На Браслаўскую рыўеру з Замкавай гары

№ 33 (851) 16.08.2008 - 22.08.2008 г

Пад час веласіпеднай вандроўкі ўвагу карэспандэнтаў “К” на Браслаўшчыне прыцягнулі не толькі блакітныя азёры, але і патэнцыял развіцця інфраструктуры рэгіёна

Слабодка: вольнае месца для вольных мастакоў
Наступным пунктам нашага падарожжа стала Слабодка — аточанае азёрамі мястэчка (а цяпер аднайменны аграгарадок), над якім велічна ўзвышаецца касцёл Сэрца Езуса. Гэты краявід узнёслага, святочнага настрою, калі лінія далягляду перарываецца сілуэтам храма на ўзвышшы, надоўга застаецца ў памяці.Таму і нядзіўна, што вёска ўсё болей прываблівае аматараў адпачынку з розных краёў. Гэта адбіваецца нават на працы ўтульнай слабодкаўскай бібліятэкі: яе маладая гаспадыня Алена Гаманька распавяла, што ў сезон адпачынкаў колькасць чытачоў прыкметна павялічваецца за кошт турыстаў. Як, дарэчы, і ў многіх іншых бібліятэках Браслаўшчыны.

 /i/content/pi/cult/171/1635/Turpraekt1.jpg
Асаблівую ўвагу мы аддалі этнаграфічнаму кутку бібліятэкі, які надаваў пакоям будынка ведаў нейкую проста хатнюю
ўтульнасць. Высветлілася, што такія этнаграфічныя куточкі маюць амаль усе ўстановы культуры Браслаўшчыны.

Ды і ў самой Слабодцы сельскі клуб нядаўна атрымаў статус Этнаграфічнага цэнтра. Хутка ў ім з’явіцца вялікая экспазіцыя, што распавядзе пра паўсядзённасць, а значыць — культуру нашых продкаў. Зараз работнікі новастворанай установы знаходзяцца ў пошуку цікавых экспанатаў. А ў Слабодцы кожны стары дом багаты на этнаскарбы.

Неўзабаве нас прадставілі галоўнаму краязнаўцу Слабодкі — настаўніцы геаграфіі і гісторыі мясцовай сярэдняй школы Валянціне Ходас. “Назва мястэчка ад слова “свабода”. Тут сяліліся вызваленыя ад павіннасцей вольныя майстры. На пачатку ХІХ стагоддзя, — адзначае Валянціна Ходас, — Слабодка была сапраўдным краем кавалёў, ганчароў, краўцоў...”

Дух вольнай творчасці, лічыць Валянціна Іосіфаўна, захаваўся ў вёсцы і да гэтай пары. Драўляныя скульптуры Пятро Зяляўскага ствараюць славу ўсёй Віцебшчыне. А выбітны майстар саломкапляцення Міхаіл Чэркас цудоўна малюе, піша вершы, музыку і з’яўляецца аўтарам гімна Слабодкаўскай школы, якая, між іншым, вядзе сваю гісторыю з 1843 года. Паглядзець на творы Міхаіла Баляслававіча прыязджаюць людзі з усяго свету. А нядаўна ён стварыў саламяную копію Слабодкаўскага касцёла.

Краявіды Слабодкі прыцягваюць, як магнітам, не толькі майстроў-рамеснікаў, але і паэтаў, журналістаў, мастакоў.

“Вабіць Слабодка сваімі азёрамі, прыродай, і таму прыязджаюць да нас творцы. Сапраўднае вольнае месца для вольных мастакоў,— кажа настаўніца. — І мяркую, што ў хуткім часе наша вёска ператворыцца ў моднае дачнае мястэчка”.

