаўняльнасці залы, пра цэйтнот з выкананнем платных паслуг. Аднак ці нельга ў жорстка вызначаным калідоры знайсці магчымасць для шчырай гаворкі з публікай?

Адно з самых моцных уражанняў сезона - “Вартавыя Тадж-Махала” Аляксандра Янушкевіча. На пляцоўцы “АРТ Карпарэйшн” на Кастрычніцкай спадар Янушкевіч уцягнуў аўдыторыю ў развагі над класічным выбарам паміж сумленнем і кар’ернымі памкненнямі. Камерны спектакль стаў вострым выказваннем пра тое, як ніводная мэта не можа быць апраўданая агіднымі сродкамі.

У былым заводскім цэху, што зараз адышоў культурнаму хабу ОК16, перахапляла дыханне ад харэаграфічнага “Паветра” Вольгі Лабоўкінай. Танцавальны спектакль па глыбіні раскрыцця тэмы, па колькасці адсылак да розных відаў мастацтва, па шматслойнасці асацыяцый узышоў на вышэйшую за многія айчынныя спектаклі — не толькі ў харэаграфіі, але і ў драме — прыступку. І тут ізноў занудліва запытаю: чаму спадарыню Лабоўкіну не запрашаюць у нашы музычныя тэатры, чаму не ўключаюць гэтую пастаноўку ў межы таго ж “Балетнага лета”? Чаму дзяржаўныя пляцоўкі не падхопліваюць свае таленты, якія, да слова, нарасхват за мяжой?

Магчыма, тэатрам прасцей працаваць з прадказальнымі пастаноўшчыкамі. Эксперымент - гэта заўсёды рызыка, што нешта не атрымаецца. Хтосьці рашаецца на новае - і выйграе. Так, ТЮГ запрасіў украінскага рэжысёра Аляксандра Баркара - і імгненна ўзляцеў у рэйтынгах тэатральнай грамады і звычайных гледачоў. Творца ўзяў да пастаноўкі кнігу сучасных беларускіх аўтараў Яўгеніі Пастэрнак і Андрэя Жвалеўскага, што само па сабе ўжо для нашай прасторы дасягненне (часцей для дзіцячай аўдыторыі выбіраюцца заезджаныя казкі). Спектакль “Паводле мёртвых душ” не толькі злавіў хайп на моладзевых тэмах: падлеткі нарэшце пабачылі, што і ў тэатры можа адбывацца нешта для іх цікавае.

РТБД пазнаёміў айчынных тэатралаў са Стасам Жырковым. У мяне застаўся шэраг пытанняў да яго “Палявання на сябе”, аднак не магу не прызнаць: спектакль атрымаўся відовішчным і шматпланавым. Дарэчы, папулярны ўкраінскі рэжысёр так увайшоў у смак, што паралельна з “Паляваннем…” выпусціў яшчэ адну прыкметную пастаноўку - “Гэта мы” па Андрусю Горвату. Аднак ці многія тэатралы з прафесійных колаў дайшлі паглядзець Баркара і Жыркова?

Нікога не бачу, нічога не чую, нікому не скажу

Усмактваць нязвыклы для сябе вопыт можна не толькі праз спектаклі запрошаных рэжысёраў. У краіне ладзяцца міжнародныя тэатральныя фестывалі “Белая вежа” і “М@рт.кантакт”, Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў “АРТ Карпарэйшн” штогадова ўсімі магчымымі спосабамі збірае разнастайную міжнародную праграму для фестывалю “ТЭАРТ”, а таксама канцэнтруе ў адной прасторы лепшыя айчынныя пастаноўкі мінскіх і несталічных тэатраў, дзе дакладна можна паглядзець тое, да чаго сам не даедзеш.

