Юшка-царыца ў антуражы “Пятроўскага вянка”

№ 30 (1417) 27.07.2019 - 02.08.2019 г

Што ні кажы, а сёлетняе надвор’е не надта спрыяе правядзенню фестываляў, імпрэз і мерапрыемстваў у фармаце open-air — то халады, то дажджы, а то і спёка. Хаця пры апошнім раскладзе дзея ўсё ж адбудзецца. Вось, скажам, днямі я вярнуўся з Кобрыншчыны — пра сферу культуры раёна гаворка будзе ісці ў бліжэйшых нумарах “К” — дзе ладзілі гарадское свята акурат у 30-градусную гарачыню. Цяжэй за ўсё на імпрэзе было, зразумела, артыстам: сцэнічныя касцюмы нават насіць у падобную спёку не надта прыемна, а трэба ж яшчэ танцаваць ды спяваць! Карацей, і да таго нялёгкі працоўны хлеб культработніка ў гарачыя летнія дзянькі робіцца яшчэ больш важкім і салёным ад поту.

/i/content/pi/cult/755/16348/18.JPGІ баталія, і бяспека

Якраз у падобнае спякотнае надвор’е ў Міры прайшоў чарговы фестываль “Мір-1812”. Як піша нам Марына Казловіч, у першы дзень на тэрыторыі Мірскага замка разгарнуліся эпічныя баі пад казацкія спевы і танцы.

— На фестывалі госці ў поўнай меры змаглі адчуць атмасферу 1812 года, — піша нам аўтарка допісу. — Адных прыцягнула пляцоўка “Казацкі Спас” і Праваслаўнага брацтва Прэабражэння Гасподняга Нясвіжскага благачыння, іншыя з задавальненнем наведалі белы лагер рэканструктараў, дзе пазнаёміліся з воінамі рускай і напалеонаўскай армій.

Таксама на свяце можна было пабачыць рэканструкцыю “Бітвы пад Мірам” — першае буйное кавалерыйскае змаганне кампаніі 1812 года на тэрыторыі Беларусі, пачаставацца стравамі беларускай нацыянальнай кухні, набыць сувеніры ды паўдзельнічаць у розных дзеях святочнай праграмы.

А вось зусім іншае паведамленне ад нашай сталай аўтаркі, спецыяліста Савецкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Мінска Таццяны Бычанок. Яна даслала нам адразу некалькі інфармацый, адна з якіх датычыць таго, што 25 ліпеня пажарнай службе Беларусі споўнілася ні многа ні мала — 166 гадоў!

/i/content/pi/cult/755/16348/19.JPG— У далёкім 1853 годзе ў Мінску і ў іншых гарадах беларускай зямлі былі сфарміраваны першыя пажарныя часткі, — адзначае Таццяна Бычанок. — А выратавальнікі цяперашняга пакалення працягваюць славутыя традыцыі сваіх папярэднікаў.

Акрамя таго, Таццяна Бычанок нагадала, што па ўсёй Беларусі распачалася акцыя “Канікулы без дыму і агню”, што будзе праходзіць ва ўсіх летніх аздараўленчых і прышкольных лагерах. “Марафон бяспекі” распачаўся з 1 чэрвеня і з гэтага часу супрацоўнікі МНС ладзяць для школьнікаў і дашкольнікаў навучальныя мерапрыемствы. Тэмы гутарак — розныя: ад бяспечнага адпачынку на вадзе да ўкусаў атрутных насякомых. Таксама адказныя асобы спыняюцца на алгарытме паводзін пры пажары ды вучаць карыстацца вогнетушыцелем.

І абрады, і юшкі

Пра свята “Вясёлы вазок — чатыры колы” распавялі нам супрацоўнікі Курылавіцкага цэнтра вольнага часу і культуры, што ў Мастоўскім раёне Гродзенскай вобласці. Мерапрыемства прайшло ў аграгарадку Курылавічы, дзе для гасцей было зладжана тэатралізаванае прадстаўленне, працавалі дзіцячыя атракцыёны, выстава народнай творчасці ды многае іншае.

Дырэктар Навагрудскага РЦКіНТ Наталля Кавальская даслала допіс пра тэатралізаванае абрадавае свята “Пятроўскі вянок”, што днямі прайшло ў аграгарадку Пятрэвічы.

— У гэты дзень работнікі мясцовага СДК і актыўныя ўдзельніцы аматарскай самадзейнасці сплялі пятроўскія вянкі і на ўпрыгожанай павозцы аб’ехалі Пятрэвічы, — піша Наталля Кавальская. — Дзяўчаты віншавалі жыхароў са святам, спявалі пятроўскія песні і па традыцыі ўручалі ці закідвалі на дахі дамоў гасцінных гаспадароў вянкі.

Пасля аб’езду паселішча самадзейныя артысты запрасілі ўсіх на канцэртна-гульнявую праграму, якая ладзілася на святочнай пляцоўцы ў самым цэнтры аграгарадка Пятрэвічы. Таксама прайшлі конкурсы вянкоў сярод падворкаў, конкурс-дэгустацыя вырабаў з малака “Малочныя рэкі — кісельныя берагі”, конкурсная праграма сярод сямейных пар “Рай у шалашы” ды шмат чаго яшчэ.

А ў аграгарадку Пескаўцы Лідскага раёна нядаўна справілі свята “Юшка-царыца запрашае падружыцца”.

— Якіх тут толькі відаў юшкі не было! - пішуць нам супрацоўнікі Лідскага РЦКіНТ. — Юшка белая і чорная (адрозніваецца спецыямі), класічная, трайная (тры віды рыбы), янтарная (падфарбаваная шафранам) і нават пахмельная (з дабаўленнем часнаку і лімона).

