“Кадрыля” супраць “Эрмітажу”

№ 30 (1417) 27.07.2019 - 02.08.2019 г

Праект “Тэатральныя сустрэчы” на “Славянскім базары ў Віцебску” сёлета планавалася рэфармаваць. Па меншай меры, так абяцаў былы дырэктар фестывалю Аляксандр Сідарэнка. Але змянілася само кіраўніцтва фэсту. І што ж у выніку атрымалася? Ці з’явіліся сапраўдныя творчыя адкрыцці?

/i/content/pi/cult/755/16342/9.JPGCпектакляў стала меней. Калі апошнім часам яны часцяком праходзілі паралельна на дзвюх сцэнах, дык цяпер Канцэртная зала “Віцебск”, за выключэннем аднаго вечара, была аддадзена эстрадным спевакам. Менш стала ўласна антрэпрыз: такіх спектакляў сёлета было ўсяго два. І менавіта яны аказаліся самымі касавымі — іншымі словамі, запатрабаванымі ў гледачоў. Так што крытыкі могуць колькі заўгодна кпіць накшталт “танных антрэпрыз” — глядач галасуе рублём.

Упершыню на “Славянскі базар у Віцебску” прыехаў Маскоўскі тэатр “Эрмітаж”, прычым адразу з дзвюмя камедыямі — “Маленькая нядзельная прыгода” паводле Валянціна Катаева і “Шклянка вады” Эжэна Скрыба. Абедзве пастаноўкі належаць вучням мастацкага кіраўніка Міхаіла Лявіціна, але цалкам знаходзяцца ў рэчышчы яго эстэтычных прыярытэтаў, дзе клаунада лічыцца вышэйшым з мастацтваў. Іначай і быць не можа, бо гэты тэатр — папраўдзе аўтарскі, і ўзяты там у канцы 1970-х кірунак на буфанаду, пародыю, трэш прынёс калектыву пазнавальнасць почырку.

Праз усю “Шклянку…” праходзіць тэма спартыўных спаборніцтваў — як адлюстраванне адсутнай у арыгінале фразы-лейтматыву: “Рух — шчасце, спакой — няшчасце”. Дыялогі вырашаны як гульня ў футбол, тэніс. Барацьба трох дам за аднаго хлопца — як велагонка. Справы ж дзяржаўныя суправаджаюцца ўскопваннем глебы, наглядам за прыгожым газонам з траўкай-мураўкай.

Публіка жыва рэагавала на гэтыя ды іншыя знаходкі, з радасцю ўключалася ў гульню, асабліва пры кожным інтэрактыве, калі артысты выходзілі ў залу. Але на пэўным этапе спектакль, пазбаўлены развіцця характараў, заснаваны на бясконцых паўторах адных і тых жа прыёмаў. Тры гадзіны няспыннага, але запаволенага камікавання здаліся вечнасцю. Бо ўсе адразу зразумелі, што прапаршчык Мэшэм — недалёкі дурылка, яго каханка Абігайль — мэтанакіраваная кар’ерыстка, якая дасць фору самой герцагіні Мальбара, каралева Ганна — увасабленне гіпертрафіраванага інфантылізму, а віконт Балінброк — гэткі лялькавод сярод парадыйных масак. Рашэнне? Яшчэ якое. Канцэпцыя? Супер. Але шклянку для вады вынеслі на сцэну ўжо на першых хвілінах дзеяння — у прамым і пераносным сэнсах. І што рабіць далей?

Галоўнай навінкай другой дзеі стала большая роля музыкі і спеўнага пачатку. Але “Прыём у каралевы”, створаны кампазітарам Андрэем Сямёнавым на вершы Вольгі Шулінай і пазначаны ў праграмцы як кантата, застаўся гэткім “устаўным нумарам”, не адпаведным астатняй драматургіі. Затое гэты фрагмент вымусіў згадаць колішні мюзікл Уладзіміра Кандрусевіча, які многа гадоў ішоў у Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры. У нашым спектаклі былі імклівасць дзеяння, неадназначнасць герояў, самастойнае развіццё вершаваных і музычных лейтматываў, шмат іншых “зашыфраваных” дэталей. Эх, не цэнім мы сваё! Вось і “Рэвізор” Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы быў у Віцебску адменены.

