Аўдыя & Відэа

№ 29 (1416) 20.07.2019 - 27.07.2019 г

Чэрвеньскія аўдыя / відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць музычны журналіст Сяргей БУДКІН (A.) і спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура”, музычны крытык Алег КЛІМАЎ (B.).

АЎДЫЯ

/i/content/pi/cult/754/16327/DeeT_opt.jpegГурт Dee Tree, альбом All is 111

A.: Dee Tree для мяне — адно з самых прыемных адкрыццяў у беларускай музыцы апошніх гадоў. Калі пачуў першы іх дэма-запіс (здаецца, гэта быў трэк Don’t Play), не даў веры, што гэта зроблена тут і цяпер: так склалася, што падобная музыка — вялікая рэдкасць для нашай тэрыторыі. Агулам жа альбом пакідае вельмі добрае ўражанне — ён вельмі цёплы, пазітыўны і пяшчотны. Заўжды прыемна глядзець на людзей, якія сябе знайшлі. Ад гэтых музыкантаў сыходзіць асаблівая энергетыка, яны плывуць па жыццi, нібы па хвалях, без нервовых торганняў і лішніх целарухаў. Іх творчасць — цалкам натуральная, бо адлюстроўвае ўнутраны свет, а таму няма ў ёй і следу штучнай зробленасці ды сляпога прыпадабнення, на што збольшага хварэюць асабліва тыя беларускія артысты, якія абіраюць для творчасці англійскую мову выканання. На сваіх “жывых” сэтах гурт часам паказвае, наколькі цікава ён можа спалучаць беларускі фальклор з соўлам. Шкада, што на гэтым альбоме няма такіх песень, але хочацца спадзявацца, што і гэтыя эксперыменты таксама будуць зафіксаваныя ў студыі.

B.: Альбом для сапраўдных гурманаў сусветнай музыкі, але ў нас такое мастацтва ідзе па разрадзе нішавых, паколькі соўл (а менавіта яго выконвае гурт — на англійскай мове, з жаночым вакалам) у Беларусі гучыць, як правіла, у клубах і на асобных фестывалях. Так што, напрыклад, вядомаму аматару дадзенага кірунку, знакамітаму спеваку Валерыю Дайнеку, пажадай ён азнаёміцца з творчасцю Dee Tree, будзе нялёгка адшукаць назву гэтага калектыву на афішных слупах, якія анансуюць аршыннымі літарамі яго выступ.

Усё чысценька, прафесійна, смачна сыграна, праспявана, запісана. Праўда, сама праграма не такая ўжо бомба, але святам для слыху і душ “асвечаных” меламанаў, напэўна, усё ж стане.

ВІДЭА

/i/content/pi/cult/754/16327/Navi_opt.jpegГурт Naviband, кліп на песню “Галілеа (Два чалавекі)”

А.: Гляджу відэашэраг да новага кліпа Naviband і чую не новую песню, а іхны дэбют — “Абдымі мяне”. Надта ўжо здымкі пасуюць да атмасферы таго спеву і ўспрымаюцца нібы працягам таго роліка, які калісьці прынёс Арцёму і Ксюшы вядомасць. Калі ацэньваць без сантыментаў — набор прыгожых кадраў без гісторыі. А таму як гледача не чапляе, бо хочацца дзеі, а яе ў кліпе няма — нібы кадры з фотасесіі гартаеш у паскораным рэжыме. Што да песні, то выдатна, што музыканты не спыняюцца і працягваюць працаваць над якасцю. Але ўсё ж песня падалася досыць шараговай, бо не адчуваецца тут адметнасці Naviband: індывідуальнасць гурта найлепей перадаецца менавіта праз беларускую мову.

B.: Вельмі яркі па карцiнцы кліп, цёплы, па-сапраўднаму летні. Прыклад таго, як асабліва не затлумляючыся, а проста выкарыстоўваючы фонам прыгажосці прыроды, можна зняць годны ролік. Ну а на ўсім гэтым буянстве фарбаў вядуць сваю музычную размову два чалавекі — лідары гурта Naviband — людзі таленавітыя, закаханыя, маладыя бацькі, якія ўвасабляюць сваім знешнім выглядам само жыццё. Не думаю, што песню чакае лёс безумоўнага хіта, але і адкрыта прахадной яе не назавеш. Адносна выбухны прыпеў трэка дапаможа стаць яму жаданым на ўсіх радыёстанцыях, што спецыялізуюцца на поп-творах. А спяваецца ў кампазіцыі пра каханне — пра тое, што гэта, увогуле, за няпростая штука, над якой трэба пастаянна працаваць. Пажадаем жа героям песні ўдарнай працы на гэтай ніве і абавязкова са шчаслівым зыходам!

/i/content/pi/cult/754/16327/SaferOne_opt.jpegSaferOne, кліп на песню “Новы круг”

А.: Гэта міма. Не выпадае чакаць цікавага і арыгінальнага выказвання ад чалавека, які называе сябе “бульбашом”. Хлопец памаляваўся на фоне барселонскіх краявідаў. Банальна, аднамерна, правінцыйна.

B.: Рэпер не так даўно перабраўся ў Барселону і адтуль шле нам усім гарачае гішпанскае прывітанне. Шле кліп, у якім разгульвае па тамтэйшых вуліцах, размахвае рукамі, “грае тварам”, тусуецца, мабыць, з мясцовымі абарыгенамі. Усё жыва, рытмічна і энергічна, і ёсць на што паглядзець у горадзе. І шле тэкставы выклік, мабыць, пакінутым на радзіме былым калегам па хіп-хопу, можа быць, такім чынам робячы першы крок да завочнага батлу з імі. Маўляў, вы ўсё там жа, а я вось крута змяніў сваё жыццё, ці слабо вам нешта памяняць у сабе і вакол? Адказу ад прыяцеляў (ці ад непрыяцеляў) я пакуль яшчэ не чуў і не бачыў. Верагодна, на самай справе слабо.

/i/content/pi/cult/754/16327/Freddy Red_opt.jpegFreddy Red, кліп на песню “Уласны рай”

А.: А ў гэтым відэа — акурат экшн. І хоць адразу зразумела, што не ляжа ў другім раундзе гэты хлопец-баксёр, як таго просіць замоўца, усё адно відэа трымае ўвагу. Як і трэк. Такая яна сёння — музыка мiнскіх ускраінаў. У рэп-музыцы на постсавецкай прасторы беларусы яўна задаюць тон. І тут ужо сфарміравалася свая школа, у якой досыць высокая планка якасці. Трэк Фрэдзі зроблены ў стылі, тонка і з густам. Адчуваецца, што выканаўца жыве сваёй музыкай ды імкнецца да дасканаласці. Артыстаў з такімі якасцямі можа чакаць вялікая будучыня.

B.: Гэтага артыста (ён таксама рэпер) заўважыў сам Макс Корж, што ўжо пра многае кажа. Відэа ж вяртае нас у зіму — гэта падарожжа яго героя пешшу і ў аўтамабілі па змрочненькаму, пераважна пагружанаму ў цемру і змярканне Мінску. Ходзіць юнак па ім і шукае ўласны рай, апыняючыся падчас пошукаў нават у такім месцы, як нейкі байцоўскі клуб. Але агрэсіі ні ў роліку, ні ў тэксце трэка няма. І калі вы таксама нешта шукаеце, я жадаю абавязкова гэта знайсці!

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"