Пленэр прайшоў ужо трэці раз. Сёлета ў горад на Дзвіне прыязджалі мастакі з Ленінградскай вобласці, а таксама навучэнцы і выкладчыкі дзіцячай мастацкай школы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з Сургута Цюменскай вобласці. Арганізатарамі была падрыхтавана насычаная праграма, дзякуючы якой госці пазнаёміліся з культурна-гістарычнай спадчынай Прыдзвіння.
У Віцебску ўдзельнікі пленэру наведалі Арт-цэнтр і Дом-музей Марка Шагала, Цэнтр народных рамёстваў і мастацтваў “Задзвінне”. Пазнаёміліся яны і з віцебскімі калегамі, якія правялі майстар-класы: Валерый Кавальчук — па ганчарным мастацтве, Ігар Дураў — па станковай графіцы, Вольга Валюшкіна — па колеразнаўстве, Фелікс Гумен— па акварэлі, а Аляксандр Малей прадэманстраваў свой метад выкладання паводле Казіміра Малевіча.
Пабывалі расійскія госці і ў Здраўнёве, дзе жыў і ствараў Ілля Рэпін. Супрацоўнік музея-сядзібы Марына Федарэнка распавяла аб малавядомым расіянам здраўнёўскім перыядзе Іллі Яфімавіча. У Полацку маладыя і знакамітыя расійскія мастакі наведалі перліну старажытнарускага дойлідства XI — XVIII стст. Сафійскі сабор, Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр XII ст., мастацкую галерэю... Малявалі ўсюды: на старых вулачках Віцебска, ля Дома-музея Марка Шагала, на маляўнічым беразе Заходняй Дзвіны, у Здраўнёве.
Неразгаданая душа Шагала матэрыялізавалася, ператварыўшыся ў выдатныя палотны, якія да верасня будуць экспанавацца ў Цэнтры эстэтычнага выхавання “Маладзік”. На адкрыцці выстаўкі ўдзельнікам пленэру ўручылі дыпломы, сувеніры і мультымедыйныя дыскі на памяць аб днях, праведзеных на берагах Заходняй Дзвіны.
Алена АЛІМАВА
На здымку: удзельнікі пленэру ў Здраўнёве
Фота аўтара ...
і летнюю школу мастацтваў
12 жніўня адкрылася Міжнародная летняя школа мастацтваў, якая дзейнічае другі год пры Арт-цэнтры Марка Шагала.
Арганізатарамі школы сталі Віцебскі гарвыканкам, дзіцячая мастацкая школа № 1 Віцебска. 28 юных талентаў з Беларусі, Германіі і Латвіі будуць спасцігаць майстэрства стварэння візуальнага вобраза не толькі на мастакоўскім палатне, але і ў прасторы, з дапамогай харэаграфічнага і тэатральнага мастацтва. Партнёрам летняй школы стаў Беларускі тэатр “Лялька”. А майстар-класы правядуць, як паведамляе дырэктар Дома-музея Марка Шагала Людміла Хмяльніцкая, лепшыя харэографы і акцёры-лялечнікі.Заключным мерапрыемствам заняткаў па пашырэнні творчай свядомасці навучэнцаў летняй школы стане перформанс у садзе Дома-музея Марка Шагала, дзе і будзе паказана харэаграфічна-лялечная дзея, а лепшыя лялькі юных талентаў папоўняць фонд Міжнароднай летняй школы.
А.С.