Мікалай Шаўцоў: “Культасветработа — тэрмін актуальны”

№ 33 (851) 16.08.2008 - 22.08.2008 г

22 жніўня старшыні ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў культуры Мікалаю ШАЎЦОВУ спаўняецца 60 гадоў. Ён бадзёры, рухавы, спартыўны, заўжды гатовы да дзеяння. Неўтаймоўная прага самарэалізацыі дапамагала і ў 1970-ых, калі ён пасля войска і вучобы ў Ленінградскім дзяржаўным інстытуце культуры дырэктарстваваў у Зашырскім СДК Ельскага раёна, што на Гомельшчыне, і ў 1990-ых, калі працаваў у Камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь... Гутарыў з Мікалаем Міхайлавічам у час ягонага водпуску. Аказваецца, не марыў ён пра “бераг турэцкі”, а ў ахвотку заняўся “радзімазнаўствам”: за рулём асабістага легкавіка “накруціў” па Беларусі больш за тры тысячы кіламетраў.

 /i/content/pi/cult/171/1632/Sub-sustrechy.jpg

Уражанняў прывёз процьму, бо яшчэ напярэдадні паведаміў па тэлефоне, што летні час бавіць у святых для кожнага беларуса месцах. Пра гэта ў першую чаргу я і папрасіў распавесці. “Але я пачну з крытыкі!” — папярэдзіў Мікалай Міхайлавіч і прадоўжыў:— Хацелася выкарыстаць час адпачынку і для таго, каб без мітусні і больш грунтоўна паглядзець, як развіваюцца ў рэгіёнах турызм, спорт, культура...
Еду, да прыкладу, з Брэста, збіраюся паварочваць на Мір— а ўказальніка няма! З боку Мінска — толькі прыдарожная шыльда “Мір”. А з заходняга боку, адкуль і рушаць у асноўным замежныя аўтатурысты, — ніякіх культурна-рэкламных цікавостак ці хаця б указальнікаў. Не, бігборды абапал дарогі мільгаюць з зайздроснай рэгулярнасцю, але прэзентуюць яны ўсё што заўгодна, ды толькі не беларускую архітэктурна-гістарычную спадчыну. А злева — Нясвіжскі замак, а справа — Мір. Не ўсе ж ведаюць, нават суайчыннікі, дзе тыя скарбы знаходзяцца. Папрок да тых, хто адказвае за развіццё і прапаганду нацыянальнай культуры. Губляем жа грошы! Самы час пагаварыць пра неабходнасць сур’ёзнага, маркетынгавага падыходу да наладжвання сацыяльнай рэкламы, у тым ліку і прыдарожнай. Яна, неаспрэчна, павінна інтрыгаваць, вабіць, вучыць, адукоўваць, а ў выніку— абарачацца немалымі грашыма ад турыстычнага сервісу.
— Інфраструктура турыстычнага бізнесу, развіццё яго культурніцкага складніка — адна з вядучых тэм нашай газеты. Відаць, надзвычай актуальнай яна застанецца і ў бліжэйшай перcпектыве...
— Шкада, але так... У турыстычным гарадку “Мір” кавярня пачынае працаваць з адзінаццаці ранку, хоць турыстаў тут было шмат яшчэ ў дзевяць. Я асабіста сюды завітаў а палове дзевятай, для турыстаў замак быў яшчэ зачынены. На тэрыторыі і ў памяшканнях актыўна і вельмі якасна вяліся рамонтныя работы. Тут— ніякіх прэтэнзій, Мір пераўтвараецца на вачах у самы станоўчы бок. Але на ўваходзе ў замак — таксама ніякай рэкламы пра яго гісторыю. Я дык цудоўна ведаю, калі, кім і для чаго быў узведзены гэты прыгажун. А астатнія наведвальнікі?! І чаму б ім да пачатку экскурсійнага абслугоўвання не прачытаць усе гэтыя звесткі з рэкламна-інфармацыйнай шыльды? Дык логіка тут якая: заплаціце, а потым мы вам усё раскажам? Падаецца, да турыста варта з большай павагай ставіцца.
