Шлях няпросты, але плённы

№ 28 (1415) 13.07.2019 - 20.07.2019 г

Пайшоў з жыцця Віктар Грамыка — народны мастак Беларусі, адзін са стваральнікаў феномена пад назвай “беларуская школа жывапісу”. Ёсць вонкавыя адзнакі школы. Гэта, напрыклад, перавага той ці іншай колеравай гамы, подборка тэм і сюжэтаў, асаблівасці пластыкі. Але сутнаснае ў іншым. Школа ёсць, калі стылёва разнастайныя творы непадобных адзін да аднаго мастакоў складаюць пераканаўчую карціну нацыянальнай ментальнасці ў пэўны гістарычны час. Да гэтай справы Віктар Грамыка прыклаў і руку, і талент, і розум.

/i/content/pi/cult/753/16306/12.JPGВіктар Грамыка паспеў адзначыць 96-ты год жыцця. Нарадзіўся ў Савецкай Беларусі, заспеў суверэнную Беларускую дзяржаву. У сваіх успамінах ён згадвае, што, калі ў дзяцінстве ў яго праявіліся мастацкія схільнасці, чалавек з немалым жыццёвым досведам яго з гэтым павіншаваў такімі словамі: “Маеш талент! Гэта небяспечна!” І сапраўды ягоны жыццёвы і творчы шляхі не былі простымі. Але былі плённымі. Пра гэта сведчаць напісаныя ім карціны.

Ніякімі словамі не выказаць адчуванні ад такой страты, але ўсё ж ніжэй прывяду ўспаміны пра творцу, пачутыя днямі ад ягоных калег.

“Надаў краявіду пачуццёвасць”

Мастак Віктар АЛЬШЭЎСКІ:

— Я не буду арыгінальным, калі скажу, што ўнёсак Віктара Грамыкі ў скарбніцу нашага мастацтва цяжка пераацаніць. Асабліва, калі гаварыць пра пейзаж. Менавіта Віктар Грамыка надаў беларускаму краявіду пачуццёвасць у спалучэнні з манументальнай маштабнасцю. Гэта адзін з самых яркіх творцаў Савецкай эпохі — часу, калі быў утвораны той грунт, на якім мы трывала стаім і сёння, ад якога адштурхоўваемся ў нашых творчых пошуках і эксперыментах. Скончылася тая культурная эпоха разам са знікненнем з палітычнай карты свету Савецкага Саюза.

Пачынаючы з 1990-х гадоў, беларускае мастацтва мае іншыя эстэтычныя арыенціры, іншую філасофію, зрэшты скіравана на іншую аўдыторыю. Але мы яшчэ доўга будзем асэнсоўваць зробленае людзьмі творчых прафесій у Савецкі час. Так, былі ідэалагічныя каноны, але творчасць такіх асоб, як Віктар Грамыка, сілкавалася рэальным жыццём, якое ні ў якія каноны не ўплішчыш. Сёння карціны Віктара Грамыкі з’яўляюцца не толькі каштоўным гістарычным дакументам, але і своеасаблівым адбіткам беларускай ментальнасці ў тым няпростым часе.

“Ужо наша класіка”

/i/content/pi/cult/753/16306/13.JPGМастак Міхась БАСАЛЫГА:

— За мастака гавораць ягоныя творы. У гэтым сэнсе месца Віктара Грамыкі ў нашым мастацтве заўжды будзе пачэсным, незалежна ад таго, як новымі пакаленнямі будзе трактавацца час, ў які гэты творца жыў і працаваў. Ад сябе ж зазначу, што яму было вельмі нялёгка спалучаць на справе творчасць і функцыі адміністратара, бо пэўны час ён узначальваў наш Саюз мастакоў. Пасада лічылася наменклатурнай, людзі на ёй былі падкантрольныя непасрэдна ЦК КПБ. У іпастасі прадстаўніка ідэалагічнай наменклатуры ён мусіў рабіць тое, што як мастаку яму было і нецікава, і непатрэбна. Памятаю, ён атрымаў партыйную вымову за тое, што станоўча характарызаваў маладога мастака для паездкі ў замежжа, а той узяў і ў тым замежжы застаўся. Гэта сёння едзь, куды хочаш — хоць на нейкі час, хоць назаўсёды, а тады… Думаю, у больш спрыяльных для творчасці ўмовах ды маючы магчымасць засяродзіцца выключна на творчасці, ён і зрабіў бы болей. Але нават тое, што зроблена — ужо наша класіка.

/i/content/pi/cult/753/16306/14.JPG“Адзін з апошніх волатаў вялікай эпохі”

Мастак, старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор СІТНІЦА:

— Можа, гэта і гучыць пафасна, але з жыцця пайшоў адзін з апошніх волатаў вялікай эпохі ў нашым мастацтве. У часовым вымярэнні яна прыпадае недзе на перыяд з сярэдзіны 1960-х па сярэдзіну 1980-х гадоў. Але такога плённага для мастацтва часу ў нас не было ні раней, ні пазней. Зрабілі ж тое 20-годдзе эпохай, можна сказаць, дзясятак асоб, сярод якіх і Віктар Грамыка. Лічу ягонай вялікай заслугай тое, што ён унёс лірычныя ноты ў драматычны аповед пра Вялікую Айчынную вайну, пры гэтым ні на крок не адступіўшы ад гістарычнай праўды. Без Віктара Грамыкі немагчыма ўявіць не толькі згаданы час у нашым мастацтве, але ўвогуле беларускую культуру.

“Здолеў убачыць Беларусь з нечаканага гледзішча”

Уладзімір ТОЎСЦІК:

— У ягоных карцінах мяне вабіць майстэрскі выбудаваная кампазіцыя палатна і рэжысура святла. Я найперш маю на ўвазе пейзажныя палотны. У іх Віктар Грамыка здолеў убачыць Беларусь з нечаканага гледзішча. Ужо аднаго гэтага хопіць, каб гэты творца застаўся ў гісторыі нашага мастацтва.

Занатаваў Пётра ВАСІЛЕЎСКІ

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"