Трагедыя, увасобленая ў камяні

№ 29 (1416) 20.07.2019 - 27.07.2019 г

Не так даўно ў Светлагорску завяршыўся пленэр скульптараў, прысвечаны спаленай нацыстамі вёсцы Ала. Цяпер, калі ўсе восем кампазіцый набылі свае канчатковыя абрысы, міжволі думаеш пра тое, што ні бліскучы граніт, ні высакародны мармур не маглі б замяніць звычайныя прыродныя камяні-валуны, камяні-глыбы, якія стагоддзямі назапашвалі моц і памяць, удасканальваючы ўласнае непаўторнае аблічча. Кожны з іх сваёй амаль двухметровай вышынёй і своеасаблівай канфігурацыяй падказваў скульптарам многае з таго, што яны збіраліся ўвасобіць.

/i/content/pi/cult/754/16331/14.jpgА працавалі ў нашым горадзе дасведчаныя разьбяры, у творчым лёсе якіх было нямала рэспубліканскіх і міжнародных пленэраў. Гэта мінчане Кацярына Зантарыя, Ігар Засімовіч, Валянцін Борзды, Сяргей Возісаў, Міхаіл Яршоў, Валерый Малахаў, а таксама магілёвец Карней Аляксееў і светлагорац Аляксандр Камардзін.

Назапашвальнік памяці

Усе восем скульптараў, якія апынуліся на творчай пляцоўцы санаторыя “Срэбныя ключы”, вядома ж, мелі сваё ўяўленне той трагедыі, якая адбылася 14 студзеня 1944 года, калі фашысты цягам адной раніцы расстралялі і спалілі 1758 мірных жыхароў (сярод іх — 950 дзяцей) з вёсак Светлагорскага і Жлобінскага раёнаў. Усе яны сышліся ў Але, каб дачакацца прыходу Чырвонай Арміі. Па колькасці ахвяр гэта — 12 Хатыняў!

Такога маштабу трагедыі, мабыць, не зведала ніводнае паселішча Беларусі. Хаця толькі ў Гомельскай вобласці — 33 спаленыя і неадроджаныя вёскі. Мемарыял задуманы як наша журботная памяць пра кожную з іх. Да таго ж, побач — брацкая магіла савецкіх воінаў, у якой пахавана 1020 салдат і афіцэраў…

Вельмі добра сваё адчуванне выказала ў гутарцы са мной Кацярына Зантарыя: “Я адразу ж зразумела, што мой камень — назапашвальнік памяці. Ён існаваў задоўга да гэтых падзей. Быў сведкам шматлікіх наступных — і працягвае існаваць цяпер. Пройдзе шмат гадоў, зменіцца нямала пакаленняў, але ўнутры каменя застанецца памяць”.

У сваім творы Кацярына імкнулася дамагчыся таго, каб у нябачным сэрцы каменя адбіліся падзеі 14 студзеня 1944 года. А для гэтага сілай таленту трэба спыніць час, надаць яму фрагментарнае ўвасабленне пульсуючага жаху чалавечай трагедыі. І вось, на камяні праявіліся прывідныя рукі, твары… А расколіна ў ім набыла новы глыбінны сэнс — у яе можна зазірнуць, як у жарало, і ўбачыць тое, ад чаго здрыганецца не толькі памяць.

Ды і сама форма каменя ўвасабляе сваімі дыяганальнымі дынамічнымі рытмамі велізарнае пажарышча, у сярэдзіне якога — 12 чалавечых выяваў. Кожная з іх своеасаблівая. Хтосьці, здаецца нам, плача, хтосьці змірыўся, нехта спадзяецца, а нехта ўжо страціў веру… Мімаволі захапляешся ўменнем перадаць увесь каларыт пачуццяў і прадчуванняў тых, хто асуджаны на немінучую згубу.

Не меней эмацыйны і левы бок кампазіцыі. Аднекуль з таямнічай глыбіні праступаюць у балючым крыку твары тых, хто гіне ў полымі…

Франтальны першы план кампазіцыі — паліраваная плоскасць — колерам і формай нагадвае абпаленую сцяну ў апошніх бліскавіцах агню, вырвацца з якога не ўдалося амаль нікому. Кацярына Зантарыя здолела перадаць на ёй унутраную пульсацыю, рух, пераадолець статыку матэрыяла. Мы бачым трапятанне рук невідочных, але выразна прысутных ахвяр Алы, якія просяць аб літасці.

— Мяркую, што, улічваючы трагізм тэмы, гэтая скульптура не можа быць прыгожай. Гэта не дэкаратыўна-паркавая пластычная выява! Гэта — найперш мемарыяльны знак. Ён павінен гучаць моцна, быць страшным і хваравітым, — растлумачыла аўтарка ўвасобленую задуму, назваўшы сваю скульптурную кампазіцыю “Памяць пра апошні дзень”.