— І ўсё ж, Мікалай Міхайлавіч, якое агульнае ўражанне ад летняй вандроўкі?
— Самае станоўчае. Пабываў на Брэстчыне, Міншчыне, завітаў, натуральна, і ў родную Гомельскую вобласць. Бачыў дагледжаныя аграгарадкі, вёскі, дыхтоўныя, утульныя і сучасныя сельскія дамы культуры, дзе віруе сапраўднае, не для “галачкі” жыццё. І роля Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у гэтым заўважная. Працэс адраджэння нашай вёскі — няўхільны.
— Ну як з гэтай нагоды не паразважаць пра “культ асобы культасветніка”? Калі без жартаў, дык што, на ваш погляд, трэба зрабіць дзеля падвышэння прафесійнага прэстыжу работніка культуры, дзеля замацавання маладых спецыялістаў у беларускай правінцыі?
— Любы малады спецыяліст, і не толькі ў нашай сферы, прыходзіць на рабочае месца і, згодна з заканадаўствам, паўгода нічога не атрымлівае за стаж. Натуральна, адкуль тая выслуга?! Але, на мой погляд, замест нуля ў графе “за стаж” чалавек са статусам маладога спецыяліста менавіта за гэты статус і павінен атрымліваць грашовую надбаўку, у першую чаргу — у сферы культуры. Тады па-добраму амбіцыйныя і ўзброеныя ведамі выпускнікі ВНУ культуры з першага працоўнага дня адчуюць увагу да сябе.
— А скарг на гэты конт шмат паступае з раёнаў у ЦК прафсаюза?
— Мабыць, дзіўным падасца гэты факт, але скаргі па працоўных спрэчках у Беларускі прафсаюз работнікаў культуры мы здолелі звесці да мінімуму. У нас дзейнічае прававая інспекцыя і ў ЦК, і ў кожнай вобласці. Яе прадстаўнікі пастаянна выязджаюць у рэгіёны, ладзяць сустрэчы і кансультацыі. Так што ўсе канфлікты вырашаюцца на месцы. На бліжэйшы час будзем праводзіць вучобу прававых інспектараў і старшыняў прафсаюзных камітэтаў, што працуюць, як вядома, на пасадах загадчыкаў бібліятэк, клубаў... А яшчэ гады два таму скаргаў было шмат. Да прыкладу, прыязджае малады чалавек у раённы аддзел культуры на працаўладкаванне, а яму катэгарычна ў лоб: “Пакуль не прапішашся — ніякіх пад’ёмных!” Хто, скажыце, адчуе сябе запатрабаваным пасля такога прыёму?! Калі бярэш маладога спецыяліста — забяспеч яму, калі ласка, прапіску і жыллё ў першую чаргу. Толькі пасля гэтага можна патрабаваць нейкую аддачу... Гэта адмысловы кіраўніцкі талент: спрыяць усяляк таму, каб падначалены стаў асобай, ініцыятыўнай, дзейнай, здольнай на крытычны самааналіз і пастаянны творчы пошук. Толькі такія, перакананы, застаюцца ў культуры на ўсё жыццё, напаўняюць дабрынёй і духоўным зместам жыцці іншых. Асабіста я вось за такі “культ асобы”, калі працуеш на аўтарытэт, а аўтарытэт — на цябе.
— У старшыні Хойніцкага райвыканкама, напрыклад, свая кадравая дактрына: ужо сёння шукаць заўтрашніх спецыялістаў у мясцовых школах. Свой, маўляў, не здрадзіць, тым больш, калі своечасова займее прыстойнае жыллё...
