“Кветкавая феерыя” на фоне ягадных дэсертаў

№ 27 (1414) 06.07.2019 - 12.07.2019 г

Лета — гэта маленькае жыццё, як спяваў адзін вядомы савецкі бард. І гэтае жыццё цяпер, у спякотныя ліпеньскія дні, напоўненае самымі рознымі культурнымі падзеямі як раённага, так і абласнога маштабу. А каб у гэтым пераканацца, варта зазірнуць у тую вялікую пошту, якую атрымлівае наша газета літаральна з усіх куточкаў Беларусі.

/i/content/pi/cult/752/16296/pages-12-copy-S.jpg

Смак лета і рак-аракул

Распачну з таго, што на мінулым тыдні, 28 — 30 чэрвеня, у Бабруйску прайшоў Міжнародны фестываль народнай творчасці “Вянок дружбы”, які, як вядома, даў-
но стаў візітнай карткай горада на Бярэзіне. Сёлета фэст аб’яднаў у сяброўскім карагодзе ўдзельнікаў з 15 краін свету. Як піша нам загадчыца арганізацыйна-метадычнага аддзела Палаца мастацтваў Бабруйска Наталля Чорная, на свяце таксама была зладжана і выстава-кірмаш “Горад майстроў”, у якой штогод удзельнічае значная колькасць майстроў і рамеснікаў.

А ў Полацкім раёне, у вёсцы Азіна, днямі правялі буйное культурнае мерапрыемства з іншай тэматыкай. Свята “Звіні, хваля азёрная!” сабрала дзясяткі ўдзельнікаў і сотні гасцей з ўсяго раёна. Разынкай дзеі, як адзначае рэдактар Полацкага РЦК Кацярына Паўловіч, можна было назваць камандны анлайн (!) конкурс па прыгатаванні юшкі “Царская юшка — 2019”, у якім спаборнічалі чатыры зборныя каманды з розных куткоў Полаччыны. Пераможцаў конкурсу, натуральна, вызначыла народнае галасаванне.

Акрамя таго, падчас свята 15 чалавек удзельнічалі таксама і ў конкурсе па лоўлі ракаў “Crayfish-спрынт па-азінску”. Удача пасміхнулася Аляксандру Байцову, які вылавіў з возера ажно дзесяць гэтых вусатых рачных істот. А хэдлайнерам свята быў прызнаны рак-аракул Задыяк, які нават змог прадказаць колькасць медалёў, якія заваююць беларусы на ІІ Еўрапейскіх гульнях. Спадзяюся, аракула пасля прадказання не сталі есці, а адпусцілі яго ў возера — так бы мовіць, да наступных маштабных міжнародных спартыўных спаборніцтваў…

Тая ж Кацярына Паўловіч напісала нам пра яшчэ адно свята — “Завозераўская беразуха — 2019”, што прайшло ў аграгарадку Завозер’е Полацкага раёна ўжо ў чацвёрты раз. Тут адбыліся шматлікія конкурсы, у адным з якіх пад назвай “Дзяўчына-краса — бярозавая каса” змагаліся 11 прыгажунь-бярозак з розных сельсаветаў. Дзяўчаты дэманстравалі сваю знаходлівасць, арыгінальны вобраз ды яркую візітоўку. Найлепшай была аб’яўлена самая статная “бярозка” з вёскі Багатырская — Ірына Крупеніч.

А ў аграгарадку Гезгалы, што ў Дзятлаўскім раёне, зусім нядаўна прайшло тэматычнае свята ягад “Смак лета”. Дзея, як паведамляюць супрацоўнікі Дзятлаўскага РЦКіНТ, ладзілася ў рамках раённага праекта “Дбайных людзей славім — весела час бавім”. Тут можна было наведаць выставу работ дэкаратыўна-прыкладной творчасці і гандлёвыя кропкі, для самых маленькіх наведвальнікаў працавала дзіцячая пляцоўка “Ягадны пятачок” з батутам, аквагрымам і тату. Падчас святочнага канцэрта пад назвай “Ягадны дэсерт” са сцэны гучалі песні, дэманстравалася моднае дэфіле юных мадэляў у касцюмах ягадак, праходзілі разнастайныя конкурсы. Пазней праграму свята прадоўжылі “Ягадныя распацешкі” — выступленне артыстаў з Дзятлаўскага раёна.

Шыкоўны кветнік і Дзень моладзі

Калі ў кагосьці ў пашане ягады, дык у іншых — кветкі. 29 чэрвеня ў аграгарадку Кракоўка Ашмянскага раёна было зладжана свята “Кветкавая феерыя”. Сцэнічная пляцоўка мерапрыемства на вачах гледачоў ператварылася ў адзін вялікі кветнік, калі пышныя букеты кветак у гаршках і вазах, падораныя вяскоўцамі, упрыгожылі сцэну. Сваё месца знайшлі і кампазіцыі з засушаных кветак, складзеныя кракоўскімі майстрыхамі.

— Разнастайнасць фарбаў і адценняў прадэманстравалі і касцюміраваныя героі, якія прыйшлі на свята, — адзначаюць супрацоўнікі аддзела метадычнай работы Ашмянскага РЦК. — Юныя жыхары аграгарадка, прыбраўшыся ў экстравагантныя касцюмы, не толькі паказвалі кветкі са сваіх хатніх садоў, але і падарылі гледачам букеты сваіх талентаў: вальс кветак, карагоды, сучасныя кампазіцыі і мелодыі мінулых гадоў.

