“Перавёрнутая рэальнасць” Зоі Луцэвіч

№ 28 (1415) 13.07.2019 - 20.07.2019 г

10 ліпеня распачаўся другі этап выставы “Зоі” ў галерэі пад аткрытым небам “Мастак і горад”. Плошчу Якуба Коласа з 16 мая ўпрыгожвалі працы Зоі Літвінавай, а зараз мінчане змогуць атрымаць асалоду ад творчасці Зоі Луцэвіч. Пераэкспазіцыя мае не толькі фармальнае значэнне: змена карцін Зоі “вялікай” на карціны Зоі “маленькай”, як жартаўліва называюць мастачак, адлюстроўвае пераемнасць пакаленняў беларускай жывапіснай школы. Выстава будзе працаваць у Мінску да канца лета, а з 6 верасня распачнецца ўжо ў Брэсце.

/i/content/pi/cult/753/16305/11.JPGЗоя Луцэвіч скончыла ў 1989 годзе Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя Аляксея Глебава, вучылася ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў на манументальным аддзяленні, потым — у Дзюсельдорфскай акадэміі мастацтваў (Германія) на аддзяленні жывапісу. Акрамя Беларусі, выстаўлялася ў галерэях Аўстрыі і Германіі. Мастачка прызнаецца, што любіць выдумляць і рэалізм яе не цікавіць. Яе працы, нават партрэты і нацюрморты, насычаны ўражаннямі, жывымі пачуццямі, якія амаль што на інтуітыўным узроўні ўспрымаюцца гледачамі.

Як адзначыла сама Зоя Луцэвіч, супрацоўнікі Мемарыяльнага музея-майстэрні Заіра Азгура адабралі для вулічнай выставы працы з розных перыядаў, каб як мага шырэй прадставіць у экспазіцыі яе творчасць. Нездарма новая экспазіцыя носіць назву “Перавёрнутая рэальнасць” — гэтым выразам мастачка характэрызуе ўсю сваю дзейнасць. На плошчы Якуба Коласа можна будзе ўбачыць і графіку, і жывапіс, і калаж.

— Выхад мастака з прасторы музея і майстэрні — гэта цудоўна, — лічыць Зоя Луцэвіч, — бо сёння шмат хто не бывае там, але калі пройдзе паблізу выставы на вуліцы ўсё ж можа зацікавіцца мастацтвам.

Валянціна КРАСОЎСКАЯ