Квартал з лялькамі і думкамі

№ 30 (1417) 27.07.2019 - 02.08.2019 г

Праект “Лялечны квартал” даўно набыў на “Славянскім базары ў Віцебску” трывалую папулярнасць. Па-першае, лялькі ва ўмелых руках папраўдзе могуць усё. Па-другое, у атмасферы ўсенароднага гуляння і неабсяжных прасторавых маштабаў, дзе ты паўсюль, нават ва ўтульнай кавярні, пачуваеш сябе ў эпіцэнтры падзей, Беларускі тэатр “Лялька” прапануе папраўдзе камернае асяроддзе. Якой жа атрымалася сёлетняя праграма?

/i/content/pi/cult/755/16341/6.JPGУжо адна наяўнасць “Сёстраў Грайі” тэатра “Батлейка” з Маладзечна — паказальнік сур’ёзнага стаўлення да праекта яго арганізатараў. У той час, як на драматычнай сцэне публіка, здараецца, ігнаруе спектаклі, што патрабуюць хаця б мінімальнай мысленчай дзейнасці гледача, у тэатры лялек такія пастаноўкі праходзяць пры неверагодных аншлагах. На згаданых вышэй міфах Старадаўняй Грэцыі, адмыслова ўвасобленых рэжысёрам Яўгенам Карнягам, не тое што яблыку — гарошыне не было дзе ўпасці.

Гэты спектакль ішоў у дзень урачыстага адкрыцця фестывалю мастацтваў і тым самым адразу задаў надзвычай высокую планку ўсяму праекту. Напярэдадні ж гаспадары двойчы паказвалі свой несмяротны хіт — “Брэменскіх музыкаў”, стварыўшы святочную атмасферу. Цудоўная драматургія!

Вядома, астатнія спектаклі былі рознымі — у тым ліку, паводле сваіх мастацкіх якасцей. Але халтура тут ніколі не праходзіць, бо кіраўнік тэатра і “Лялечнага квартала” Віктар Клімчук вядзе прыдзірлівы адбор.

Асаблівасцю “Ночы перад Раством” тэатра “Карабаска” з Пярмі было спалучэнне планшэтных лялек з тантамарэскамі і ценявым тэатрам. Ды ўсё ж дададзеныя да аповеду ценявыя выявы Пушкіна і Гогаля ніяк не ўплывалі на відовішча, стаўшы для яго ўсяго “рамачкай”-акантоўкай.

/i/content/pi/cult/755/16341/7.JPG“Дзюймовачка” тэатра “Вандроўны сабачка” з Санкт-Пецярбурга шматабяцальна названа “філасофскай прытчай”. Мінімалізм, шэра-карычневая палітра, арыгінальныя, ледзь пазнавальныя абліччы персанажаў садзейнічалі стылёвай вытрыманасці. Але дзецям многае было незразумела: бацькі былі вымушаны ўвесь час тлумачыць ім, хто гэта і што адбываецца. Дарослых жа не зацікавіла сама казка, якая аказалася простым, хай і практычна бясслоўным пераказам вядомай гісторыі.

Большага чакалася і ад “Дзіцячага альбома” Чайкоўскага” з расійскага Іванава. Заяўлены як музычны спектакль, ён больш цягнуў да клаунады. Пад “Неапалітанскую песеньку”, вядомую па балеце “Лебядзінае возера”, выраблялі спагеці. Пад “Салодкую мару” расстаўлялі хаткі. Пад п’есу “Мужык на гармоніку грае” перакідваліся блінцамі. Пад “Старадаўнюю французскую песеньку” малявалі на шкле.

Затое добра абыграныя музычныя фрагменты ўпрыгожвалі іншыя дзіцячыя спектаклі. Цалкам традыцыйнай, з самымі простымі планшэтнымі лялькамі была “Зімняя казка” з Пензы. Але ж уразіў царкоўны перазвон — драўлянай лыжкай па чыгунку. Гэтак жа, як і “тры званкі” перад пачаткам прадстаўлення вандроўных артыстаў у спектаклі “Шыш, ці Як мужык з царом пасварыўся” з Рыбінска: па накрыўцы ад каструлі, па вілах і бляшчанцы. Дарэчы, паводле тых жа казак Барыса Шаргіна наш Алег Жугжда ў Гродне ставіў “Залачоныя ілбы”, летась прывозіў іх у Мінск на Міжнародны фестываль тэатраў лялек. Вось дзе была фантазія — найперш мастачкі Ларысы Мікінай-Прабадзяк: гродзенскія лялькі былі выраблены з металічнага кухоннага посуду — ад таркі да падшклянкаў.