І сёння вёска не абдзелена ўвагай не толькі сваіх жыхароў ды творчых дачнікаў, але і турыстаў. “Прыязджаюць да нас паглядзець і на гару Мілосці — дзе раней мілаваліся салдаты і дзяўчаты. З яе вышыні адкрываецца захапляльны відарыс азёр Недрава і Поцех. Захаваліся ў нас з дагістарычных часоў сухое рэчышча Друйкі ды унікальны помнік прыроды Чортава яма — чашападобная ледавіковая ўпадзіна глыбінёй 20 метраў”. Валянцінай Іосіфаўнай і яе вучнямі распрацаваны дзвюхгадзінны маршрут для турыстаў па Слабодцы і яе ваколіцах.

Асабліва падабаюцца турыстам, распавядае настаўніца, легенды і паданні краю.

Мы вырашылі завяршыць падарожжа ў Слабодку… не ныраннем у Чортаву яму, а купаннем у адным з азёраў краю. Для гэтага было абрана з вялікай колькасці блакітных старажылаў возера Воласа, што славіцца сваёй незвычайнай прыгажосцю і чысцінёй. Знаходзіцца яно за 5 кіламетраў ад вёскі, і хоць знайсці да яго дарогу — справа не самая лёгкая, вынік пераўзышоў усе чаканні. У атачэнні лесу, празрыстае, дзівоснае, Воласа можа паспрачацца і перамагчы ў прыгажосці многія азёры Еўропы. Тым больш, што чысціня яго з’яўляецца фактам відавочным: у возеры водзяцца ракі.

Інфраструктура, якой трэба “абрастаць”

І вось, нарэшце, Браслаў. Невялічкі гарадок, насельніцтва якога не перавышае 10 тысяч чалавек, жыве ў аправе трох азёр. Яго галоўнае багацце, бадай, краявіды. Акрамя імкнення ўвачавідкі ўбачыць славутыя азёры, намі рухала яшчэ і жаданне праверыць турыстычную падрыхтаванасць гэтага запаведнага краю.

Як запэўніў начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Браслаўскага райвыканкама Анатоль Невярковіч, усе бліжэйшыя да горада азёры маюць спецыяльныя стаянкі для турыстаў — кемпінгі, спыніўшыся ў якіх, можна будзе бесклапотна акунуцца ў браслаўскія азёры. Найбольш іх каля возера Струста. “Калі спатрэбіцца, турысты могуць за невялічкуюплату заказаць стаянку, патэлефанаваўшы ў Нацыянальны парк “Браслаўскія азёры”, каб быць упэўненымі ў наяўнасці гарантаванага месца адпачынку”, — падкрэсліў начальнік аддзела, адзначыўшы, што менавіта на абсталяваных стаянкамі азёрах працуюць службы, якія робяць адпачынак больш камфортным, цывілізаваным. “Прыбіраецца смецце, падвозяцца дровы, на “дзікіх” жа азёрах такога сервісу, натуральна, няма”, — зазначыў Анатоль Вадзімавіч. Паступова “абрастаць”, па словах кіраўніцтва раёна, стаянкамі для турыстаў будуць і “далёкія” азёры Браслаўскага краю, але пакуль адпачываць лепей у дазволеных месцах: каб не псаваць экалогію некранутых ці недастаткова асвоеных мясцін.

Пэўныя змены ў інфраструктуры адпачынку адбыліся сёлета ў самім Браславе: галоўнае возера горада — Дрывяты — займела свой пляж. Наведаўшы яго, адзначым наяўнасць пракату лодак, пляцоўку для пляжнага валейбола і поле для пляжнага ж футбола. Аднак неабходных і адпаведных месцу пераапранальных кабін, прыбіральняў не знайшлі. “Канешне, усё гэта мусіць быць на пляжы, — пракаментаваў Анатоль Невярковіч, — цяпер сродкі, у першую чаргу, ідуць на ўладкаванне пясчанай касы: на гэтую справу выдзелена 3,5 мільярда рублёў.

Пясчаная каса, паводле планаў мясцовых ўлад, налета мусіць пашырыцца да 4,5 кіламетраў. “Павінна атрымацца штосьці кшталту французскай “рыўеры”, — адзначыў начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму,— якая абавязкова будзе мець усе неабходныя свайму статусу атрыбуты: лежакі, пляжныя парасоны, лавачкі… Трэба толькі пачакаць”.