Дырэктар фестывалю Анжаліка Крашэўская ладзіць лекцыі з топавымі тэатральнымі людзьмі. Напрыклад, увосень можна было паслухаць зусім непублічнага, таленавітага драматурга Паўла Пражко, знакамітую тэатразнаўцу Марыну Давыдаву, расповед акцёраў Новасібірскага акадэмічнага тэатра “Чырвоны факел” пра стварэнне ўнікальнага спектакля на мове жэстаў “Тры сястры” - пастаноўкі, што перавярнула маё ўяўленне пра магчымасці сцэнічнага мастацтва і ўзровень моцы выказвання.

Мала падстаў для ўзняцця свайго ўзроўню нагледжанасці, маўляў, фестывалі бываюць раз на год? Той жа “АРТ Карпарэйшн” прывёў у Беларусь міжнародны праект TheatreHD. Чацвёрты год запар на кінаэкранах можна глядзець прамую тэлетрансляцыю ці якасны запіс лепшага, што сёння ідзе на сусветных тэатральных пляцоўках.

Здаецца, усе перадумовы для ўзлёту тэатральнага мастацтва да новых вяршынь у нас створаны. Чаму тады ў сезоне безліч прэм’ер, як я ўжо казала, быццам перанесеных на машыне часу з 80-х? Спектакляў, на якіх усё і так зразумела, таму нават разбіраць не хочацца. Нехта больш прафесійна і моцна збірае пазл, іншы шчыра робіць камерцыйны праект, аднак агульны стан апошняга сезону можна ахарактарызаваць, як чаканне. Спадзяешся, раптам штосьці адбудзецца, але гэтага не здараецца.

У тэатры, як у любой вытворчасці, адбываюцца зрухі, калі ёсць канкурэнцыя паміж творцамі, калі ў патыліцу мэтрам дыхае моладзь. У гэтым сезоне моладзі амаль не атрымалася ўзрушыць завядзёнку. Выпускнікі Мікалая Пінігіна адзін за адным выпусцілі пастаноўкі ў Купалаўскім, аднак падзеяй іх наўрад ці можна назваць. Юнацкім задорам патыхала толькі ад незалежнага спектакля “Джыма Морысана няма”, якую Ліза Машковіч разам з іншымі выпускнікамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў паставіла ў культурным хабе Ок16. Няхай “Морысан” не зусім дасканалы, аднак магчымасць гаварыць пра тое, што хвалюе саміх, памкненне адшукаць небанальны ход для ўвасаблення вобраза дапамагло маладым рэжысёрам стварыць жывую гісторыю, якая знаходзіць водгук у мэтавай аўдыторыі.

Прызначыць вінаватага

Калі нешта не атрымліваецца, можна працаваць над сабой. А можна шукаць вінаватых у бліжэйшым прафесійным асяродку, каб перанесці свае недасканаласці на чужыя плечы. І вось тут вінаватым прызначаюць… крытыка.

Нельга сказаць, што на тэатразнаўцаў раней не крыўдавалі. Аднак у апошнія гады набірае абароты сітуацыя, калі пасля выхаду артыкула на крытыка накідваюцца з абвінавачваннямі. Магчыма, праблема вырасла з усё тых жа сацыяльных сетак, якія ствараюць адчуванне ўсёдазволенасці. Крытык узважвае кожнае слова падчас напісання рэцэнзіі, падбірае факты і праводзіць паралелі, каб аргументаваць свае высновы. А пакрыўджаны на адсутнасць радаснага пляскання ў далоні рэжысёр — маўляў, каштоўны сам факт з’яўлення спектакля — у лепшым выпадку у чарговы раз цябе адфрэдзіць, а можа і пачаць, ні многа, ні мала, абвінавачваць у непрафесійнасці. Яго не хвалюе, што знаўца рэцэнзаваў толькі спектакль, як канчатковы прадукт сумеснай дзейнасці калектыву. Раз’юшаны творца лёгка пераходзіць на асобу і прыпомніць табе у публічнай прасторы ўсіх тваіх родзічаў да сёмага калена.

