Сонечнае дыханне на паперы

№ 33 (851) 16.08.2008 - 22.08.2008 г

Народны мастак Расіі Сяргей Андрыяка — імя даўно вядомае дзякуючы тым выстаўкам, што з 1985 года паспяхова прайшлі ў Беларусі, Германіі, Швейцарыі, Аўстрыі, Англіі, Японіі, Кітаі (усяго больш за 200 персанальных экспазіцый!). Цікавасць да асобы мастака тлумачыцца не толькі яго талентам, майстэрскім падыходам да пошуку матываў і напісання саміх палотнаў (самае маштабнае з іх — шасціметровая панарама старой Масквы — упрыгожвае мэрыю белакаменнай). Перш за ўсё, аматары і спецыялісты імкнуцца разгадаць вялікую загадку жывапісца: чаму менавіта яго карціны поўняцца моцнай энергетыкай, вабяць сваім непаўторным каларытам і вобразнасцю?

 /i/content/pi/cult/171/1630/Sonechnaje-dyhanne.jpg
Ён не імкнецца здзівіць ці збянтэжыць гледача нечаканым малюнкам, але нанава адкрывае перад ім даўно вядомыя мясціны, звыклыя інтэр’еры. Яго работы, прасякнутыя сонечным святлом, вітальнай сілаю і чысцінёй, яднаюць адбіткі штодзённых сюжэтаў, пейзажаў, нацюрмортаў, з якіх і складаецца паўнавартасная каляровая галерэя жыцця.
Блізкія гледачу сваёй рэалістычнасцю, карціны Сяргея Андрыякі вяртаюць у свет прыроды, дзяцінства, спыняюць позірк на раней незаўважанай прыгажосці. Уражвае не столькі праўдзівасць акварэлі, колькі яе “сонечнасць”, яе дыханне на паперы. Творы сапраўды ажываюць. І букет рыжавокіх сланечнікаў, і купку яблыкаў на абрусе сузіральнік “спрабуе” на смак, адчувае іх водар, становіцца спадарожнікам аўтара ў вандроўцы па еўрапейскіх і расійскіх гарадах.
Творчасць Сяргея Мікалаевіча служыць яскравым доказам таго, што акварэль не толькі можа, але і павінна выкарыстоўвацца ў сучасным мастацтве побач з класічнымі ўзорамі алейнага жывапісу. Заслуга мастака ў тым, што ён на ўзорах уласнай творчасці аднавіў забытыя ў пачатку XX стагоддзя мастацкія прыёмы класічнай школы акварэлі і распрацаваў асаблівую методыку навучання, па якой вось ужо 10 гадоў працуе Маскоўская дзяржаўная спецыялізаваная школа акварэлі майстра. Таму побач з яго асабістымі выстаўкамі не так даўно з’явіліся і экспазіцыі калектыўныя, дзе працы настаўніка і яго вучняў дэманструюцца, а хутчэй, “інсталююцца” разам.
За чатыры гады такое плённае суіснаванне трывалага вопыту і ўзнёслаймаладосці ўразіла жыхароў многіх расійскіх рэгіёнаў. А ў сакавіку 2007 года выстаўку змаглі ацаніць і віцябчане. Сёлета каларытныя і радасна-трывожныя матывы дададуць сонца ў залы Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі. Таму можна сказаць, што каляндарнае лета ў Мінску працягнецца да пачатку кастрычніка.
Акцыю нельга назваць спантанным праектам — гэта, хутчэй, даўно запланаваная, добра зладжаная і сапраўды знакавая падзея для культурнага жыцця нашай краіны. Цягам двух гадоў яе змогуць наведваць жыхары Магілёва, Гомеля, Пінска, Мазыра, Брэста ды іншых гарадоў рэспублікі. У межах выстаўкі “Майстар і вучань. Школа акварэлі Сяргея Андрыякі” плануецца правядзенне творчых майстэрняў, экскурсій, відэапаказаў з дэманстрацыяй мастацкай тэхнікі самога аўтара. Кожны ахвотны здолее дакрануцца да вяршынь прыгажосці, паспрабаваўшы свае сілы ў жывапісе пад пільным кіраўніцтвам маэстра. Узрост і “няўменне” маляваць не перашкодзяць, калі ёсць унутраная патрэба чалавека ў мастацтве, творчы позірк на асяроддзе, чуйнасць да прыхаванай музыкі колеру і святла.Засталося толькі дачакацца, калі дыханне сонечнай акварэлі Сяргея Андрыякі адчуецца і на сталічных вуліцах. 

Ксенія ШАРЖАНОВІЧ