На культурным абшары

№ 31 (1418) 03.08.2019 - 10.08.2019 г

З1 ліпеня ў Нацыянальным мастацкім музеі адбылося падпісанне дамовы аб супрацоўніцтве паміж нашай нацыянальнай скарбніцай з аднаго боку і Дзяржаўным музеем мастацтва Узбекістану, а таксама Дзяржаўным музеем прыкладнога мастацтва і гісторыі рамесніцтва гэтай краіны — з другога.

/i/content/pi/cult/756/16354/4.jpgНаш музей прадстаўляў ягоны генеральны дырэктар Уладзімір Пракапцоў, музейную супольнасць Узбекістана — Васіла Файзіева і Ісмат Юсупаў. Ва ўступным слове спадар Пракапцоў адзначыў важнасць партнёрскіх стасункаў музейных устаноў на еўразійскай прасторы для захавання і развіцця культурнага патэнцыялу, які мы прынялі ў спадчыну ад эпохі, калі народы краін Садружнасці складалі адзіную дзяржаву і, адпаведна, мелі адзіную інтэлектуальна-культурную прастору. Дамова паміж беларускім і узбекскімі музеямі стварае, у прыватнасці, магчымасці абмену спецыялістамі і тэхналогіямі. Да прыкладу, узбекскім калегам можа аказацца прыдатным досвед беларускіх рэстаўратараў жывапісу, а нам будзе не лішнім павучыцца ва ўзбекскіх рэстаўратараў керамікі. Ішла гаворка і пра абмен выставамі.

Дырэктар Дзяржаўнага музея прыкладнога мастацтва Узбекістану Ісмат Юсупаў адказаў на некаторыя пытанні нашага карэспандэнта. Ён адзначыў, што правядзеннё Дзён культуры Узбекістана ў Беларусі — падзея увогуле знакавая, а для музейшчыкаў гэта яшчэ і магчымасць пабачыць як агульныя для іх сферы праблемы вырашаюць беларускія калегі. Спадару Юсупаву падаецца плённай ідэя стварэння ў беларускай сталіцы цэлага “музейнага квартала” вакол гістарычнага будынка Нацыянальнага мастацкага музея — інакш кажучы, стварэння сучаснага культурнага ландшафту на гістарычным аб’екце. Гэта досвед, які можна перанесці і на ўзбекскую глебу.

Наш госць нагадаў, што ва Узбекістане прыярэтам дзяржаўнай культурнай палітыкі з’яўляецца развіццё нацыянальнага мастацтва. Гэта значыць, што пры фармаванні музейных калекцый перавага аддаецца сваім аўтарам, але паколькі краіна адкрыта свету, не абыходзяць ўвагаю і замежных майстроў.

Як прыклад — сусветна вядомы Музей імя Ігара Савіцкага, дзе сабрана цудоўная калекцыя рускага і туркестанскага авангарду, і дзяржава робіць ўсё магчымае, каб музей развівуаўся.

Ва Узбекістане ёсць цівакасць не толькі да тых агульных культурных каранёў, што маюць народы краін Садружнасці, а і да таго, што адбываецца ў мастацтве гэтых краін зараз. Як спецыяліст па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве спадар Юсупаў нагадаў, што, пачынаючы з другой паловы мінулага стагоддзя ва Узбекістане нават народнае мастацтва змяняла сваё аблічча пад уплывам кантактаў з іншымі народамі СССР. І тэндэнцыя гэта мае працяг і сёння ў суверэннай краіне. Увогуле, на культурным абшары межаў няма.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"