Падвойнае дно “Прымітываў”

№ 29 (1416) 20.07.2019 - 27.07.2019 г

На пляцоўцы Оk16 у рамках праекта “Тэатр. Адукацыя. Кіно” адбылася прэм’ера спектакля “Прымітывы”, прысвечанага мастачцы-самавучцы Алене Кіш і пастаўленага рэжысёрам Аляксандрам Марчанкам.

/i/content/pi/cult/754/16326/10.JPGІмя мастачкі са Случчыны, якая хадзіла па вёсках ды малявала дыванкі на сцены, сёння ведаюць многія. А вось пра яе саму невядома амаль анічога. У пошуках звестак і ўспамінаў пра мастачку-дзівачку стваральнікі спектакля наведалі не толькі бібліятэкі ды архівы, але і вёскі. З усяго гэтага Аляксей Андрэеў склаў п’есу. Ды ўсё ж лічыць “Прымітывы” біяграфічным спектаклем наўрад ці правільна. Жыццё Алены Кіш становіцца ў ім хіба штуршком для роздумаў пра лёс творцы і, тым больш, жанчыны.

Ні сама мастачка, увасобленая кімсьці з артыстак, ні выявы яе прац у спектаклі так і не з’явяцца. На запланаванай пасля спектакля дыскусіі ледзь не ўсе гаварылі, што дыванкоў не хапала. Але ў гэтым, пэўна, быў свой рэжысёрскі ход — бы спасылка да праславутай класікі абсурду “У чаканні Гадо”. Насамрэч, дыванкі патрабуюць асобнай размовы, якая ў спектаклі толькі намацана. На маю думку, у іх выказана не столькі ўласна прыгажосць, колькі, наадварот, неспалучальнасць прыгажосці з тагачасным атачэннем. Таму і бачацца ў іх відавочныя эстэтычныя перазовы з будучым суровым стылем у жывапісу 1960-х — амаль “прадказанне” яго некаторых рысаў. А тры асноўныя тэматычныя лініі: дзева на водах, ліст да каханага і рай — адпавядаюць, як было заўважана на абмеркаванні, галоўным жыццёвым кропкам, адзначаным у фальклорнай абрадавасці: нараджэнне, вяселле, смерць.

У спектаклі ж акцэнтуюцца рэаліі перадваеннага часу, калі і малявалася большасць тых дыванкоў. Таму назва “Прымітывы” набывае падвоены сэнс: гэта і ўласна інсітнае мастацтва, якое называюць прымітывізмам, і трапная характарыстыка самога яго атачэння.

Алесь Малчанаў выдатна агучвае і абыгрывае фрагменты дзённіка аднавяскоўца Алены Кіш, і ўжо адно гэта становіцца цудоўным монаспектаклем. Уся сцэнаграфія Ганны Балаш — чатыры белыя сталы са шматлікімі шуфлядамі. Вязаны абрус, квяцістая хустка, рознакаляровыя прасціны: белая, чорная, чырвоная, сіняя, зялёная. З пластыкавых бутэлек на нашых вачах складаюцца заморскія пальмы — быццам візуальнае ўвасабленне радкоў Ганны Ахматавай пра вершы, што растуць са смецця. Спасылкай да стужкі “Чапаеў” братоў Васільевых — перасоўванне бульбін па стале. Фігурка Леніна таксама складаецца з бульбіны, працятай алоўкам з чырвоным шматком. А намотванне на яе нітак з чатырох клубкоў — сімвал чалавечых лёсаў, загубленых дзеля захавання ўлады.

У якасці задніка — экран. На ім раз-пораз будуць з’яўляцца дакументальныя кадры (відэатэхнік — Кацярына Чакатоўская). А яшчэ да пачатку дзеі маўкліва ўзнікаюць тэксты — выказванні прадстаўнікоў сферы культуры пра мастачку і яе творчасць, пра тое, якім можа ці павінен быць спектакль. Дзмітрый Лук’янчык, уладкаваўшыся на сцэне ў атачэнні музычных інструментаў, стварае жывую гукавую атмасферу, дзе змяшаны і шумавыя эфекты, і аўтэнтычнае выкананне беларускіх народных песень.

Атрымаўся сучасны сінтэтычны спектакль, дзе кожная дробязь мае сэнс і выклікае роздум. На гэта і разлічаны праект, часткай якога становіцца далейшае абмеркаванне ўбачанага. У час яго высвятляецца, што два дываны Алены Кіш, якія захоўваюцца ў Заслаўскім краязнаўчым музеі, патрабуюць рэстаўрацыі. Што працы не толькі гэтай мастачкі, але і, напрыклад, куды больш раскручанага Язэпа Драздовіча няма дзе паглядзець — хіба толькі ў час адмысловай выставы. Таму грамадскай рэакцыяй на новы спектакль павінны быць не адно водгукі і рэцэнзіі, але і далейшыя спробы вырашыць тое шырокае кола праблем, што ў ім закранута.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"