Не ведаю, як у каго, а ў мяне падобнае апісанне проста сліну гоніць. Таму абяцаем з’ездзіць на наступнае свята ўсёй рэдакцыяй “К” і пакаштаваць юшку разам з гаспадарамі!

Да слова, у якасці журы конкурсу былі самі мясцовыя жыхары. Больш за ўсё галасоў было аддадзена юшцы пад назвай “Улюбюшка”, якую зварылі ў Мінойтах. Узнагароды таксама атрымала юшка з Ганчароў і Беліцы. Самы смачны рыбны пірог зрабіла Галіна Сафонава з Пескаўцаў.

А ў праграме свята былі і майстар-класы, і конкурс рыбацкіх былін і баек, і гульнёвы атракцыён “Рыбалка”, а таксама спевы калектываў аматарскай творчасці Дзітвянскага Дома культуры і народнага сямейнага ансамбля Парфенчыкаў з Бердаўскага культурна-дасугавага цэнтра.

Ад чаю да “…прысмакаў”

Без гарбаты жыццё не такое прыемнае, скажа вам любы кітаец ды, відаць, літаральна кожны беларус. Вось і ў аграгарадку Мажэйкава Лідскага раёна зладзілі свята гарбаты і зёлак. Работнікі Мажэйкаўскага Дома культуры пастараліся прадэманстраваць гасцям унікальныя традыцыі чаявання розных народаў, таму кожная пляцоўка была цікавай і захапляльнай.

— Гасцінна запрашалі работнікі Мінойтаўскага культурна-дасугавага цэнтра на рускі чай з пернікамі і абаранкамі, Бердаўскага культурна-дасугавага цэнтра на ўкраінскі чай з пірагом, — пішуць нам супрацоўнікі Лідскага РЦКіНТ. — Беларуская пляцоўка прыцягвала водарам зёлак, дзе шчыравалі работнікі Ваверскага Дома культуры. А аддзел метадычнай і культурна-масавай работы Лідскага цэнтра культуры запрашаў пасмакаваць грузінскі байхавы чай, а таксама спазнаць таямніцы ўсходняга чаявання, дзе была паказана сапраўдная чайная цырымонія па-кітайску і па-карэйску.

Таксама падчас дзеі была адкрыта выстава посуду для чаявання, працавалі пляцоўкі з мёдам, рамеснымі вырабамі, дзіцячымі атракцыёнамі. А яшчэ адбылося выступленне народнага ансамбля народнай музыкі “Гудскі гармонік” ды ўдзельнікаў аматарскай творчасці Мажэйкаўскага СДК.

Пра свята вёскі, якое прайшло на тэрыторыі Куляшоўскай сельскай бібліятэкі-музея, што ў Шчучынскім раёне, піша нам метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу мясцовай раённай бібліятэкі Кацярына Кіселар. На імпрэзе ладзіўся агляд музейных экспанатаў і майстар-клас па рамёствах, уручаліся памятныя падарункі, праходзілі конкурсы на найлепшую нацыянальную страву “Бабуліны прысмакі”, конкурс на лепшы падворак вёскі ды многае іншае. Мерапрыемства праходзіла ў рамках раённага семінара “Бібліятэка — цэнтр адраджэння нацыянальных традыцый” для супрацоўнікаў Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі.

А 14 ліпеня ў Астрынскай гарпасялковай бібліятэцы Шчучынскага раёна, па словах той жа Кацярыны Кіселар, прайшло свята паэзіі “Спяваю табе, мой край, з адкрытаю душой”. Гледачы “сустрэліся” з Алаізай Пашкевіч (Цёткай) і героямі яе твораў, тут гучалі вершы пра родны край і не толькі, была зладжана выстава народных умельцаў.

Ажно з 6 па 14 ліпеня ў Ашмянах праходзіў фестываль праваслаўнай культуры “Кладзезь”, у рамках якога ў бібліятэках Ашмяншчыны прайшоў шэраг мерапрыемстваў. Так, 6 ліпеня ў гарадской бібліятэцы адбылася сустрэча-гутарка з кандыдатам культуралогіі Наталляй Шчарбаковай, падчас якой госця расказала пра манастыры, што знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, прадставіла прэзентацыю, прысвечаную іконам і іх гісторыі. А 10 ліпеня ў раённай дзіцячай бібліятэцы зладзілі майстар-клас па акцёрскім майстэрстве і мастацкім чытанні для дзяцей. Адбыліся і іншыя сустрэчы ды былі аформлены адметныя кніжныя выставы.

І апошнія дзве інфармацыі, на гэты раз з Міншчыны. Так, цэнтр традыцыйнай культуры і побыту вёскі Плябань 21 ліпеня зладзіў фотавыставу “Вясельны вянок Маладзечаншчыны”, якая суправаджалася гукавой дарожкай ды майстар-класамі па народных танцах. Як піша вядучы рэдактар Маладзечанскай ЦКС Надзея Бондар, на выставе было прадэманстравана 30 вясельных здымкаў, з якіх самы стары датуецца 1916 годам. А ў Беразіно 18 ліпеня прайшла акцыя “Краязнаўчы прыпынак”, зладжаная аддзелам маркетынгу мясцовай раённай бібліятэкі. У гэты дзень, як піша загадчык аддзела Тамара Круталевіч, на пероне і ў зале чакання аўтавакзала пасажыры мелі магчымасць паўдзельнічаць у розных бліц-шоу, пазнаёміцца з серыяй краязнаўчых выданняў Бярэзінскай ЦБ ды значна папоўніць скарбонку сваіх ведаў пра Бярэзіншчыну.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"