“Асноўнай тэмай стане працяг года малой радзімы”

№ 27 (1414) 06.07.2019 - 12.07.2019 г

Дзясяты купальскі фестываль “Александрыя збірае сяброў” традыцыйна пройдзе 6 — 7 ліпеня ў аграгарадку Александрыя Магілёўскай вобласці. На шэрагу разнастайных пляцовак наведвальнікі свята змогуць не толькі павадзіць карагод вакол вогнішча, спусціць на ваду вянкі і пашукаць папараць-кветку, а таксама і атрымаць асалоду ад выступаў шматлікіх артыстаў — ад мясцовых аматарскіх калектываў да замежных зорак.

— Асноўнай тэмай свята стане працяг года малой радзімы, — адзначыў на прэс-канферэнцыі, зладжанай напярэдадні адкрыцця, намеснік старшыні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Андрэй Кунцэвіч. — Сярод удзельнікаў фестывалю — больш за дзве тысячы прафесійных і самадзейных артыстаў, майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці з Беларусі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны, Эстоніі. Упершыню ў свяце бярэ ўдзел цырк-шапіто Sirius.

— Адзін з паказаў калектыву адбудзецца ў рамках дабрачыннай акцыі, паколькі гэты яго наведаюць выхаванцы дзіцячых дамоў сямейнага тыпу Магілёўскай вобласці, — дадае Андрэй Кунцэвіч.

Акрамя канцэртных і інтэрактыўных пляцовак, на фестывалі будуць працаваць гандлёвыя рады з удзелам прадпрыемстваў са ўсёй Беларусі.

— Некаторыя з іх рыхтуюць сюрпрызы спецыяльна да свята, — адзначае Андрэй Кунцэвіч. — Адзін я раскрыю: наша магілёўская кампанія “Дамачай” распрацавала новы напой — квас “Александрыйскі святочны” — і плануе прэзентаваць яго на фестывалі.

Галоўнай падзеяй “Александрыі” стане гала-канцэрт “Зроблена ў Беларусі” 6 ліпеня з удзелам айчынных і замежных зорак эстрады, сярод якіх: народны артыст Расіі Леў Лешчанка, народная артыстка Украіны Ціна Караль, народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка, заслужаныя артысты Беларусі Аляксандр Саладуха, Іна Афанасьева, Алёна Ланская, Вікторыя Алешка, Іскуі Абалян, Руслан Аляхно, гурт “Дразды”.

Гала-канцэрт таксама падтрымае тэму малой радзімы. Там, у прыватнасці, прагучаць песні з музычнага альбома “Куточак Беларусі” лаўрэатаў прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” Юліі Быкавай і Яўгена Алейніка.

Юлія Быкава распавяла, што сёлета гала-канцэрт будзе асаблівы — цалкам у суправаджэнні жывой музыкі, якую будуць выконваць каля 40 удзельнікаў калектыву Aura.

— Некаторыя “жывыя” версіі песень будуць адрознівацца ад студыйных, але, мне падаецца, гэта будзе цікава, — падзялілася спявачка. А таксама распавяла пра падрыхтоўку сумеснага нумара з Цінай Караль.

— Мы хочам аб’яднаць беларускую і ўкраінскую народныя песні і такім чынам паказаць адзінства нашых культур, — патлумачыла яна.

Летась фестываль за два дня наведалі каля 80 тысяч чалавек. Сёлета, калі надвор’е будзе спрыяльным, арганізатары чакаюць значнага павелічэння колькасці гледачоў.

— Свята ў Александрыі вельмі цёплае па атмасферы, таму, калі вам будзе халодна — прыязджайце ў Александрыю, — запрасіў на фестываль Андрэй Кунцэвіч.

Валянціна КРАСОЎСКАЯ