— Нам увогуле варта перагледзець пэўныя прынцыпы завочнага навучання. Неабходна знаходзіць здольных арганізатараў, якія жывуць у вёсцы, маюць тут сям’ю, трывалыя карані, — і дапамагаць ім паступіць у ВНУ. А іншым разам як атрымліваецца? Быццам і неблагі спецыяліст працуе ў СДК, але адукацыі не мае. Вось і мяняеш практыка на сталічнага “генія”, які кляне размеркаванне і не дачакаецца, калі закончыцца тэрмін адпрацоўкі, каб знікнуць у невядомым кірунку. А пакрыўджаны няўвагай практык ужо ніколі не вернецца ў СДК. Самі ведаеце, як лёгка параніць сапраўднага творцу.
— Ці састарэў тэрмін “культасветработа”?
— Наадварот, яшчэ большую актуальнасць набыў. Асабліва ў сельскай мясцовасці. Тут супрацоўнік бібліятэкі ці клуба — і прапагандыст, і арганізатар (не толькі забаўляльных, але і палітычных, ідэалагічных мерапрыемстваў), і асветнік, які пра дзяржаўную палітыку давядзе вяскоўцам, і сутнасць законаў патлумачыць, і пра падзеі ў свеце раскажа. Не дзіва, што там, дзе клубны работнік — асоба, там, як правіла, і выбарчая актыўнасць жыхароў надзвычай высокая, і правапарушэнняў меней. Таму цалкам натуральным падаецца тое, што культасветнікі, скажам, на Магілёўшчыне, не без поспеху сумяшчаюць клубныя ці бібліятэчныя пасады з выкананнем грамадскіх абавязкаў вясковых старастаў. З нагоды ідэалагічнай значнасці новае гучанне, на мой погляд, набывае і традыцыйнае ўжо для нашых паселішчаў Свята вёскі. Яно нібы і традыцыйнае, але не паўсюль ладзіцца як след. Ці заўжды згадваюцца людзі-ўраджэнцы, якіх раскідала па свеце, старажылы — ветэраны вайны і працы, знакамітыя землякі, якія з задавальненнем адгукнуцца на прапанову прыняць удзел у свяце і наведаць малую радзіму? Гэтае мерапрыемства павінна быць маштабным і галоўным, знакавым для кожнай вёскі.
Натуральна, рыхтавацца да яго трэба цягам усяго года. І сцэнарый тут не напішаш — абы з рук. І гісторыю варта ўлічыць, і сучаснасць, і перспектывы развіцця, узгадаць эканоміку, сельскую гаспадарку, не забыцца на сацыяльныя службы. А канцэртным аздабленнем для такой шматграннай гадавой “справаздачы” не можа не паслужыць мясцовы фальклор, рэгіянальныя спрадвечныя традыцыі і строяў, і страў, і песень, і танцаў. Я ўжо не кажу пра падключэнне гандлёвых арганізацый, службы быту, раённых музеяў, карцінных галерэй, народных тэатраў... А цяпер скажыце, ці паўсюль вы бачыце менавіта такія Святы вёскі?! У іншых паселішчах, як паказвае практыка, моладзь нават паходжання назвы роднага сяла не ведае, у радаводзе ўласным не арыентуецца, а ў мясцовых клубе ды бібліятэцы — ніякай краязнаўчай дзейнасці, ніводнай касеты з запісам старадаўніх танца ці песні. Сыдуць носьбіты культуры — знікне і сама культура? Так што самае страшэннае ў нашай справе — фармалізм, халодная душа, абыякавасць у стаўленні да людзей. Але, дзякаваць Богу, Беларусі ніколі не бракавала на асветнікаў. І апошні нюанс наконт самадастатковасці культасветнікаў любога ўзроўню. У большасці сваёй гэта надзвычай актыўная частка грамадства. Таму хацелася б, каб больш работнікаў культуры было ў Парламенце, мясцовых саветах. Гэта паспрыяе і далейшаму развіццю культуры, і павышэнню прафесійнага прэстыжу...
— Зашырскі СДК згадваеце?
