Класіка жанру і летняга адпачынку

№ 29 (1416) 20.07.2019 - 27.07.2019 г

Пяць гадоў таму летнія канцэрты класічнай музыкі на плошчы Свабоды пачыналіся як адмысловы мінскі фестываль. Летась “Класіка ля ратушы з velcom | A1” пашырыліся яшчэ і на Віцебск. Супадзенне ці не, але ж сёлета гарадоў-удзельнікаў фэсту ўжо таксама пяць. 29 чэрвеня жывую класічную музыку слухалі на вуліцах Віцебска, потым такія канцэрты адгучалі ў Гродне і Гомелі. Сёння, 20 ліпеня, фестывальны рух дайшоў і да сталіцы, дзе да канца лета запланавана яшчэ пяць класічных вечароў. А 28 ліпеня да музычнага свята далучыцца Брэст. Наўрад ці хто-небудзь паспрачаецца, што такі выхад за межы традыцыйных сцэн дазваляе і слухачам, і самім выканаўцам атрымаць новы досвед ды ўражанні. Летнія вечары пад гукі класікі ўжо становяцца класікай адпачынку для жыхароў розных гарадоў Беларусі.

/i/content/pi/cult/754/16316/1.jpgСерыю мінскіх канцэртаў па традыцыі адкрывае Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь.

— Максімум 30 — 40 працэнтаў публікі прыходзяць слухаць нас спецыяльна, а астатнія — гэта проста выпадковыя мінакі, — кажа дырыжор Аляксандр Анісімаў. — Людзі спыняюцца, і мы іх, можна сказаць, схіляем да веры ў класіку, музыку сімфанічнага аркестра. Яны становяцца нашымі слухачамі. Гэта адна з галоўных прычын нашага штогадовага ўдзелу ў гэтым свяце, акрамя таго, што мы сапраўды атрымліваем вялікую асалоду ад энергіі, якой дзеліцца публіка, што з задавальненнем прымае мастацтва нашага і іншых калектываў.

У Віцебску і Гомелі фестываль прадстаўляў праграму “Viva, Штраус!”, прысвечаную творчасці знакамітых аўстрыйскіх кампазітараў — Іагана Штрауса-старэйшага і яго сына Іагана Штрауса-малодшага. Знакамітыя вальсы, полькі, кадрылі і маршы прагучалі ў выкананні Art Music Orchestra — лаўрэатаў і дыпламантаў міжнародных конкурсаў, салістаў аркестра Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Жыхароў і гасцей Гродна вітаў ансамбль “Мінск-Класік” з праграмай “Штраус на біс!” Што ж будзе ў сталіцы?

/i/content/pi/cult/754/16316/2.JPG— Праграма складаецца з “хітоў” папулярнай класічнай музыкі, — адзначае Аляксандр Анісімаў. — Мы возьмем музыку Заходняй Еўропы (Аўстрыя, Германія, Францыя), а таксама славянскіх кампазітараў (Станіслаў Манюшка, Антанін Дворжак). Будзе эфектны нумар з балета “Святло і цені” Генрыха Вагнера. Я лічу, што таксама выклікаюць значную цікавасць у публікі “Маленькая начная серэнада” Моцарта і “Канцэрт для скрыпкі з аркестрам” Вівальдзі з цыкла “Поры года” ў выкананні нашай салісткі, Заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Юліі Сцефановіч. Прагучыць сімфонія Бетховена, уверцюры з опер “Сарока-ліхадзейка” Расіні, “Князь Ігар” Барадзіна. Скончыцца наша праграма блокам музыкі Чайкоўскага, які будзе складацца з “Італьянскага капрычыа”, “Па-дэ-дэ” з балета “Шчаўкунок” і фіналу “Сімфоніі № 4”.

Аляксандр Анісімаў таксама падкрэсліў, што два нумары праграмы будуць прысвечаны 200-годдзю з дня нараджэння Станіслава Манюшкі — арыя Галькі з аднайменнай оперы ў выкананні Ірыны Крыкуновай і знакаміты паланэз кампазітара.

— Нашаму гораду не хапае сур’ёзнага, пафаснага фестывалю менавіта класічнай музыкі, і гэты прабел хоць у нейкай ступені запаўняе “Класіка ля ратушы”, хоць яна і адбываецца ў больш вольным фармаце, — лічыць спадар Анісімаў. — І мы вельмі чакаем, што гэтым разам нам зноў пашанцуе з надвор’ем, таму што ўсе папярэднія канцэрты ля ратушы былі надзіва пагодлівыя.

Да канца лета на мінскай плошчы Свабоды можна наведаць бясплатныя канцэрты Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя Іосіфа Жыновіча (27 ліпеня), музычнай капэлы “Санорус” (3 жніўня), эстонскага духавога аркестра “Саксон” (10 жніўня), Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь (17 жніўня) і Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь (31 жніўня). У Брэсце 28 ліпеня чакаюць Art Music Orchestra. Пачатак — 20.30. Заканчэнне — 23.00.