Гледзячы кіеўскі спектакль “Была ў зайчыка хацінка”, згадваўся маладзечанскі — “Шматкі па закавулачках”, пастаўлены Аляксандрам Янушкевічам паводле той жа казкі. Бо ў нашым і прыдумак было больш, і гумару. Але што кранула ва ўкраінцах, дык гэта імкненне зрабіць лялек з простых побытавых рэчаў: дрэвы — са швабраў, Ваўка — з рукавіцы і шаліку, Мядзведзя — з заплечніка, надзетага спераду, Быка — з дзвюх падушак, якія толькі-толькі адыгралі ролю аблачынак.

/i/content/pi/cult/755/16341/8.JPGТое ж жаданне зрабіць тэатр літаральна з анічога, выкарыстоўваючы ўласныя рукі-ногі ды простыя падручныя рэчы, рухала выступленнямі “Чамадан-дуэта КВАМ” з Санкт-Пецярбурга. Андрэй Князькоў і Аляксей Мельнік прапанавалі, па іх уласным азначэнні, забаўляльна-пазнавальны спектакль для дзяцей і нават іх бацькоў “Мы к вам заехали на час, или Легко ли быть артистом”, які стаўся феерыяй творчых знаходак, неверагодным фантанам ідэй, нязмушана жартоўным гімнам вынаходлівасці: смех у зале не змаўкаў. Ёсць прасціна? Будзе прывід. Каструлька з шапкай-вушанкай? Вось вам і тыпаж. Няма нічога, акрамя ўласных рук? Значыць, зробім “стварэнне свету”: у мініяцюры “Эвалюцыя” перад намі праходзіць уся гісторыя нараджэння жыцця на зямлі. Мяркуючы па інтэрнэт-водгуках, праграма існуе больш за дзесяцігоддзе. Але артысты, пры ўсёй матэматычнай выверанасці рухаў і фантастычнай ансамблевасці, прыпадносяць яе з такой асалодай і захапленнем, быццам усё робіцца толькі “сёння і зараз”. Зрэшты, колькі б ні іграўся спектакль ці асобныя мініяцюры з яго, імправізацыйнасць закладзена тут, што называецца, на генным узроўні. На сцэну раз-пораз выклікаюць дзяцей, стасункі з якімі заўжды непрадказальныя, і вучаць іх не столькі асобным прыёмам, колькі самому творчаму палёту. А даказаўшы, што добрыя “стартавыя пазіцыі” ёсць у кожнага (іх трэба толькі разняволіць!), адначасова паказваюць вяршыні майстэрства.

Госці гасцямі, а “Лялечны квартал” стаў добрай падставай для штогодняй дэманстрацыі яшчэ і лепшых віцебскіх прэм’ер. Шмат сіл было ўкладзена тэатрам “Лялька” ў спектакль “Мастак. Вяртанне ў Віцебск”, прысвечаны Марку Шагалу. Відавочна, што ўся каманда на чале з рэжысёрам Віктарам Клімчуком працавала з вялікай адданасцю, нягледзячы на шматлікія перашкоды: штосьці падобнае даўно павінна было з’явіцца на радзіме вялікага творцы. Пэўна, не ўсё з задуманага атрымалася, і не па віне пастаноўшчыкаў. Але ўжо адно тое, што закранута шагалаўская тэма, годнае павагі. Магчыма, новы спектакль, вырашаны як “рэмінісцэнцыі pro domo sua”, натхніць і іншых. Бо прэм’ера пераконвае: зусім не абавязкова звяртацца да паслядоўнай біяграфіі — гэта могуць быць і нашы развагі пра месца мастака ў свеце. Спектакль узнімае і ўласцівую Беларусі праблему — неабходнасць стварэння ўсё новых твораў пра нашых гістарычных асоб. І твораў не лінейна-біяграфічных, а поліфанічных па закранутай тэматыцы. Бо праз жыццё кожнага класіка можна і трэба ўзнімаць самае шырокае кола вострай сучаснай праблематыкі, блізкай не толькі беларусам, але і ўсяму чалавецтву.

