“Мы прызвычаіліся жыць самастойна”

№ 30 (1417) 27.07.2019 - 02.08.2019 г

Наша размова з Алегам РУДАКОВЫМ пачынаецца з відавочнага — з тэмы адлегласці. Ён прыляцеў з Іркуцка, а да Мінска адтуль — каля шасці тысяч кіламетраў. Розніца ў часе — пяць гадзін, і калі ў нас вечаровы змрок, там ужо віднее. Адаптавацца арганізму няпроста. Тым не меней, гэты далёкі край прынамсі гадоў 450 звязаны з нашай гісторыяй. Беларусы былі сярод першых каланізатараў Сібіры і потым цэлымі хвалямі туды траплялі — самахоць ці міма сваёй волі. Сотні вёсак у Прыбайкаллі заснаваныя выхадцамі з нашых мясцінаў! Але гэта — толькі гістарычны бэкграўнд: дзе нашы не прападалі? Галоўнае тое, што беларускі рух у Іркуцку сёння можна лічыць сапраўдным феноменам. Уласна, ён і стаў нагодай для гутаркі з бадзёрым нават у дажджлівы панядзелкавы ранак актывістам.

/i/content/pi/cult/755/16351/23.JPG— Праблема, якая хвалюе беларускія суполкі ва ўсім свеце, — як перадаць нацыянальную свядомасць наступным пакаленням эмігрантаў, што выраслі ўжо на іншай глебе?

— У нашым гурце “Крывічы” толькі я адзін нарадзіўся ў Беларусі, на Полаччыне. Астатнія 12 удзельнікаў — беларусы Сібіры. Старшыня клуба з такой самай назвай Воля Галанава — сібірская беларуска ўжо ў трэцім пакаленні: яе прадзядулі ды прабабулі перабраліся туды хто ў сталыпінскую рэформу, а хто ў 1920-я. Але паслухайце, як цудоўна яна гаворыць на роднай мове! Памятаю, на “Славянскім базары” віцебскія тэлевізійшчыкі доўга не давалі веры, што гэтая дзяўчына прыехала ў Беларусь упершыню.

— На фота з вашых імпрэз я бачыў вельмі шмат маладых твараў — што для беларускай дыяспары, на жаль, не завядзёнка.

 — Заахвоціць людзей аднымі толькі настальгічнымі ўспамінамі пра Беларусь немагчыма — а многія нашы суполкі выключна іх і прапануюць. Сабрацца на якое свята, клёцак нагатаваць, пагаманіць — гэта, вядома, добра. Але ці выпадае здзіўляцца, што моладзь туды не зацягнеш? Ёй там проста няма чаго рабіць.

— А як вам удаецца яе завабіць?

— Праз інтэрактыў. На наша Купалле збіраецца да 350 чалавек. Прыходзяць і бураты, і рускія… У 1996-м, калі мы пачыналі, было добра калі паўсотні — і ніхто тады не верыў, што імпрэза датрывае да раніцы! Але калі мы ўсе ўключаемся ў працэс, сумаваць ужо не даводзіцца. Вогнішча, карагод, скокі, пошук папараць-кветкі — поўнае занурванне ў сівыя часіны!

— Якім чынам вы тлумачыце выхадцам з беларускіх земляў, што яны — прадстаўнікі сваёй адметнай культуры?

— Я з такой нагоды люблю прыводзіць жартоўныя прыклады. Скажам, калі наш хлопец назаве дзяўчыну “зязюляй” або “журавіначкай”, тая адразу растае. А калі рускі назаве рускую “кукушкой” ці “клюквой”, дык заробіць поўху. І ўдумліва асэнсаваўшы народны менталітэт, які праявіўся і ў міфалогіі, і ў самой нашай мове, ты разумееш, што гэтыя сэнсавыя адрозненні невыпадковыя.

Дарэчы, беларускія вёскі ў Сібіры можна пазнаць з першага погляду. У іх заўжды простая галоўная вуліца, а праз кожныя пяць — шэсць хат завулачак. Вёскі як арнамент! Бурацкія альбо рускія паселішчы зусім іначай забудаваныя: там хаты ўроссып. Да ўсяго, толькі ў беларускі вёсках садзяць бульбу ў барозны! Іншыя — чамусьці пад рыдлёўку, нават калі коней маюць. Хаця гэта ж куды цяжэй.

— Наколькі я ведаю, вы рэгулярна ладзіце этнаграфічныя экспедыцыі па Сібіры…

— Сёлета таксама збіраўся ў Тулунскі раён, але не даехаў. У чэрвені распачалася жахлівая паводка, і многія беларускія паселішчы апынуліся пад пагрозай знішчэння. Скажам, вёска з назвай Пабярэга амаль цалкам затопленая. Жыхары ледзь-ледзь змаглі ўратавацца, а вось іх гаспадаркі загінулі.

