Сустрэча на Эльбе, або Нямецкі след Багушэвічаў

№ 28 (1415) 13.07.2019 - 20.07.2019 г

Як інсургенцкі афіцэр стаў “фабрыкдырэктарам”
Не так даўно сумеснымі намаганнямі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і Смаргонскага райвыканкама на падворку музея-сядзібы Францішка Багушэвіча быў зладжаны ўжо другі “Кушлянскі фэст”. За ўзровень яго арганізацыі можна смела ставіць “выдатна”. Таму хацелася б пажадаць арганізатарам не спыняцца на дасягнутым, а фестывалю — доўгіх і яркіх гадоў жыцця. Хоць я і не з’яўляюся “багушэвічазнаўцам”, але дзіўным збегам абставінаў давялося і мне патрапіць у спіс запрошаных асобаў. Спрычынілася да гэтага адна знаходка, якую мне пашанцавала зрабіць сёлета. І не дзе-небудзь, а ў горадзе, які змяніў свет. Гаворка пра Вітэнберг, праслаўлены Марцінам Лютэрам. Верагодна, там бываў і наш Францыск Скарына.

/i/content/pi/cult/753/16310/19.JPGVon Bohuszewicz

У чэрвені мне надарылася паўдзельнічаць у фестывалі сучаснай культуры “Карані” (а менавіта так перакладаецца з нямецкай яго назоў Wurzel), які ладзіцца ў ваколіцах Ютрабога — гарадка на поўдзень ад Берліна, што захаваў свой славянскі назоў у гонар бога раніцы. У вольную хвіліну намовіў сяброў выправіцца ў недалёкі адтуль Вітэнберг. Так здзейснілася мая даўняя мара — дакрануцца да водаў ракі Эльбы, якая доўгі час была прыроднай мяжой паміж землямі славянскіх плямёнаў (цяперашняя паўночная Нямеччына) і германцамі, якія з поўдня бесперапынна атакавалі славян. Чым, магчыма, справакавалі буйную хвалю эміграцыі тамтэйшага насельніцтва на беларускія землі. Так ці іначай, але ў нас з Германіяй каля 300 тапонімаў-блізнюкоў: Брэст, Кобраў, Крывіч, Мухаў, Тураў, Гамель…

Ужо напрыканцы сваіх агледзінаў Вітэнберга завітаў я на “Новыя могілкі” — новыя яны ўмоўна, бо пахаванні там ёсць і ХІХ стагоддзя. У стройным шэрагу родавых капліц, якія традыцыйна месцяцца ўздоўж агароджаў цвінтара, маю ўвагу прыцягнуў сціплы мармуровы абеліск. У адрозненне ад большасці сямейных пахаванняў, якія пазбавіліся шыкоўных металічных агароджаў ХІХ — ХХ стагоддзяў, тут усё засталося па-старому. Кветнік таксама быў дагледжаным, і падавалася, што літаральна сёння сюды наведваліся руплівыя сваякі.

Адцеміўшы здалля ўсе гэтыя дэталі, я пацікавіўся і прозвішчам пахаванага. З густой зеляніны на мяне пазіралі залатыя літары VON BOHUSZEWICZ…

Шакаваны я не быў. Давалася ў знакі спёка і каля 20 кіламетраў, накручаных па старых вулачках Вітэнберга. Ды і імёны, выбітыя на чорных камянях, усплёску эмоцый не выклікалі: Хуга, Бэці, Алма, Валяр’ян, Артур….

Стоп, назад. Валяр’ян? А год нараджэння? 1842. І вось тады думкі мае завіравалі… Паўстанне 1863-га мінус 21… Па ўзросце падыходзіць. Трэба усё зафіксаваць, тэрмінова знайсці інтэрнэт, праверыць.

І калі я да дабраўся да Сеціва, мая здагадка атрымала падмацаванне. Мяркуючы па ўсім, мне сапраўды пашчасціла адшукаць пахаванне малодшага брата Францішка Багушэвіча, які пасля паразы паўстання быў вымушаны хавацца ад царскіх уладаў у замежжы. А тыя асобы, помнікі якім паўколам атачалі магілу Валяр’яна, належалі да ягонай сям’і.

Пра Валяр’яна ў нас было вядома няшмат. Калі скласці разам усё апублікаванае ў розныя гады Генадзем Кісялёвым, Уладзімірам Содалем, Язэпам Янушкевічам, Васілём Юршам, то біяграфічная нататка пра яго выглядае такім чынам.

