Выпрабаванне на трываласць

№ 29 (1416) 20.07.2019 - 27.07.2019 г

Колькі яшчэ недаўгавечны пластык зможа захоўваць памяць пра беларускага класіка?
Кожны адукаваны беларус, які бываў у Вільні, хутчэй за ўсё, хоць раз трапляў на Росы — славуты некропаль, заснаваны на пачатку ХІХ стагоддзя. Сярод тысячаў пахаванняў дасведчаны следапыт без асаблівых праблем знойдзе дзясяткі — калі не сотні — магіл тых асобаў, якія зрабілі немалы ўнёсак у развіццё беларускай культуры. Паэт Уладзіслаў Сыракомля (Людвік Кандратовіч), мастак Францішак Смуглевіч, археолаг Яўстах Тышкевіч... Спіс можна доўжыць і доўжыць. Ёсць тут і кенатафы — сімвалічныя пахаванні. Напрыклад, Антона Луцкевіча, які знайшоў спачын у далёкай Свярдлоўскай вобласці. Сярод мноства дагледжаных магіл і трывалых помнікаў ёсць толькі адно пахаванне, якое выклікае не толькі вялікую шкадобу, але і пачуццё глыбокага сораму. Бо звязана яно з чалавекам, які пры жыцці атрымаў статус “бацькі найноўшай беларускай драматургіі”. А па факце яго можна назваць стваральнікам беларускага тэатра і адным са слупоў, на якіх паўстала незалежная Беларусь.

/i/content/pi/cult/754/16322/6.JPGЯк Пізанская вежа

Днямі знаёмая апублікавала ў сеціве фотаздымак помніка Францішка Аляхновіча на могілках Росы. Каментарый пад ім як набат: “Вы ведаеце, што помнік развальваецца? Ён у жахлівым стане. Любы вандал за 15 хвілін здолее яго знішчыць... Можа, падумаем, што варта зараз зрабіць?”

Мы вырашылі разабрацца ў гэтым застарэлым пытанні — і, як высветлілася, далей і сапраўды цягнуць нельга. Бо акурат цяпер на грошы Еўразвязу на могілках Росы ўдарнымі тэмпамі ідзе добраўпарадкаванне “па-еўрапейску”. Аднаўляюцца капліцы, падымаюцца паваленыя камяні, рамантуюцца старыя агароджы. Гэта зусім не тое “бульдозернае” добраўпарадкаванне, якое мы маглі назіраць на мінскіх Вайсковых могілках, і якое завяршылася спыненнем усіх прац і судовымі працэсамі супраць КБА. Але тым не менш…

Помнік Аляхновічу, створаны са шклавалакна і баксітнай смалы, з кожным годам усё больш нагадвае Пізанскую вежу. І ўяўляе з сябе немалую пагрозу для здароўя як аматараў беларускай гісторыі і культуры (а яны нярэдка ладзяць свае паломніцтвы да Аляхновіча), гэтак і кожнага, хто проста міма праходзіць. А справа ўся ў тым, што ўсталёўваўся ён на капітальны бетонны падмурак часова.

На розум адразу прыходзіць знакамітае прыслоўе: “Няма нічога больш сталага, чымсьці часовае”. Але ўсё ж верыцца, што гэта не той выпадак.

Кенатаф на Літарацкім пагорку

Трагічнае жыццё беларускага драматурга абарвалася 3 сакавіка 1944-га стрэламі з рэвальвера. Гісторыя забойства Аляхновіча і да гэтага часу не разблытана, бо ніводная з дзейных тады палітычных сіл так і не ўзяла на сябе за яго адказнасць. Пахаванне шанаванага ўсімі чалавека пераўтварылася ў сапраўднае жалобнае шэсце, якое расцягнулася па вуліцы Гедыміна больш чым на кіламетр. Пахавалі Францішка Аляхновіча на кальвінскіх могілках пасля набажэнства ў тамтэйшай святыні.

Прайшлі гады, і напрыканцы 1950-х гарадскія ўлады Вільнюса ўзяліся за сістэматычнае знішчэнне старажытных могілак. Вырашана было пабудаваць на іх месцы Палац шлюбаў — што неўзабаве і зрабілі. Праўда, сваякі спачылых атрымалі дазвол на перанос парэшткаў на іншыя могілкі. Але заняцца перапахаваннем Аляхновіча тады не было каму. Жонка з сынамі пасля вайны перабралася ў Польшчу, сваякі і сябры, калі і заставаліся ў жывых, проста не наважыліся на гэта.

