Праз тысячу гадоў на гэтым месцы

№ 29 (1416) 20.07.2019 - 27.07.2019 г

На гарадзішчы пад вёскай Цясты Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці знойдзена каля пяці тысяч артэфактаў І тысячагоддзя нашай эры. У раскопках задзейнічаны студэнты гістарычнага факультэта Белдзяржуніверсітэта.

/i/content/pi/cult/754/16319/4.JPGУпершыню гарадзішча ў Цястах даследвалася на пачатку 1980-х гадоў. Пасля археалагічныя раскопкі тут не ладзіліся. Сёлета ў экспедыцыю ў Верхнядзвінскі раён выправіліся гісторыкі-першакурснікі. Сярод кіраўнікоў — старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, дацэнт кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін БДУ Паліна Курловіч, выкладчык гэтай жа кафедры Уладзімір Плавінскі і дацэнт кафедры крыніцазнаўства названай ВНУ Вольга Ліпніцкая.

У даследуемым культурным слаі захавалася шмат прадметаў, што адлюстроўваюць побытавую культуру плямён балтаў. Напрыклад, студэнты вымалі з зямлі рыбалоўныя кручкі, нажы, тапары, зброю. Археолагі могуць пахваліцца і старадаўнімі ўпрыгожваннямі з жалеза і бронзы. Яны знайшлі нямала шпілек, бляшак, бусін, бранзалетаў.

Цікавасць выклікае вялікая колькасць разнастайнай керамікі. Частка посуду належыць дняпроўска-дзвінскай культуры і датуецца I — IV вякамі нашай эры. Аднак знаходзіліся і фрагменты, чый узрост значна старэйшы. Гісторыкі імкнуцца вызначыць, адкуль узялася гэтая кераміка і якому насельніцтву яна належала.

Археолагі мяркуюць, што ў гэтых мясцінах захавалася печ-домніца, жыллёвыя пабудовы і гаспадарчыя аб’екты І тысячагоддзя нашай эры, і плануюць усё гэта адшукаць. Экспедыцыя павінна завяршыцца 24 ліпеня. Пасля гісторыкі распачнуць навуковыя даследаванні, каб вызначыць канкрэтную перыядызацыю знойдзеных артэфактаў.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"