Неадназначныя думкі пакінуў спектакль “Казкі пра казку”, жанрава азначаны як “імправізацыя на дзве дзеі”. Малады рэжысёр Міхась Клімчук звярнуў на сябе ўвагу ўжо сваёй першай работай — тэатральна-цыркавой фантазіяй “Горад клоуна Піка”, дзе за аснову ўзяты неажыццёўлены тэлесцэнарый Міхаіла Барценева, пазней перапрацаваны ў п’есу. На гэты раз рэжысёр адштурхнуўся ад казак знакамітай беларускай мастачкі Ганны Сілівончык, змешчаных на яе сайце. І тым самым зацвердзіў зварот да новых, “незашмальцаваных” сюжэтаў як адну са сваіх вызначальных рысаў. Мастаком жа новага спектакля выступіла Соф’я Шахноўская.

Максімальна сціслыя, “пункцірныя” казкі (у кожнай — усяго некалькі сказаў), поўныя іроніі і прызначаныя для дарослых, у інсцэніроўцы рэжысёра былі адаптаваны для дзяцей. У паслядоўны аповед іх аб’яднала казка “Анёлы”, героі якой, падзеленыя на Белых і Навальнічных, спаборнічалі за дзіцячую ўвагу: маўляў, чые казкі лепшыя? Вядома, перамагло сяброўства: казкі, цікавыя і дзецям, і дарослым, вырашылі паказваць разам.

Спектакль атрымаўся жывы, рухавы, з гумарам, інтэрактывам. Артысты не проста гуляюць — выпраменьваюць энергетыку, запал, радасць творчасці. Але што здарылася з самімі казкамі? Калі не ведаць арыгіналу, можна скласці пра іх няправільнае меркаванне. Бо замест іроніі ўзнікла павучальнасць, часам нават непрыхаваны ментарскі тон. У аўтарскім варыянце іх “фантастычны рэалізм” скіраваны на парушэнне стэрэатыпаў. У спектаклі ж — наадварот, аповеды сталі “дыдактычным дапаможнікам”, пазбаўленым паўтонаў і падвойнага дна. Раптам падумалася: можа, гэтыя казкі ўвогуле не прызначаны для падобнага перакладу? Бо чамусьці аўтар, будучы мастаком, выклала іх на мове прозы і пазбавіла дэталяў, непазбежных пры візуалізацыі. У выніку кожны можа прачытаць іх па-свойму. Спектакль жа прапануе “адзіна правільны” варыянт, з якім так і хочацца паспрачацца.

Чаму прынц, ператвораны ў Мадагаскарскага прусака, павінен адразу ўзяць шлюб з дзяўчынкай, якая вызваліць яго ад чар? Ва ўмовах нічога няма пра каханне, толькі пра пацалунак. Дык дзяўчынка, атрымліваецца, патрабуе ўзнагароду за добрую справу? Ці чаму дзеці з добрымі ўчынкамі будуць жыць на белай аблачынцы і есці салодкі зефір, а непаслухмяныя — займацца прыборкай на чорнай і есці манную кашу з плеўкамі? Значыць, рабіць добрую справу і харчавацца не адно цукеркамі — дрэнна? Падобныя думкі ўзнікаюць у спектаклі з зайздроснай рэгулярнасцю, становячыся чымсьці накшталт “лейтматываў”. У саміж жа казках — не. Парадокс? Але, магчыма, у гэтым і была “фішка” пастаноўкі, разлічанай на адначасовае суіснаванне розных тыпаў успрымання, прадыктаваных узростам (6+) і не заўсёды залежнай ад яго ступенню развіцця крытычнага мыслення. Калі так, дык спектакль наўмысна правакуе падлеткавы пратэст. І гэта добра, бо разам з ім правакуецца і асэнсаванне, абмеркаванне ўбачанага, чаго так не хапае сучаснаму гледачу.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"