У названым аддзеле Браслаўскага райвыканкама мы даведаліся пра яшчэ адну прыемную навіну: увосень павінна выйсці з друку новая карта Браслаўскага краю, дзе нароўні з рознымі геаграфічнымі падрабязнасцямі будуць указаны галоўныя славутасці раёна, турыстычныя маршруты. “А на адваротным баку змешчаны адрасы і кантактныя тэлефоны аграсядзіб нашага раёна, — распавёў Анатоль Невярковіч, — іх у нас 17. Гаворка, вядома, пра зарэгістраваныя”.

Своеасаблівай маленькай сенсацыяй для нас стаў збор веламаршрутаў Балтыйскага азёрнага краю, выдадзены сумеснымі намаганнямі мясцовыхулад рэгіёнаў Латвіі, Літвы і Беларусі.

“Асноўнай праблемай для нас з’яўляецца недахоп сродкаў, — рэзюмуе Анатоль Вадзімавіч. — Развіваць жа турызм у Браславе можна па розных напрамках, і гэта вельмі цікава, але зараз мы вымушаны вылучаць і здзяйсняць усё паступова, акцэнтуючы ўвагу на самым

неабходным”.

“Усё ж стаім на вадзе!”

“Вылучаць самае неабходнае” прыйшлося і нам: з шэрагу адметнасцей Браслава мы вырашылі спыніцца на самых славутых — Замкавай гары, гары Маяк і Браслаўскім музеі традыцыйнай культуры. Начальнік аддзела культуры Браслаўскага райвыканкама Альберт Бялусь правёў нам кароценькую экскурсію па Замкавай гары. Яна з’яўляецца сведкай усёй гісторыі горада. “У 2010 годзе Браслаў будзе святкаваць сваё 945-годдзе”, — адзначыў Альберт Альфонсавіч. “Зараз жа традыцыйна ў нашым горадзе ладзяцца фестываль “Браслаўскія зарніцы”, Дзень рамёстваў, Дзень Нептуна — ёсць у нас пэўныя асаблівасці, якія выкарыстоўваем: усё ж стаім на вадзе! У цэлым, канешне, культура і турызм у краі ствараюць моцны сімбіёз, і можна сказаць, што адно істотна дапаўняе другое “.

Узабраўшыся на гару Маяк, мы ўпэўніліся ў словах Альберта Альфонсавіча.
 /i/content/pi/cult/171/1635/Turpraekt4.jpg
Нягледзячы на тое, што гэта самае высокае ўзвышша Кезікаўскіх гор знаходзіцца ажно за пятнаццаць кіла
метраў ад Браслава, пабываць на ім варта кожнаму. Панарама, што адкрываецца са славутай гары на азёры Струста і Снуды, сапраўды ўражвае.

Аднак побач з пляцоўкай агляду нам, як, напэўна, і многім турыстам, хацелася б убачыць хоць бы невялічкі перасоўны латок з марожаным і прахалоднымі напоямі, патрэба ў якіх моцна ўзнікае пасля ўзыходжання на вяршыню.

“Ледзь-ледзь” да беларускай рыўеры

У будынку былога паравога млына, якому больш за 100 гадоў, сумяшчаюцца Дом рамёстваў і музейная ўстанова — Браслаўскі музей традыцыйнай культуры, дзе можна пазнаёміцца з традыцыйнымі для браслаўскага рэгіёна рамёствамі — а гэта шчыпанне лучыны, пляценне з чароту і лазы, разьбярства, ганчарства, саломкапляценне. У музеі працуе клуб майстроў і мастакоў “Ля возера”.

Гэта ўстанова стала прыкладам, калі культура і турызм удала спалучыліся ў адно. Яна працуе, абапіраючыся на рыначны падыход. Месяц таму, пахваліліся работнікі музея, ва ўстанове адкрылася галерэя-крама, дзе кожны ахвотны можа набыць упадабаныя працы браслаўскіх майстроў.