Прэзентацыя выставы фотаздымкаў “Кветкавы дворык”, дзе былі адлюстраваны лепшыя падворкі вяскоўцаў, парады па кветкаводстве і складанні кветкавых кампазіцый, чаргавалася з конкурсамі па складанні букетаў і тэматычнай канцэртнай праграмай. У канцэрце бралі ўдзел мясцовыя жыхары, народны ансамбль народнай песні “Крыніцы” Ашмянскага РЦК, творчыя калектывы раёна і індывідуальныя выканаўцы.

Але ж гэта не ўсе лісты з Ашмяншчыны. Так, з мясцовага аддзела метадычнай работы нам паведамілі, што ў сельскім клубе аграгарадка Станцыя Ашмяны днямі прайшла сямейная конкурсна-забаўляльная праграма. Эстафеты, разнастайныя конкурсы, баі падушкамі, маляванне сямейных партрэтаў — чаго тут толькі не было!

Наша аўтарка Людміла Верас расказала пра мерапрыемствы, што адбыліся ў аграгарадку Мураваная Ашмянка і Гродзі Ашмянскага раёна. У першым з названых паселішчаў супрацоўнікі сферы культуры ладзілі традыцыйнае свята народнай культуры “Землякі”, з насычанай канцэртнай і гульнёвай праграмамі. А ў Гродзях прайшоў Дзень моладзі, на які сюды, у вясковае паселішча, завіталі 30 байкераў на матацыклах са згуртавання NO LIMITS, а таксама картэж аўтамабіляў з клуба аўтааматараў BMW. Не варта і казаць, што ўсе госці прымаліся мясцовымі жыхарамі проста на “ўра”. А яшчэ падчас свята адбыўся эстрадны канцэрт, выступленне экстрым-тэатра “Берсерк” і пенная вечарына.

Дзень моладзі прайшоў, дарэчы, і ў саміх Ашмянах. Па словах Алены Александровіч, на свяце можна было і падсілкавацца, і зрабіць вясёлы анімалістычны аквагрым, паўдзельнічаць у конкурсах і танцавальных батлах. “Вішанькай на торце” сталіся выступленне Сашы Нема ды вечаровае шоу вогненных шароў.

Краязнаўства і песні бароў

Не магу не згадаць у сённяшнім аглядзе і пра адну нядаўнюю значную падзею: на Віцебшчыне, у горадзе Лёзна, 29 чэрвеня прайшло абласное свята-коркурс самадзейных паэтаў і кампазітараў “Песні сунічных бароў”. Як піша нам намеснік дырэктара Віцебскага АМЦНТ Андрэй Струнчанка, падзея адбылася ўжо ў 12 раз.

— У самім конкурсе самадзейных паэтаў і кампазітараў прынялі ўдзел не толькі прадстаўнікі з рэгіёнаў вобласці, а і Расіі, Украіны і Латвіі, — паведамляе аўтар допісу. — Па выніках конкурсу Гран-пры атрымаў Аляксей Агееў з Лёзна, у намінацыі “Найлепшы кампазітар” дыпломамі лаўрэата І ступені ўзнагароджаны Вольга Хількевіч з Полацка і Сямён Крывянкоў са Смаленска. Найлепшымі паэтамі па рашэнні журы былі прызнаныя Аляксандр Матошка з Расон і Юрый Міронкін з Рудні.

Праграма свята, дарэчы, была вельмі насычанай на мерапрыемствы. Так, адбыліся мітынг “Беларусь памятае!”, тэатралізаванае шэсце ўдзельнікаў і гасцей свята ды адкрыццё арт-аб’екта, прысвечанага мерапрыемству, а таксама акцыя “Чытаем разам апавяданне “Васількі”. Акрамя таго, прайшоў святочны канцэрт “Песні сунічных бароў збіраюць сяброў” з удзелам народнага фальклорнага ансамбля “Серпанок” з Украіны і ансамбля беларускай песні “Купалінка” з Латвіі, а яшчэ для гасцей мерапрыемства працавала шмат розных пляцовак — літаратурная, музычная і іншыя.

І апошні ліст, на гэты раз з Баранавіч. Загадчыца адзела бібліятэчнага маркетынгу і рэкламы ЦРБ імя Яна Чачота Баранавіцкай РЦБС Святлана Кропатава напісала нам пра раённы бібліятэчны піяр-праект “Бібліятэка — тэрыторыя для ўсіх”. У яго межах адбываецца збор інфармацыі па гісторыі вёсак, пасёлкаў і бібліятэк Баранавіцкага раёна, запісваюцца легенды і паданні населеных пунктаў.

— Праца супрацоўнікаў нашых бібліятэк па зборы краязнаўчага матэрыялу праведзена значная, — піша Святлана Кропатава. — Але Год малой радзімы працягваецца, і, значыць, наша краязнаўчая дзейнасць на гэтым не заканчваецца.

Сёлета бібліятэкары плануюць аддаць усе свае сілы пошуку літаратурных талентаў Баранавіцкай зямлі. Для гэтага мяркуецца праводзіць літаратурныя сустрэчы з таленавітымі землякамі, а напрыканцы года, на падставе сабранага матэрыялу, плануецца выдаць зборнік пад сімвалічнай назвай “І будзе слова землякоў гучаць над роднаю старонкай”. Што ж, будзем чакаць вынікаў гэтай пачэснай працы, і абавязкова паведамім пра іх на старонках газеты.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"