— Канешне! І не заробак — 66 рублёў у месяц, а той рамантычны запал, які панаваў у вёсцы. Каб набыць прайгравальнік для клуба, трэба было ўсю моладзь на суботнік агітаваць. І ніхто не адмаўляўся! Вось такія яны былі, жыхары эксперыментальнага пасёлка, узведзенага на меліяраваных землях у 1970-ых. Маладыя, неўтаймоўныя ў праявах творчасці і працоўнага гераізму. А СДК — не жартачкі: зала на 400 месцаў і спартыўная зала. Нават Аляксандр Маслякоў, які вёў тады на тэлебачанні праграму “Алё, мы шукаем таленты” прыязджаў да нас у госці... І цяпер у Зашыр’і віруе жыццё, а СДК— адзін з лепшых у Ельскім раёне.
— Як паказвае журналісцкая практыка, вынікі работы аддзела культуры толькі тады важкія, калі культасветнікі працуюць у шчыльным узаемадзеянні з мясцовымі ўладамі. Але ёсць, хоць іх і не шмат, выпадкі адваротныя, калі на культуру ледзь не як на падчарку паглядаюць, а работнікаў культуры называюць гультаямі, якія не ўплываюць ні на надоі, ні на намалоты. Як расцэньваеце такую “несумяшчальнасць”?
— Як праяву непрафесіяналізму. І ў першую чаргу — з боку аддзелаў культуры. Хіба ж варта станавіцца ў позу пакрыўджанага і енчыць на ўвесь свет: “Мала грошай нам даюць!” Трэба справай даказваць сваю патрэбнасць. Тады брэндам раёна стануць не звыклыя для ўсіх свінаферма ці бульбяны палетак, а культура, уласцівая толькі гэтаму рэгіёну.
— Чарговы з’езд Беларускага прафсаюза работнікаў культуры адбудзецца ў 2010 годзе. У прафесійнай суполцы — 103 тысячы членаў. Немалая творчая армія. Дый пытанні, звязаныя з яе баяздольнасцю, ніколі не былі простымі. Напэўна, ужо цяпер рыхтуецеся да форуму?
— Правялі пазачарговы з’езд, на якім апрача нарматыўных дакументаў прынялі статут, што пашырае паўнамоцтвы пярвічак і ўзаемадзеянне з сацыяльнымі партнёрамі, у прыватнасці, з Міністэрствам культуры. І тут, дарэчы, шмат зроблена ў выкананне рашэнняў IV з’езда прафсаюзаў работнікаў культуры. Маю на ўвазе і сумесныя канцэртныя мерапрыемствы, і спартыўныя алімпіяды, і ўзнагароджанне амаль 500 культасветнікаў, дый на 15 тысяч чалавек наша суполка павялічылася за апошнія тры гады. Ёсць і праблемы. Напрыклад, далейшае ўдасканаленне калектыўна-дагаварных стасункаў. Наймальнік і прафсаюз пры заключэнні пагаднення падпісваюць дамову, дзе павінны прапісвацца сацыяльныя гарантыі, пра якія мы ўжо гаварылі з вамі. А іх, гэтых гарантый, вельмі мала. Таму і распрацавалі мы прыкладнае палажэнне аб калектыўных дамовах, дзе гаворка павінна весціся і пра жыллё, і пра дадатковыя адпачынкі. Словам, працаваць ёсць над чым.
— І апошняе. Як, Мікалай Міхайлавіч, такую спартыўную форму падтрымліваеце?
— Тут уся справа, як падаецца, у стане душы. Калі чалавек імкнецца ствараць, ён у першую чаргу стварае сябе. Адпачынак на канапе — не для мяне. Я ў пастаянных выездах. Падсілкоўваюся, відаць, яшчэ і энергіяй ад добрых людзей, якіх, дзякаваць Богу, на роднай Беларусі больш, чым кепскіх. 

Гутарыў Яўген РАГІН
Фота аўтара