Не дзіва, што ўсё менш крытыкаў публікуюць разбор спектакляў. Вы заўважалі, на добрую пастаноўку выходзіць шмат хвалебных водгукаў, а на менш удалы праект у інфармацыйнай прасторы цішыня? Гэта неправільна, бо толькі аналіз памылак дапамагае ўзняцца над недахопамі і зрабіць на прафесійным шляху крок наперад. У Беларусі і так недастаткова пляцовак, на якіх можна было б прачытаць пра тэндэнцыі ў мастацтве. Аднак не ўсім хапае сілы кожны раз тлумачыць незадаволеным, што крытыкі - не рэкламшчыкі працы тэатра. І яны не абавязаны хваліць дзеянне толькі з-за таго, што яго паклікалі на прэс-паказ.

Калі на мяне ў сацсетках нападае глядачка з выразамі “дамачка, а вы хто?”, я ўсміхаюся. Ну што ўзяць з фанаткі, якая не бачыць нічога, акрамя аб’екта абажання, і таму не можа рацыянальна ацаніць убачанае на сцэне. Аднак калі амаль у такіх жа выразах пачынаюць накідвацца калегі старэйшага пакалення ці людзі тэатра, становіцца сумна. Я б увяла ў спіс факультатываў творчых ВНУ прадмет “Узаемаадносіны творцы і рэцэнзента, або Як навучыцца ўспрымаць крытыку”. Магчыма, усім было б лягчэй.

Хто застанецца?

І ўсё ж крытыкі з-за сваіх прафесійных патрабаванняў толькі назіраюць за працэсам. А што застаецца рабіць пры такім раскладзе тым, хто ўнутры? Акцёры, якія засумавалі па сапраўднай працы, пачынаюць шукаць глыток творчага паветра па-за сценамі роднага тэатра. Актрыса Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Святлана Цімохіна займаецца агучкай фільмаў і ўдзельнічае ў спектаклях прыватнага тэатра. А так бы хацелася пабачыць таленавітага майстра ў новых ролях кшталту шыкоўнага “Інтэрв’ю з вядзьмаркамі”. Народную артыстку Беларусі Бэлу Масумян таксама не шмат задзейнічаюць у родным Тэатры імя Максіма Горкага. Сёлета мы змаглі атрымаць асалоду ад яе чароўнай гульні дзякуючы дыпломнаму праекту Віталіны Бідзюк “Аскар і Ружовая дама”. Купалаўская актрыса Марта Голубева толькі ў спектаклі Юры Дзівакова “Песня песняў” нарэшце змагла змяніць амплуа, пра што адразу загаварылі ў тэатральнай суполцы.

Вядомы ўсім Іван Трус пасля сыходу з Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра Саўлюса Варнаса перабраўся ў Купалаўскі тэатр. Відавочна, гэта самы ўдалы выпадак за апошні час, бо Трусу ўдалося ролямі ў прыватным спектаклі “Убачыць ружовага слана” і ў купалаўскім “Шляхціцы Завальні” гучна заявіць пра сябе. Спадзяюся, яму пашчасціць з праектамі і надалей. Бо на вачах сумны прыклад, як таленавітаму купалаўцу Аляксандру Казела не знаходзіцца роляў у адпаведнасці з магчымасцямі яго таленту. Ці гісторыя выдатнага Алеся Малчанава, якому пасля сыходу з Купалаўскага ўдаецца выйсці на сцэну толькі ў прыватных пастаноўках…

Аднак куды больш сумная гісторыя з таленавітымі рэжысёрамі, якіх любіць публіка, адзначаюць крытыкі і журы ўсіх магчымых фестываляў, у тым ліку Нацыянальнай тэатральнай прэміі. Пладавіты рэжысёр Юра Дзівакоў, які за сезон паставіў некалькі спектакляў па беларускіх гарадах і атрымаў Нацпрэмію ў якасці лепшага рэжысёра тэатра лялек, да гэтага часу не мае свайго тэатра. Выбітны Яўген Карняг, чыі “Бетон”, “Сёстры Граі” і “Інтэрв’ю з вядзьмаркамі” ўзрывалі тэатральную прастору, у гэтым сезоне працуе па-за межамі краіны. Увосень мы чакаем яго сумесную з Кацярынай Аверкавай пастаноўку ў РТБД, аднак пытанне, чаму надзвычай запатрабаваны творца ў сваёй краіне быццам і не патрэбны, гэта не вырашыць.

Сышоў з Цэнтра беларускай драматургіі Аляксандр Марчанка - рэжысёр, пастаноўкі якога заўсёды выклікаюць рэзананс. Без сваёй пляцоўкі працягвае круціцца Вячаслаў Іназемцаў. Тэатр “ІнЖэст” пад яго кіраўніцтвам дорыць сваім прыхільнікам прэм’еры. Аднак той жа эфектны “Генэзіс, ці Паходжанне відаў” то забаранялі супрацоўнікі супрацьпажарнай службы, то яго проста немагчыма знайсці ў зводнай сталічнай афішы.

Канец сезона ўвогуле прымушае цягнуцца за валідолам. Забраў працоўную кніжку з Маладзёжнага тэатра знакаміты акцёр, драматург, рэжысёр Дзмітрый Багаслаўскі. Спадар Дзмітрый пракаментаваў “К” гэтую сітуацыю: “Я быў не згодны з мастацкай палітыкай генеральнага дырэктара тэатра. Мне падаецца, шлях да спрашчэння рэпертуару вядзе да падзення мастацкага ўзроўню, аддаленню тэатра ад сваёй сутнасці. У сувязі з гэтым я восенню выйшаў са складу мастацкага савета тэатра і заявіў пра свой сыход. Я ўдзячны за асабістую ініцыятыву групе артыстаў, якія спачатку вусна на сходзе калектыву, а пасля і пісьмова, звярнуліся да дырэктара з просьбай разгледзець маю кандыдатуру на пасаду мастацкага кіраўніка тэатра. Глыбока ўдзячны за гэты давер! Аднак просьба большай частцы творчага калектыву не знайшла водгук у кіраўніцтва”.

Пра тое, што пакідаюць пасады галоўнага рэжысёра, абвясцілі тытулаваныя Аляксандр Янушкевіч і Ігар Казакоў. Флагманы сучаснага тэатра лялек, рэжысёры, якія маюць бясспрэчны ўплыў на мастацтва. Спадар Янушкевіч растлумачыў аглядальніку “К” сваё рашэнне так: “На вялікі жаль, мае спадзяванні наконт магчымасцяў новага адліку ў жыцці тэатра ў новым будынку не спраўдзіліся. Не хачу думаць пра сябе, што жыву ў ілюзіях, бо ўсё ж бачыў тэатры жывыя, дзе дбаюць пра заўтрашні дзень, дзе не жывуць кароткатэрміновым адрэзкам. Запрасіць моцнага рэжысёра, каб паставіў добры спектакль, а потым закрываць ім дзіры на фестывалях, яшчэ не усё. Патрэбна праца з трупай, з гледачом. Вялікая частка нашых функцыянераў наогул слаба уяўляе сабе, што такое тэатр, яго задачы, мэты, развіццё. Мае ініцыятывы “сыходзілі ў пясок”. Апошняй кропляй сталася ігнараванне дамоўленасцяў. Я не магу и не хачу адказваць за чужыя памылкі”.

Упэўнена, рэжысёры знойдуць сабе. Янушкевіч запатрабаваны ў тэатрах лялек краін-суседак, у Казакова ўжо ёсць як мінімум адна пацверджаная прэс-рэлізам прапанова на пастаноўку, Багаслаўскі збіраецца паставіць у новым сезоне два спектаклі і плануе пабачыць чатыры пастаноўкі сваіх п’ес і іх адаптацый. А вось іх былыя калектывы страцілі постаці, якія рабілі гэтым тэатрам імя. Ці не занадта мы раскідваемся сваімі талентамі?

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"