А яшчэ пры музеі працуе “Заезны двор” — маленькі ўтульны гатэль на трынаццаць месц. У стварэнні яго інтэр’ераў таксама прынялі ўдзел браслаўскія майстры. Дзякуючы іх намаганням сучасны гатэль займеў аблічча сапраўднага заезнага дома — з утульнымі крэсламі з лазы, з аздобленай кованымі з жалеза ўпрыгожаннямі лесвіцай… Ды яшчэ і з усімі выгодамі.

— У часы росквіту Браслаўскага краю, — зрабіла нам невялічкі экскурс у гісторыю загадчыца музея Эла Зінкевіч , — у Браславе на 120 двароў прыпадала 40 корчмаў. І пры старым млыне, дзе месціцца наш музей, — быў заезны дом. Таму і выстаўка, якую вы можаце сёння ўбачыць у нашым музеі, прысвечана аўстэрыям, заезным дамам і корчмам.

Сапраўды, слухаючы пра тыя часіны, калі нашы продкі не мелі тэлебачання і бавілі час у старых корчмах, дзе побач варылася піва і казыталі насы смачныя пахі мясцовых прысмакаў, міжволі задаешся пытаннем: а куды ж усё гэта знікла?

— Задумы зрабіць тут карчму луналі ў паветры, — адказвае на нашае пытанне загадчыца музея, — аднак гэта здзейсніць няпроста: сабраць усе дакументы, зацвердзіць іх… Тым больш, музей, нам падаецца, не павінен займацца гэтай справай.

Шпацыруючы па Браславе і адкрываючы для сябе новыя яго адметнасці, мы няўмольна адзначалі важнае і, на першы погляд, незаўважнае: адсутнасць ярка выяўленай турыстычнай атмасферы. Ствараць яе маглі б невялічкія летнія кавяранькі, сувенірныя лаўкі, водныя атракцыёны ды іншыя нятлумныя забавы, здатныя, аднак, задаволіць густы тых, хто прыехаў сюды адпачываць — не толькі з усёй Беларусі, але і з іншых краін. Нават такая цудоўная задума, як водная прагулка на цеплаходзе, была намі заўважана раптоўна — расклад рэйсаў, надрукаваны на аркушыку паперы, ледзь-ледзь трымаўся на сцяне крамы “Маяк”.

Адзначаючы ў маляўнічым краі тыя недахопы, што сустракаліся на шляху — адсутнасць пераапранальняў, гарачай вады ў гатэлі і г.д. — мы ўвесь час сустракаліся з гэтым “ледзь-ледзь”, што, насамрэч, не дае Браслаўскаму краю стаць беларускай “рыўерай”.

“Ледзь-ледзь”, што, спадзяемся, аднойчы знікне ў яго свежым азёрным паветры.

 /i/content/pi/cult/171/1635/Turpraekt2.jpg
Рамантычныя сходы, што вядуць у нікуды

Часам сузіранне занядбаных помнікаў архітэктуры выклікае адно толькі скруху — бо разумееш: іх стан заканамерны і непазбежны. Але з часам такая незапатрабаванасць выклікае хіба недаўменне. Як, напрыклад, у выпадку з колішнім палацам Плятэраў у вёсцы Опса, куды мы патрапілі праз гадзіну па выездзе з Браслава.

Нават цяпер, калі вытанчаны і велічны будынак (прадзірацца да яго трэба праз сапраўдныя джунглі) ужо колькі год стаіць без шыбаў, ён не страціў сваёй прывабнасці. Чаго вартыя хаця б сходы, што каскадам спускаюцца з тэрасы палаца да самага берага жывапіснага возера!

Праўда, сёння даваць адтуль нырца небяспечна: на дне поўна “аскепкаў мінуўшчыны”, але юныя рыбакі з мясцовай школы-інтэрната выцягваюць спаміж іх някепскіх шчупакоў. Раней, дарэчы, інтэрнат размяшчаўся ў самім палацы. Але потым здарылася звыклая гісторыя: будынак прыйшоў у аварыйны стан, і…

Турысты ў Опсе калі і бываюць, дык толькі праездам. Паглядзець тут ёсць што (апрача сядзібы і навакольных краявідаў, варты ўвагі таксама неагатычны касцёл Св. Яна Хрысціцеля, чыя дагледжанасць сапраўды ідэальная), а вось спыніцца… Хіба дамовіцца дзе ў прыватным сектары?

