“Рэдка рабіў усё як усе”

№ 29 (1416) 20.07.2019 - 27.07.2019 г

19 ліпеня памёр народны артыст Беларусі Аўгуст Мілаванаў. У чэрвені ён адсвяткаваў 82-годдзе. Сёння з 11.00 да 13.00 на галоўнай сцэне Купалаўскага тэатра, якому Аўгуст Лазаравіч быў адданы амаль усё сваё творчае жыццё, адбудзецца грамадскае развітанне з выкладчыкам, натхняльнікам і надзвычай моцным акцёрам. Пахаваюць яго на Усходніх (Маскоўскіх) могілках у Мінску.

/i/content/pi/cult/754/16334/19.JPGЛёсы многіх людзей складваюцца з шэрагу нечаканых здарэнняў і выпадковых сустрэч. Ці мог валгаградскі хлопчык здагадвацца, што ён будзе зрываць авацыі на сцэне нацыянальнага беларускага тэатра? А пачыналася ўсё з неспадзяванкі: паспяхова здаўшы ўсе іспыты ў ГИТИС, шчаслівы абітурыент забраў дакументы. Для такога дзіўнага на першы погляд кроку былі высакародныя падставы: яго сябра на тых жа ўступных зрэзалі. З пачуцця салідарнасці Аўгуст Мілаванаў вярнуўся ў Валгаград.

Неяк у Валгаградскі драматычны тэатр імя Максіма Горкага завіталі брэсцкія акцёры. Яны і паведамілі памочніку рэжысёра Мілаванаву, што ў Мінску Дзмітрый Арлоў набірае акцёрскі курс. Юнак без ваганняў перабраўся ў беларускую сталіцу.

— Аўгуст быў любімым вучнем майго бацькі, — распавяла “К” тэатральны крытык, прафесар Таццяна Арлова. — Мілаванаў быў актыўны ў творчых пошуках, імкнуўся глядзець, чытаць, даведвацца, дапытвацца. Ён “угрызаўся” ў бацькаў досвед, задаваў пытанні, не спыняўся ў сваім прафесійным развіцці. У нашым доме Аўгуст, як і Геннадзь Гарбук,
заўсёды быў сваім чалавекам. Бацька радаваўся іх сумесным насычаным творчым размовам.

Гэты курс увогуле быў вельмі таленавітым. З яго выйшлі будучыя заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Фама Варанецкі, народная артыстка Беларусі Бэла Масумян.

— Бацька ведаў, што на размеркаванні студэнтаў могуць выправіць каго куды, і вельмі перажываў, каб таленавітая моладзь не згубілася, — працягвае Таццяна Дзмітрыеўна. — Ён дамовіўся, каб касцяк курса паехаў у Віцебск да моцнага рэжысёра Барыса Шчарбакова. Мілаванаў быў у ліку той групы дыпломнікаў. Праўда, у Віцебску ён затрымаўся ненадоўга. У хуткім часе Аўгуст выйшаў на сцэну Купалаўскага тэатра, якому аддана служыў на працягу доўгіх дзесяцігоддзяў.

Спадарыня Арлова лічыць зорнай роллю Мілаванава вобраз гарэзы Зурыко ў купалаўскім спектаклі “Я, бабуля, Іліко і Іларыён”.

— Мы сябравалі са студэнцтва, таму магу дакладна сказаць, што Аўгуст рэдка рабіў усё як усе, — адзначае Таццяна Дзмітрыеўна. — Ён удумліва ставіўся да прафесіі, дапытліва яе вывучаў, прыдзірліва даследаваў і вельмі часта не падпарадкоўваўся агульнаму меркаванню. Ён з самага пачатку быў вельмі пераборлівы ў творчасці. Што было не па ім, заўсёды гаварыў прама, у лоб, ніколі не шукаў прыгожых слоў. А гэта не ўсім падабаецца, таму яго творчы лёс быў няпростым, хоць ён — чалавек надзвычай таленавіты.

Мілаванаў працаваў з рознымі рэжысёрамі, аднак хутка знайшоў “свайго” — Валерыя Раеўскага. У тандэме яны зрабілі шмат прыкметных прац.

— Калісьці Раеўскі першым паставіў у Беларусі Брэхта, — расказвае Таццяна Арлова. — У спектаклі “Што той салдат, што гэты” Мілаванаў стварыў цудоўны вобраз Гэлі Гэя — чалавека з абаяльнай лагоднасцю, якая адным падавалася пакорлівасцю, іншым — бязволлем, трэцім — вытанчанасцю натуры, а самому герою дазваляла быць “сабе на ўме”. У “Ромуле Вялікім” па Дзюрэнмату Аўгуст быў пазнавальным і непазнавальным адначасова. Бо знешнасць яскравая (яму не трэба было, як многіх іншым акцёрам, хавацца за грым), а вобраз — нестандартны, у духу той літаратуры, якую ён вельмі любіў.

Па словах тэатральнага крытыка, народны артыст ніколі не захоўваў дрэнную літаратуру. І для дома, і для сцэны ён выбіраў творы, у якіх адчуваў патэнцыял нешта зрабіць.

У тэатры ў Мілаванава было шмат галоўных роляў, у кіно ж ён пагаджаўся і на другарадныя вобразы, аднак умеў маленькі эпізод зрабіць вельмі яскравым.

— У апошнія гады знешнасць Аўгуста стала даволі спецыфічнай. Мо таму ў кіно яго часта клікалі на ролі бамжоў, няўдалых людзей. Аднак як яму ўдавалася расквеціць маленькую ролю! Вось зараз на тэлебачанні паўтараюць серыял “Вакзал”. У ім артыст стварыў вельмі прыкметны вобраз.

Пасля сыходу на пенсію Мілаванаў разам з жонкай Галінай Талкачовай — таксама народнай артысткай Беларусі — вялі адасобленае жыццё. Магчыма, справа ў тым, што Мілаванаў быў у сяброўстве такім жа прынцыповым, як і ў творчасці. Таццяна Дзмітрыеўна мяркуе, што акцёру было складана знайсці блізкіх па духу людзей, хто разумеў бы яго і падтрымліваў.

— Яны з Галінай не былі публічнымі людзьмі. Пасля сыходу з тэатра пра іх мала пісалі, амаль не рабілі з імі інтэрв’ю, — смуткуе крытык. — Яны ж у апошні час нікуды не хадзілі са свайго дома, ні з кім не мелі зносін. Адзіны сын Дзмітрый жыве за межамі Беларусі. Я часта запытвала ў Аўгуста, як жа ў такіх умовах творчаму чалавеку не згубіць форму. Артыст адказваў, што яны з жонкай шмат глядзяць добрага замежнага кіно, а пасля абмяркоўваюць убачанае. Карціну свету для іх дапаўнялі кнігі. Усё ж Мілаванаў быў разумнікам, якіх не так шмат бывае.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"