Вёску Чарчэт вада не паглынула, але на два тыдні яе адрэзала ад цывілізацыі. Людзі жылі нават без электрычнасці. Памятаю, тэлефанаваў туды дырэктару Дома культуры, а ён кажа: у мяне зараз тэлефон разрадзіцца — і ўсё, сувязь знікне. А да райцэнтра там кіламетраў 150, да абласнога і наогул трэба 16 гадзін цягніком ехаць. Адлегласці ў Сібіры не тыя, што ў Беларусі!

— Можа, праз гэта ў традыцыйнай культуры прыбайкальскіх беларусаў з’явіліся нейкія адметнасці? Усё ж, цэлае стагоддзе яны жылі адасоблена.

— Так, сёлета мы прывезлі на фэст “Наш Грунвальд” (праходзіў у Дудутках 20 — 21 ліпеня. — “К”) выяўленыя намі падчас экспедыцый побытавыя танцы. І вельмі здзівіліся, што ў Беларусі іх не ведаюць. Думаю, у свой час полькі ды кракавякі выцеснілі тут мясцовыя і больш старажытныя скокі. А ў Прыбайкаллі яны захаваліся.

— Зазвычай першае, што страчваюць беларускія перасяленцы, — гэта мову. У цяперашні век глабалізацыі яно, на жаль, у нечым заканамерна…

— Памятаю часіны, калі ва ўсім Іркуцку было не знайсці, з кім па-беларуску паразмаўляць — хіба толькі акцэнт у кагосьці з землякоў заставаўся. Але як толькі мы ў 1998 годзе заснавалі клуб “Крывічы”, адразу распачалі курсы па вывучэнні мовы. Праз іх прайшло ўжо шмат пакаленняў. Ёсць факультатыў і ў вёсцы Тургенеўка. І сёння калі чалавек далучаецца да нашага клуба, ён сам лічыць патрэбным вывучыць беларускую мову — гэта падаецца для яго натуральным. Нават ужо мода такая пайшла! Мы ж і міжсобку ў клубе па-беларуску гаворым.

— Але ж многім, пэўна, яе давялося вучыць амаль з нуля?

— Вядома! Аднойчы да нас завітала ўжо немаладая настаўніца Кацярына Агаркава-Ляпо, якая нарадзілася пад Воршай, з’ехала ў маладосці ў Сібір і ўжо гадоў пятнаццаць не бывала на радзіме. Як пачула беларускую мову — бачу, у яе ажно слёзы на вачах! І вось, яна выдала ўжо трэцюю кніжку вершаў па-беларуску.

Быў і даволі казусны выпадак. Адна дзяўчына, якая нарадзілася ў Сібіры, нядрэнна вывучыла на нашых курсах беларускую мову і выправілася ўпершыню на радзіму. Вяртаецца назад — і ледзь не з кулакамі на мяне кідаецца. Маўляў, выходжу я на вуліцу, загаворваю па-беларуску — а ўсе дзівяцца.

— Ці не крыўдна вам было?

— Не прывыкаць! Памятаю, яшчэ шкаляром паехаў са сваёй вёскі ў Полацк займацца валейболам. І ў камандзе з мяне кпіць пачалі. Тады сярод гарадской моладзі было модна гаварыць з гэткім маскоўскім пранонсам: “ну чё, па-айдём”. Таму з майго цвёрдага “ч” усе здзекваліся. А я тады зусім на беларускую перайшоў — ім назло! Самае цікавае, што з часам мяне за гэта нават сталі паважаць.

— Ці часта вы сустракаеце такую рэакцыю сёння, калі гаворыце па-беларуску ў Беларусі?

— З кожным сваім прыездам усё радзей. Калі пытаюся ў мінакоў, як куды прайсці, мне іншым разам і адказваюць па-беларуску. Заўважна, што стаўленне да роднай мовы мяняецца.

— А як вы, былы расійскі афіцэр, ёю захапіліся?

— Я вучыўся ў вясковай школе, дзе ўсе прадметы былі па-беларуску. А калі паступаў у ваенную вучэльню, здарыўся казус: на іспыце па матэматыцы я ўсё разумеў, але нічога не мог патлумачыць. Бо не ведаў тэрміналогіі па-руску. Пыкаўся, мыкаўся… І мне дазволілі па-беларуску адказваць. Выкладчык пагладжваў вусы: ён не зразумеў, канешне ж, ніводнага сказу. Але чацвёрку паставіў, і я паступіў.