Таму заканамерна ўзнікае пытанне: няўжо і дагэтуль не знайшлося інвестара, які б загарэўся ідэяй зрабіць у гэтым маляўнічым кутку Браслаўшчыны сапраўдную “цукерачку”? Спалучыць сучасны сервіс з унікальнай і непаўторнай атмасферай даўніны, што ніякі еўрарамонт не заменіць. З абавязковай фірмовай “фішкай”: стылізацыяй шляхецкага балю ў зале, дзе такія імпрэзы калісьці і сапраўды ладзіліся.

Балазе, падобнага тураб’екту ў гэтым краі сёння няма. Хаця попыт на яго відавочны. Са слоў Альберта Бялуся вынікае, што пакуль інвестара не знайшлося. Адзін час у палацы пачаліся былі рэстаўрацыйныя работы — яго планавалася ператварыць у дом для састарэлых. Але… увасобіцца ў жыццё гэтаму намеру не было наканавана.

Інфармацыя пра тое, што пуцёўкі ў беларускія санаторыі на ўвесь сезон ужо раскуплены, сёлета з’явілася ў СМІ яшчэ ў красавіку. А тым, хто хоча патрапіць менавіта на Браслаўшчыну, знаўцы рэкамендуюць рэзерваваць месцы не пазней, як у лютым!

Лекі ад сарака хвароб

Досыць сумную карціну давялося пабачыць на заходзе сонца, калі мы прыбылі ў апошні пункт сённяшняга маршрута: Відзы-Лаўчынскія, вёсачку кіламетры за тры ад мястэчка Відзы. Адзінай яе архітэктурнай адметнасцю з’яўляецца сядзіба канца ХVIII стагоддзя, збудаваная, паводле сведчання некаторых крыніц, самім Томашам Ваўжэцкім, героем паўстання 1794 года, якому давялося стаць яго кіраўніком пасля таго, як Касцюшка трапіў у палон.

У даведніках па беларускай архітэктуры пазначана, што ў сядзібе месціцца школа. Да нядаўняга часу так яно і было — пакуль стан будынка не прызналі аварыйным. Цяпер жа ён пустуе. Па словах старшыні Відзаўскага сельсавету Галіны Малахоўскай, мясцовыя жыхары з надзеяй распавядаюць пра намер стварыць тут музей рамёстваў, аб чым і гаварылася ў час нядаўняга прыёму грамадзян, які праводзіў старшыня Браслаўскага райвыканкама Пётр Гішкелюк.
 /i/content/pi/cult/171/1635/Turpraekt3.jpg

І такі варыянт прыстасавання палаца падаецца аптымальным. Тым болей, у яго прыцягальнасці для турыстаў сумнявацца не выпадае, а захаваўся гэты помнік архітэктуры адносна няблага — як і яго атачэнне. Ад былых гаспадароў засталіся фрагменты інтэр’ераў, каміны ды нават... каналізацыйная сістэма, якая, па словах вяскоўцаў, спраўна функцыянуе і дагэтуль. Ацалелі таксама і гаспадарчыя пабудовы — вядома, далёка не ў лепшым стане. А ў навакольным парку можна сустрэць дзесяткі відаў экзотаў. Ведучы свой расповед, экскурсавод, без сумневу, спыніцца і каля помніка Еве і Зазе: каню і сабаку, якія настолькі сябравалі, што нават у магілу адышлі разам.

Сціплы паводле сваіх памераў палац мае нямала адметнасцяў, як архітэктурных (камяніцы з двума фасадамі-”тварамі” — гэта рэдкасць), так і гістарычных. У ліку апошніх варта згадаць і тое, што менавіта тут паўстаў адзін з першых на Беларусі санаторыяў. Гэтым бізнесам яшчэ ў ХІХ ст. вырашылі заняцца Мінейкі, што гаспадарылі тут пасля Ваўжэцкіх. Балазе, перадумовы былі ідэальныя — серавадародныя крыніцы, якія бруяць непадалёк, здавён славіліся сваімі лекавымі ўласцівасцямі.