Нарадзіўся Валяр’ян-Юзафат у маёнтку Свіраны 27 лістапада (ахрышчаны 5 снежня) 1841 года. Вучыўся разам з Францішкам у Віленскай гімназіі. У 1862 годзе працаваў ашмянскім землямерам, разам з Францішкам і іншымі сваякамі браў удзел у паўстанні, быў унтэр-афіцэрам і камандзірам аднаго з падраздзяленняў атрада Зыгмунта Мінейкі. Пасля паразы паўстання вымушаны эміграваць. Апынуўся ў Нямеччыне, дзе працаваў рахункаводам на фабрыцы, а потым ажаніўся з дачкой яе дырэктара. Меў двух сыноў і дачку. Верагодна, пабываў у брата-фабрыканта і Францішак, які згадваў яго ў сваіх лістах, апублікаваных Язэпам Янушкевічам.

Пасля таго, як да ўлады прыйшоў Гітлер, нашчадкі Валяр’яна былі вымушаныя пацвердзіць, што Багушэвічы не з’яўляюцца яўрэямі. У пошуках доказаў сталі актыўна ліставацца са сваякамі ў Заходняй Беларусі. Нават, нібыта, наведвалі зямлю продкаў. Пазней сувязь з імі абарвалася. Было меркаванне, што фон Багушэвічы сталі ахвярамі нацыянал-сацыялістаў.

Але, як аказалася, гэта далёка не ўсё, што можна распавесці аб нямецкім адгалінаванні роду, прадстаўнікі якога, падобна, і дасюль жывуць у Германіі. Мяркуючы хаця б па дагледжанай магіле на Вітэнберскіх могілках.

Тэхнакраты

Сярод тысяч надмагілляў, якія я ўбачыў на нямецкіх могілках, помнікі Багушэвічаў маюць адметнасць. На іх выгравіраваная пасада, якую займалі на момант смерці і Валяр’ян, і ягоны сын Хуга. Абодва яны былі дырэктарамі фабрык. І гэта толькі падмацоўвае версію, што той Багушэвіч — “наш”. Зрэшты, пра ўсё па парадку.

Сямейнае пахаванне ўтрымлівае пяць магілаў. Уласна, сам “фабрыкдырэктар” Ю. Валяр’ян (Ю. — Юзафат ), які нарадзіўся 9 снежня 1842 (на год памыліліся), а памёр 8 ліпеня 1910 года. Ягоная жонка Бэці, народжаная Ахенбах, што з’явілася на свет (або была ахрышчаная) 12 чэрвеня 1847 года, а памерла 27 верасня 1933-га — у досыць паважным веку. Артур, які нарадзіўся 31 студзеня 1874 года — як мяркую, іх першынец. З невядомай прычыны, памёр ён на чужыне — ажно ў Сінгапуры — 28 сакавіка 1919 года. Далей — “фабрыкдырэктар” Хуга (6 чэрвеня 1876 — 29 снежня 1946) і Алма, якая, верагодна, з’яўляецца дачкой Валяр’яна (10 студзеня 1878 — 15 траўня 1961 года).

Як мы бачым, нацысцкія рэпрэсіі не кранулі нямецкіх Багушэвічаў. Магчыма, доказы, прадастаўленыя сваякамі з Кушлянаў, аказаліся дастаткова пераканаўчымі.

Тут пералічаныя не ўсе дзеці, якія з’явіліся ў сям’і Валяр’яна і Бэці Багушэвічаў. Самым вядомым з іх нашчадкаў стаў Оскар. Нарадзіўся ён 19 чэрвеня 1884 года, калі сям’я яшчэ жыла ў Васербілігу, што ў Люксембургу. Але неўзабаве Валяр’ян становіцца дырэктарам фабрыкі керамічных вырабаў у Цане (мястэчка непадалёк ад Вітэнбергу), і Багушэвічы перабіраюцца туды. Там Оскар скончыў гімназію імя Меланхтона (паплечнік Марціна Лютэра), а затым вышэйшую тэхнічную школу ў Берліне. Працаваў як практыкант на розных прадпрыемствах, затым патрапіў у ваенна-марскі флот, дзе напоўніцу раскрыліся яго тэхнічныя здольнасці. Стаў аўтарам некалькіх важных запатэнтаваных адкрыццяў. Менавіта ён, відаць, згадваецца як “Ота, марскі інжэнер-падводнік”, які наведваў разам з братам-доктарам Бацькаўшчыну.

Апошнія звесткі пра Оскара датуюцца 1943 годам, калі ён быў дырэктарам нейкай фабрыкі ў Дзюсельдорфе. Іншы Оскар фон Багушэвіч (нарадзіўся ў 1937), які згадваецца ў Дзюсельдорфе пасля вайны і таксама стаў вядомай у “тэхнічным свеце” асобай — хутчэй за ўсё, сын Оскара-1 і ўнук Валяр’яна.

Хто вы, Ахенбахі?