/i/content/pi/cult/755/16342/10.JPGХапала ў зале месцаў і на гогалеўскай “Жаніцьбе” Драматычнага тэатра на Васільеўскім з Санкт-Пецярбурга ў пастаноўцы галоўнага рэжысёра Уладзіміра Туманава. Той знайшоў шэраг выканальніцкіх “фішак”, але не стаў нічога пераасэнсоўваць, таму ўся глядацкая ўвага была скіравана на акцёраў. А далёка не ўсе з іх, на жаль, добра спраўляліся са сваімі ролямі. Часам дрэнна даносіўся тэкст — нават да сярэдзіны партэра. Можа, так адбывалася таму, што ўсе запрошаныя ў Віцебск рэпертуарныя тэатры маюць невялічкія стацыянарныя залы?

Больш за ўсё расчараваў заўсёднік віцебскага фестывалю — Маскоўскі тэатр на Паўднёвым Захадзе. “Кабала святош” Міхаіла Булгакава, заяўленая ў пастаноўцы Алега Ляушына, адрознівалася ад ранейшай, ажыццёўленай заснавальнікам тэатра Валерыем Беляковічам, які пайшоў з жыцця, хіба светлавымі эфектамі. Артысты мітусіліся па сцэне ды крычалі дурнымі галасамі. Калі ў 2015-м гэты тэатр прыязджаў на Міжнародны фестываль “Белая Вежа” ў Брэсце са спектаклем “Лялькі”, дык атрымаў з-за гэтага заўвагі ад крытыкаў розных краін. З часам тыя недахопы толькі ўзраслі, і тэатр, які нарадзіўся з эксперыментальнай студыі і ў 1980-я быў адным з найбольш рэвалюцыйных, ператварыўся ў вампуку.

А што ж праславутая антрэпрыза? Само гэта слова апошнім часам набыло выключна адмоўную канатацыю. А між тым, “Рускія сезоны ў Парыжы”, зладжаныя Сяргеем Дзігялевым, былі нічым іншым, як антрэпрызай. І спектаклі Мікалая Пінігіна 1990-х, пастаўленыя па-за межамі Купалаўскага тэатра, таксама. Справа ж зусім не ў арганізацыі творчага працэсу, а ў яго выніку!

“Кадрыля” Уладзіміра Гуркіна, вядомага як аўтара п’есы “Каханне і галубы”, была пазначана “задушэўнай камедыяй”. І апраўдала ўсе лепшыя чаканні. Разлічваць на нейкую канцэпцыйнасць ды выкшталцонасць рэжысуры не дазваляла ўжо сама п’еса, пабудаваная, як некаторыя сучасныя тэлешоу, на абмене сямейных пар партнёрамі. Затое спектакль, сабраўшы зорнае суквецце артыстаў, добра вядомых па кіна- і тэлеэкране, вызначаўся папраўдзе прафесійнымі акцёрскімі працамі. Падкрэсліваю гэта, бо ў мінулыя гады некаторыя знакамітасці, папулярныя праз удзел у серыялах, часцяком расчароўвалі: блыталі тэкст і мізансцэны, дазвалялі сабе маўленне з “кашай у роце”, ігру “ў паўнагі”.

Так што справа не ў тым, каб выключыць з фестывальнай афішы антрэпрызы, камедыі, меладрамы, а ў тым, каб уключыць у любыя жанры мастацкасць. Спробы да гэтага ў дырэкцыі фестывалю з’явіліся — і цалкам відавочныя. Ці падтрымае іх публіка? Даведаемся праз год. І адначасова узважым унёсак у гэта Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, ад рэпертуару якога, мастацкага ўзроўню і працы з мэтавай аўдыторыяй шмат у чым залежыць, хто прыйдзе ў тэатральную залу заўтра.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"