Нейкі час справы Мінейкаў ішлі выдатна — людзі з грашыма ахвотна завітвалі ў санаторый “Лазенкі”. Ды напрыканцы ХІХ стагоддзя ён з розных прычын заняпаў, пра што згадваюць нават Бракгауз з Эфронам.

Гэтая прыгожая гісторыя чакала свайго працягу ажно да нашага часу.

Задума ізноў выкарыстоўваць лаўчынскія крыніцы на карысць здароўя і бюджэту ўжо агучвалася на старонках “К” — яна лунае ў паветры і вось-вось павінна асесці на цвёрдую глебу. Балазе, вынікі геалагічных даследаванняў, што праводзіліся напрыканцы мінулага года, сталі бадай сенсацыйнымі: на глыбіні ў 100 — 400 метраў былі выяўленыя новыя крыніцы мінеральных вод, а таксама — бромных расолаў. Ды і сапрапель з возера Дворнае, аналаг якому бліжэй за Карэлію не знойдзеш, цалкам прыдатны для гразетэрапіі. У комплексе ўсё гэта можа стаць панацэяй больш як ад 40 хвароб! Не лічачы, вядома, аздараўлення эканамічнай сітуацыі…

Зрэшты, для мясцовых жыхароў чарадзейныя ўласцівасці серавадародных крыніц сакрэтам ніколі не былі. Яны спакон веку ў іх верылі — і небеспадстаўна.

— Бывае, сустрэнеш дзяўчынку з бутэлькай мінеральнай вады, і яна кажа: набрала яе для мамы, у яе ангіна, — распавядае старшыня Відзаўскага сельсавета Галіна Малахоўская. — І дапамагае, па сабе ведаю! Калі зайсці ў тую ваду і трохі ў ёй пастаяць — адчуваеш надзвычайную бадзёрасць.

Самі Відзы ніколі не застануцца без увагі турыстаў — хай сабе іх плынь пакуль і

не надта вялікая. Туды варта патрапіць ужо хаця б таму, што ў мястэчку знаходзіцца

касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, які лічыцца найвышэйшым храмам

на Беларусі — па словах Галіны Малахоўскай, апошнія даследаванні пакзалі, што яго вышыня дасягае не 60, як лічыліраней, а больш як 75 метраў. Ды справа не толькі ў памерах: велічная манументальнасць вежаў, чый сілуэт выразна дамінуе па-над відзаўскімі краявідамі, дапаўняецца папраўдзе гатычнай вытанчанасцю кожнай дэталі храма. Неўзабаве пераканацца ў гэтым можна будзе і ў цёмны час сутак: касцёл упрыгожыць ілюмінацыя.

Праўда, з інфраструктурай тут сітуацыя звыклая: прадстаўлена яна хіба недарагой “забягалаўкай” на старым пляцы з прывабнымі старасвецкімі камянічкамі — якія, дарэчы, паўсталі з цэглы, што была забракавана падчас будовы касцёла. Старшыня сельсавета спадзяецца, што з часам у Відзах з’явіцца і гатэль -- хаця б невялікі. Зрэшты, заначаваць у мястэчку турыст можа ўжо сёння: інтэрнат дзяржаўнага прафесійнага ліцэя ўлетку здае ўсім ахвотным пустыя пакоі. Умовы, вядома, на “пяць зорак” не цягнуць, але калі няма выбару…

Ды ў хуткім часе ён з’явіцца. Непадалёк ад Відзаў мае паўстаць новая база адпачынку. Адпаведна, “турыстызацыя” гэтага кутка Браслаўшчыны яшчэ хаця і ў праектах — але ўжо не ў марах.

(Заканчэнне будзе.)

Ілля СВІРЫН

Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