— А дзе тая вучэльня знаходзіцца?

— У Цюмені. Выправіўся туды, бо гэта далёка. Хацелася Уральскія горы пабачыць.

— Ці памятаюць сёння ў Іркуцку тых паўстанцаў 1863 года, якія, апынуўшыся ў ссылцы, зрабілі важкі ўнёсак у даследаванне Байкала? Скажам, Чэрскага або Дыбоўскага.

— Яшчэ як памятаюць! Толькі многія лічаць, што яны палякі. Гэта такая інерцыя, якая пайшла яшчэ ад царскіх часоў і перакачавала ў савецкія энцыклапедыі. Хаця які Чэрскі паляк — ён жа нарадзіўся непадалёк ад маёй роднай вёскі! Але калі я сказаў па іркуцкім тэлебачанні пра яго беларускія карані, што тады ўсчалося! Адразу два прафесары запатрабавалі ад канала абвяржэння. Я ў адказ прапанаваў зладзіць дэбаты ў прамым эфіры. Канал на дыскусію пагадзіўся, але прафесары нешта адмовіліся. Адзін з іх, дарэчы мне потым цішком прызнаўся, што і сам беларус паводле паходжання. Але паколькі ён далучыўся да польскай супольнасці…

Што рабіць, каб адстаяць сваё? У мяне ёсць такая ідэя: у Віцебску захаваўся дамок, дзе доўгі час жыла ўдава даследчыка Маўра Чэрская. Чаму б не зрабіць там музей, прысвечаны нашым знакамітым навукоўцам, якія апынуліся ў Сібіры, — бо гэта цэлы суплёт яркіх імёнаў!

— Нашы суродзічы часцяком мелі магчымасць выбіраць нацыянальнасць. Ці адбываецца гэта ў вашых краях?

— Іншыя дыяспары ў Іркуцку завабліваюць тымі ці іншымі магчымасцямі: дармовымі візамі або падарожжамі ў сваю краіну. Ёсць пару хлопцаў, якія ходзяць і да нас, і ў іншую нацыянальную суполку. Кажуць: у вас весялей, а ў іх выгодней. У нас жа стымулаў і дывідэндаў няма. Мы выйграем толькі за кошт яркіх і цікавых імпрэзаў.

— Але хіба этычны такі “пернікавы” спосаб абуджэння нацыянальнай свядомасці?

— Я не кажу пра аматараў “на дурніцу” скарыстацца тымі ці іншымі выгодамі. Але як выдатна было б, каб нашы актывісты мелі магчымасць хаця б раз-пораз наведаць Беларусь для ўдзелу ў тым ці іншым семінары або фэсце! Гэта была б выдатная форма заахвочвання. І, вядома ж, прыносіла карысць нашай супольнасці.

— Ці часта да вас прыязджаюць “госці з вялікай зямлі”?

— Для нас гэта сапраўднае свята, якое бывае недзе раз на год. Прыязджалі ўжо Алег Хаменка, Зміцер Сасноўскі, Алесь Камоцкі… Бачыць такіх асобаў часцей мы не можам сабе дазволіць. Білеты туды і назад каштуюць недзе паўтары тысячы беларускіх рублёў.

— На якія сродкі вы ладзіце свае імпрэзы? Можа, спонсары дапамагаюць?

— Раней спонсарскія сродкі было лягчэй знаходзіць. Але адзін з тых, хто нас падтрымліваў, з’ехаў, другі загінуў, трэці збяднеў… Цяпер гэта альбо мае асабістыя сродкі, альбо складкі, як на тое ж Купалле, альбо гранты ад абласной адміністрацыі.

— Няўжо і са сваёй кішэні?

— Раней у мяне была добрая праца, заробку хапала і на сябе, і на грамадскую дзейнасць. Плюс невялічкі бізнес. Сёння ён паслабеў, працы няма… Я і сам трохі ў падвешаным стане. Але сваю справу мы працягваем.

— А ці патрэбная вам метадычная дапамога “з вялікай зямлі”? Або тыя ж канцэртныя строі для народных калектываў?

— Раней мы рабілі запыты, прасілі друкаваныя матэрыялы, строі... На жаль, нам заўсёды адказвалі: надта вы далёка! Але на сёння мы ўжо напрацавалі сваю метадычную базу і можам самі аказваць дапамогу іншым суполкам. Ды і строі нашы майстрыцы робяць цудоўныя, прычым цалкам аўтэнтычныя. Пры клубе дзейнічаюць секцыі, прысвечаныя розным рамёствам, танцам, песням. Наогул, мы ўжо прызвычаіліся жыць самастойна.