У пошуках ратунку

Здавалася б, пры аднолькавасці тэмы было не пазбегнуць міжвольных паўтораў сродкаў яе ўвасаблення. Але сапраўдныя творчыя індывідуальнасці акурат і вылучаюцца тым, што іх патэнцыял разнастайнасці практычна невычарпальны.

Неяк не хочацца дапасоўваць да гэтых твораў звыклыя мастацтвазнаўчыя вызначэнні: гарэльеф, барэльеф, графіка на камяні, паглыблены рэльефны малюнак… Усе яны адсоўваюцца кудысьці ўбок перад важнасцю таго, што выяўляецца сілай майстэрства — ці, наадварот, сыходзіць у глыбіню адвечнага каменя.

Вось і Валянцін Борзды назваў сваю скульптуру вельмі ёмістым словам: “Лікі”. Так, у прысутнасці непазбежнай смерці звычайныя чалавечыя твары ператвараюцца ў адухоўленыя абліччы. Скульптар паказвае іх нам у выгінах полымя, якое надае кампазіцыі трагічную рухомасць і ў той жа час непарыўную цэласнасць. Камень тут нібы жыве нейкім унутраным адчуваннем трагедыі.

Ды і Міхаіл Яршоў змог таленавіта абагульніць скульптурную выяву рэальнай жанчыны — Аксінні Курловіч, якая, разумеючы непазбежнасць смерці, сама папрасілася ў нямецкага афіцэра дазволу згарэць ва ўжо ахопленай полымем роднай хаце. Але і ў гэтай канкрэтыцы скульптар здолеў перадаць адчуванне чалавечай святасці. “Вымушанае самаспаленне” — адчувальны не толькі зрокам гімн неўтаймоўнай ахвярнасці дзеля захавання чалавека ў чалавеку нават перад непазбежнасцю смерці.

Працягваюць гэтую стылістычную танальнасць Карней Аляксееў і Аляксандр Камардзін. Першы з іх выяўляе ў глыбіні каменя фігуру хлопчыка, які рвецца да выратавання. Пластыка падпаленага хлява і рухаў юнага цела, якое прагне выжыць, зліваецца разам. Назва — “Няма ратунку!” — як фінал трагічнага сюжэта. Знямела крычыць “Не страляй!”, аберагаючы сваю прастрэленую ляльку, і дзяўчынка ў вельмі эмацыйнай кампазіцыі Камардзіна.

Зусім іншыя творчыя магчымасці выявіў Валерый Малахаў, працягваючы серыю журботных партрэтаў. Яго бабулька, якая заняла сваім паўгарэльефным профілем усю прастору каменя, глядзіцца сапраўды велічна і мудра — але ў той жа час гэта і ёсць “Асуджанасць”, як назваў скульптуру аўтар. Вельмі добра падкрэслівае беларускасць рэалій і арнамент, узя-
ты з ручніка, характэрнага для вёскі Мармавічы нашага Светлагорскага раёна.

Далоні як брама

А вось Ігар Засімовіч, у адрозненне ад калег, аддаў перавагу сімволіцы маштабнага абагульнення. Ён раскалоў свой камень на дзве роўныя часткі, якія дзякуючы яго таленавітаму майстэрству сталі далонямі, працягнутымі ў малітве да неба (“Малітва”). Па задуме скульптара, прастора паміж імі павінна быць уваходам да астатніх кампазіцый. І найперш — да “Спаленага сэрца Алы”. Гэта ўжо скульптурная праца Сяргея Возісава. Цэласная, эмацыйная, з двухбаковым малюнкам. Так, на зваротным баку — сілуэты прывідна лунаючых хат…

Без сумневу, сабраныя разам у прапанаваным аўтарамі парадку, гэтыя кампазіцыі ў камені навечна захаваюць памяць пра тое, што адбылося 75 гадоў таму ў вёсцы Ала. Тым больш, нарэшце вызначыўся і заказчык будучага мемарыяла. Гэта ўпраўленне капітальнага будаўніцтва Гомельскага аблвыканкама.

Пленэр змог адбыцца дзякуючы сардэчнай зацікаўленасці ў ім шматлікіх энтузіястаў.

Асвяціў будучыя скульптуры і блаславіў творцаў на натхнёную працу архімандрыт Алексій (Жэленок). Знайшоў час для натхняльных сустэч са скульптарамі старшыня Светлагорскага райвыканкама Дзмітрый Алейнікаў.

Трагедыя вёскі Ала, увасобленая ў камені, чакае свайго мемарыяльнага завяршэння.

Ізяслаў КАТЛЯРОЎ