Аднак прыкладнае месца, дзе знаходзілася магіла, сведкі ведалі. І калі часы змяніліся, віленскія беларусы з “Таварыства беларускай культуры ў Літве” дабіліся ад гарадскіх уладаў дазволу на стварэнне кенатафа Аляхновіча на Росах. Замест раскопак абмежаваліся зямлёй з меркаванай магілы. Яе і перанеслі на Літарацкі пагорак.

Там жа быў усталяваны і помнік Аляхновічу. Стварыў яго “на грамадскіх пачатках” вядомы віленскі скульптар Эдуард Падбярэскі. Сродкаў на тое, каб выканаць аб’ект у бронзе або камяні, тады не было. Таму засталося пагадзіцца на часовы варыянт: гіпсавую мадэль залілі баксітнай смалой.

Усё без зменаў

Ад пачатку такі помнік быў разлічаны не болей чым на дзясятак гадоў. Але прайшло ўжо амаль 30, а стаіць ён дагэтуль. Таму і нядзіва, што выдатны партрэт класіка разца Падбярэскага даўно ўжо не цешыць вока мінака.

Зразумела, за гэтыя часы не раз падымалася пытанне аб тым, каб завяршыць эпапею з ушанаваннем памяці Аляхновіча ды замяніць часовы помнік на пастаянны, выкананы ў трывалым матэрыяле. Але для гэтага патрэбныя немалыя грошы, і шторазу іх не знаходзілася.

Хаця спробы знайсці рабіліся. У 2008 годзе для гэтага нават быў створаны адпаведны камітэт, а пра ўсталяванне помніка беларускія СМІ пісалі як пра справу вырашаную.

У 2015 годзе яны ізноў застракацелі аптымістычнымі навінамі. Тады старшыня грамадскага аб’яднання “Беларускі музей імя Івана Луцкевіча” Людвіка Кардзіс паведаміла, што помнік Францішку Аляхновічу гатовыя прафінансаваць яго нашчадкі з Польшчы.

Але прайшло ўжо чатыры гады, а справа пакуль не зрушылася.

Падыходзячы да сімвалічнай магілы Аляхновіча, якая месціцца на самай вяршыні “Літаратурнага пагорка”, кожнага разу спадзяешся, што здарыўся цуд. Што ўрэшце рэалізаваліся намеры віленскіх беларусаў прыбраць стары пластыкавы муляж помніка, і ўсталяваць помнік сапраўдны — годны, каменны. Пра планы на гэты конт мы раз-пораз чуем ужо гадоў дзесяць

Але, вядома, цудаў не бывае. Па стане на сёння, усё без зменаў.

А цяпер пытанне. Што мы, мінскія беларусы, можам зрабіць, каб дапамагчы віленскім суайчыннікам? Няўжо міне яшчэ гадоў дзесяць, а мы па-ранейшаму будзем суцяшаць сябе ды яшчэ раз заяўляць пра поўную гатоўнасць да старту? Пагатоў, Аляхновіч і для Мінска не чужы — ягоны ўнёсак у яго тэатральнае жыццё цяжка перацаніць.

Думаецца, пра ўсталяванне новага помніка павінна рупіцца не толькі нешматлікая сёння суполка віленчукоў, але і неабыякавыя людзі з “мітраполіі”. Аб’яднаўшы свае намаганні з дзяржаўнымі і дыпламатычнымі структурамі.

Вельмі спадзяюся, што неўзабаве справа пойдзе. І нам не прыйдзецца сваім праўнукам распавядаць: вось тут, маўляў гадоў 50 стаяў пластыкавы Францішак Адяхновіч — пакуль не абрынуўся. Вось тут ці ў дзесяці метрах — ніхто дакладна не памятае.

Пра такія месцы і пра такіх асобаў трэба памятаць несупынна.

P.S. Таямніцы радаводу Францішка Аляхновіча (як выявілася, такія ёсць) неўзабаве будуць асветленыя на старонках “К” у шэрагу маіх артыкулаў “Нашчадкі сарматаў”.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар