Ганна і гукі свету

№ 31 (1418) 03.08.2019 - 10.08.2019 г

Пайшла з жыцця беларуская кампазітар, арганістка, педагог Ганна Кароткіна. Згасла імгненна, раптоўна, бы зорка, што падае з неба.

/i/content/pi/cult/756/16356/Korotkina_opt.jpegЯна адной з першых зразумела і, галоўнае, прыняла новыя ўмовы існавання творчай асобы ў сучасным свеце: калі ты сам не будзеш “прасоўваць”, неяк рэкламаваць сваё мастацтва, прыпадносіць яго ў добра “запакаваным” выглядзе, ніхто не зробіць гэта за цябе. Некаторыя яе калегі нават наракалі ёй за такую актыўнасць: маўляў, кампазітар павінен быць больш сціплым. Але ў яе заўсёды бурліў нейкі ўнутраны “маторчык”, арганізацыйныя ідэі ўзнікалі адна за адной.

Некаторы час яна была негалосным намеснікам — практычна правай рукой тагачаснага старшыні Беларускага саюза кампазітараў Ігара Лучанка. Нават праводзіла з ім сумесную аўтарскую вечарыну, дзе гучалі творы абодвух кампазітараў розных пакаленняў і былі асабліва відавочны рысы пераемныя і адрозныя. Ад Андрэя Мдзівані, у якога заканчвала Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі па класе кампазіцыі, Ганна пераняла працэсуальнасць разгортвання музычнай тканіны. Ад Дзмітрыя Смольскага, свайго кіраўніка асістэнтуры-стажыроўкі, — прагу да найноўшых музычна-выразных сродкаў, якую, ужо будучы членам Асацыяцыі сучаснай музыкі нашага Саюза кампазітараў, замацавала падчас стажыроўкі ў Варшаве. А першай вышэйшай адукацыяй за яе плячыма стала эстрадна-сімфанічнае дырыжыраванне ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў.

Добра разумеючы важнасць прафесійнай падрыхтоўкі (дарэчы, Г.Кароткіна была членам Міжнароднай асацыяцыі “Мастацтва і адукацыя”), не проста выкладала ў самых розных музычных установах, уключаючы дзіцячую музычную школу, выступала на шматлікіх навукова-практычных канферэнцыях па пытаннях педагогікі і духоўнага, мастацкага выхавання, але і зладзіла кампазітарскі конкурс для юных музыкантаў “Новыя гукі свету”, паспеўшы правесці яго восем разоў. Так што грант і прэмію Мінгарвыканкама за распрацоўку праекта, скіраванага на развіццё музычных здольнасцей навучэнцаў, яна атрымлівала невыпадкова.

Тэматычнае кола яе ўласных твораў няцяжка прасачыць ужо па назвах кампазіцый: “Сафійскі сабор” для фартэпіяна, аргана і аркестра, “Грунвальд” для аргана і ўдарных, адзначаны прэміяй Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, непастаўлены балет “Князь Альгерд” на ўласнае лібрэта, духоўныя кантаты “Стих покаянный”, “Молитва во скорбии”, “Кніга Іова”, “Эклезіяст”, “Кніга Наракацы” і безліч духоўных хораў, фартэпіянныя “Званы Чарнобыля”, “Старадаўні Полацк”, “Біблія Скарыны”, “Беларускі куфар”, “Марк Шагал”, “Легенда пра караля Стаха” (гэты твор быў абраны ў якасці аднаго з абавязковых на Міжнародным конкурсе піяністаў “Мінск-2000”), арганныя сюіты “Фрэскі”, “Францыск Скарына”, “Гальшаны”, “Песня да Святой Еўфрасінні” (дарэчы, увесну ў Польшчы была абаронена навуковая праца “Арганная творчасць Ганны Кароткінай”). Пісала яна і ўласна песні, у тым ліку дзіцячыя.

Выхоўваючы сына і працуючы з дзецьмі і моладдзю, яна разумела, што новае пакаленне прагне візуальнасці. І плённа працавала ў галіне музычных перформансаў, створаных для акцёра-чытальніка і камерных ансамбляў розных складаў з абавязковым уключэннем ударных. Першая такая спроба — “Песні Басё” — спачатку была названа, паводле традыцыі, вакальным цыклам.

Пазней у абраным кірунку былі створаны “Мора” на вершы Таццяны Мушынскай, “Песня волі” паводле “Сымона-музыкі” Якуба Коласа, “Маналогі душы” на словы Марка Шагала.

Цяпер яе душа на нябёсах. Але яе памятаюць паўсюль, дзе яна выступала і дзе гучала яе творы — ад Францыі ці Чэхіі да Кітая. А ў інтэрнеце кожны знойдзе яе блог, каб паслухаць (і ўбачыць!) яе творы нанова.

Надзея БУНЦЭВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"