Як мы ведаем з лістоў сваячніцы Францішка Багушэвіча С.Тамашэўскай, жонка Валяр’яна была дачкой дырэктара фабрыкі, куды брат паэта ўладкаваўся на працу ці то рахункаводам, ці то бухгалтарам. Болей звестак ні пра яго, ні пра сям’ю ягонай жонкі знайсці не ўдалося, таму пакуль што адважуся на гіпотэзу.

Апынуўшыся на чужыне, Валяр’ян адным толькі яму ведамым чынам патрапіў у Дзюсельдорф. Там у тыя часы пасля няўдалага экперыменту з адкрыццём фабрыкі ў Санкт-Пецярбургу (1818) атабарыўся Герман Ахенбах з жонкай. Быў ён гандляром па прафесіі, але не раз мяняў іх і на нейкі час нават стаў кіраўніком металургічнага завода ў Мангейме. Але пасля вяртання з Расіі, дзе ён меў намер заснаваць фабрыку на грошы, якія ягоная маці атрымала ў спадчыну, Генрых адкрыў у Дзюсельдорфе бровар і гатэль, які стаў месцам збору мясцовай мастацкай грамады.

Увогуле, гэтая галіна Ахенбахаў вядзе непарыўны радавод ад 1410 года. Відаць, род быў мяшчанскі: спадчыннае дваранства кіраўнік імператарскай стайні Бэно (унук Генрыха) атрымаў за выбітныя заслугі ад Вінгельма ІІ толькі ў 1909 годзе.

Такія супадзенні — фабрыка, завод, металургія, блізкасць Дзюсельдорфа ад Васербіліга (усяго 200 кіламетраў), праца ў Дзюсельдорфе сына Валяр’яна Оскара, і дзюсельдорфскі працяг роду Багушэвічаў — наводзяць на думку, што Валяр’ян мог ажаніцца з унучкай (ці нават дачкой) Генрыха Ахенбаха. А калі так, то мае сэнс узгадаць двух сыноў Генрыха — Андрэаса (1815 — 1910) і Освальда (1827 — 1905), якія прынеслі славу дзюсельдорфскай школе пейзажнага жывапісу. Жартам іх называлі Альфа і Амега пейзажаў (па першых літарах імёнаў (Аndreas і Оswald).

Цікавы факт: у 1850-х у Андрэаса Ахенбаха браў урокі жывапісу вядомы беларускі мастак Апалінары Гараўскі (1833 — 1900), ураджэнец Міншчыны, шмат твораў якога знаходзіцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

Варта бліжэй пазнаёміцца і з адным з сыноў Андрэаса Ахенбаха, Максіміліянам-Францам (1851 — 1898). Маючы выдатныя мастацкія здольнасці, ён спярша праявіў сябе як таленавіты архітэктар. Пазней была служба ў войску ў гусарскіх частках. Потым ізноў архітэктура. І раптам Максіміліян абрывае паспяховую кар’еру, бярэ супраць волі бацькоў шлюб з 15-гадовай дзяўчынай з Франкфурта і цалкам аддаецца оперным спевам. Каб не кідаць ценю на імя сям’і, ён абірае сцэнічны псеўданім Макс Альвары і неўзабаве становіцца адным з самых славутых тэнараў у вагнераўскіх операх. Незалежнасць і своеасаблівасць характару Альвары прыводзіла да спрэчак з жонкай Рыхарда Вагнэра, асабліва гэта тычылася сцэнічнага строю Зігфрыда, ролю якога выконваў спявак. Спяваў ён і Тангейзера, і Трыстана. Памёр ва ўзросце 40 гадоў і быў пахаваны ў Гамбургу, пад чорнай і простай мармуровай стэлай — такой самай, як і на магіле Багушэвічаў.

Цікавы факт: унучка Францішка Багушэвіча Станіслава Тамашэўская згадвала, што яе цётка “вучылася ў Германіі, мабыць, жыла ў Валяр’яна, дзедава брата. Мелася стаць спявачкаю. Нават марыла пра Мілан і тэатр La Scala. Ці то сарваўся ў яе голас, ці то шкарлаціна перашкодзіла яе намеру. Вярнулася дадому і выйшла за дзедавага пляменніка”.

Ці адыграў тут сваю ролю Макс Альвары — або гэта ізноў супадзенне? Задача для “багушэвічазнаўцаў”.

Але, паўтаруся, такое неверагоднае сваяцтва — усяго толькі мая гіпотэза. Спадзяюся, з часам удасца яе спраўдзіць. Галоўнае, што нашчадкі Валяр’яна Багушэвіча перажылі Другую сусветную. І хто ведае, якія таямніцы знакавага для нас роду могуць захоўваць іх фамільныя архівы.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар