Адысея лоцмана Шарапава

№ 27 (1414) 06.07.2019 - 12.07.2019 г

Беларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры” павіншаваў свайго былога дырэктара і мастацкага кіраўніка Вячаслава ШАРАПАВА з нядаўнім 60-годдзем не проста ўласцівымі для такой падзеі святочнымі словамі, але і вельмі арыгінальна — падарыўшы яму самалёт. Музыканты калектыву падчас чарговых гастроляў зняліся ў аэрапорце, дзе і “прэзентавалі” паветранае судна нядаўняму калегу. Сам жа артыст, будучы капітанам музычнага карабля, называў сваю дзейнасць на гэтай пасадзе... Зрэшты, пра гэта і многае іншае чытайце ніжэй.

/i/content/pi/cult/752/16292/DSCN7094-S.jpg— Мабыць, канкрэтна табе крытычных стрэл даставалася менш, чым наогул цяперашняму БДА “Песняры”, якія ты ўзначальваў больш за дзесяць гадоў. Верагодна, з-за таго, што ў нейкі момант ты застаўся апошнім удзельнікам гэтага ансамбля, які працаваў у ім пры Уладзіміры Мулявіне…

— У чым заключалася, калі хочаш, мая місія ў “Песнярах”? Аб’яднаць у адно цэлае іх мінулае, сучаснасць і будучыню. За што ў мяне стрэлы і ляцелі. І ад тых, хто жыў толькі мінулым ансамбля. І ад тых, хто лічыў і лічыць цяперашні калектыў несапраўдным. І ад тых, хто па-ранейшаму не верыць у яго заўтрашні дзень. Я выдатна разумеў і разумею гэтых людзей: як так, што, фігуральна кажучы, крэсла Мулявіна заняў нейкі Шарапаў? Але я, бы той сувязіст на фронце, узяўшы ў зубы кабель, цягнуў яго з мінулага ў будучыню, атрымліваючы за гэта кулі. І мала звяртаў на іх увагу. Галоўным для мяне быў глядач, для якога мы і працягвалі існаванне “Песняроў”.

— Сочыш за тым, што цяпер адбываецца з імі?

— Спецыяльна не. Але бачу, што хлопцы выступаюць, робяць новыя запісы, усё ў іх, па-мойму, ідзе нядрэнна. Яны маюць поўнае права на ўласнае бачанне таго, што павінна далей адбывацца з ансамблем. Я ніякім чынам не ўмешваюся ў гэты працэс. Шчыра кажучы, у мяне сёння шмат іншых інтарэсаў — тая ж праца радыёвядоўцам, якая ўжо трошкі зацямніла ўсё тое, што звязвала з “Песнярамі”. Таму, у прыватнасці, я і папрасіў цяперашняга кіраўніка ансамбля Рамана Козырава “вызваліць” мяне ад усіх мерапрыемстваў, спадарожных юбілею “Песняроў”. Ёсць шмат годных людзей, якія некалі гралі ў іх і будуць дарэчна глядзецца на сцэне падчас такіх канцэртаў. Так, напэўна, дарэчным там быў бы і я. Але... Не!

— Сышоўшы ў 2016-м з “Песняроў”, ты назваў мне тры задачы, якія ставіў перад сабой, кіруючы ансамблем: абарона яго брэнда; захаванне “песняроўскіх” традыцый і пераемнасць; рух у бок моладзевай аўдыторыі. Першыя два пункты былі выкананыя, а трэці?

— Так, у ансамбль перыядычна ўліваюцца зусім маладыя хлопцы, у якіх самыя сучасныя музычныя густы. Але асноўны бенефіцыяр “Песняроў” — гэта, вядома ж, людзі пенсійнага веку. І так, відаць, будзе заўсёды. Прычым вось якая штука: будуць змяняцца пакаленні, маладыя, якія не слухалі ансамбль, будуць старэць — і ўжо тады “прыходзіць” да музыкі ансамбля!

— Штосьцi яшчэ не ўдалося зрабіць у “Песнярах”?

— Я адкажу, але толькі прашу зразумець мяне правільна. Не атрымалася надаць “Песнярам” тое значэнне, якога яны насамсрэч вартыя. Знакавыя калектывы — тыя ж “Песняры”, той жа ўнікальны хор Дрынеўскага або Купалаўскі тэатр — усё так жа не з’яўляюцца часткай творчай эліты, якая ў нас, агулам, і не сфарміравалася. Былі і ёсць асобы, якія мелі і маюць цалкам заслужаныя імі прывілеі. Але да калектываў гэта не адносіцца. Іх артысты трасуцца ў аўтобусах, раз’язджаючы з гастролямі па краіне. Яны ў абавязковым парадку павінны выконваць план, атрымліваючы пры гэтым не надта вялікія зарплаты. Замест таго, каб задумваць і ўвасабляць шэдэўры, якія назаўсёды застануцца ў культурнай скарбніцы краіны, а то і страпянуць увесь свет, гэтыя людзі вымушаныя шукаць дадатковую працу.

Мне ж думаецца, што такія калектывы, якія сапраўды з’яўляюцца часткай нацыянальнага гонару, здабыткам краіны, не павінны ведаць, што такое фінансавая нішчымніца. Яны павінны тварыць, маючы нармальны дастатак. Інакш мы можам страціць нацыянальнае мастацтва вышэйшай пробы — няма каму будзе ім займацца, бо ўсе артысты сыдуць будаваць або гандляваць. Іншая справа, што павінен быць адбор, цэнз. Але, мяркую, пяць — шэсць калектываў яго пройдзе. Вядома, і патрабаванні да іх павінны быць высокія.

— У “Песняры” ты прыйшоў…

— ...у канцы XX стагоддзя.

— ...з тэлебачання, дзе працаваў гукарэжысёрам. І ў ансамбль бралі ім жа?

— І аранжыроўшчыкам новых песень. Да мяне неяк звярнуліся Барткевіч і Вадзім Касенка, з якімі я сябраваў, з просьбай зрабіць пару рэчаў. Зрабіў, і так паволі мой раман з “Песнярамі” завязаўся. У 2000-м нават быў амаль гатовы цэлы альбом, які так і не адбыўся — па згаданай вышэй прычыне. Хлопцам трэба было выконваць план — матляцца па краіне з канцэртамі. А з Мулявіным я пазнаёміўся ў 1996-м годзе, калі прывозіў яму свае песні на рэпетыцыйную базу “Песняроў” у Севастопальскім парку. На мяне гнятлівае ўражанне зрабіла іх студыя, наогул памяшканне. Усё неяк брудна было, захламлена. Памятаю, што “залаты” дыск “мелодыеўскi” стаяў недзе паміж сметніцай і венікам. Можа, так было зроблена дэманстратыўна: маўляў, узнагароды для нас няважныя? Або ўсё гэта была прыкметай таго, што атмасфера ў ансамблі напальвалася?

— А якую атмасферу ты заспеў у калектыве на стыку стагоддзяў?

— Нядрэнную, як ні дзіўна — памятаючы пра тое, што яшчэ крывавіла рана пасля канфлікту. Толькі-толькі ўтварыліся “Беларускія песняры”, якія адным сваім існаваннем не давалі забыць аб сварцы. Але да “Песняроў” як да творчага калектыву зноў узрастала цікавасць і з боку слухачоў, і з боку медыя. Ансамбль стаў больш актыўна здымацца ў тэлепраграмах, з’яўляцца на вялікіх пляцоўках. Мулявін жа ў той час хутчэй за ўсё спрабаваў для сябе расставіць чарговыя кропкі над “i”, — што рабіць далей, куды рухацца ансамблю, якія людзі яму патрэбныя. Было відаць, як цяжка яму даводзіцца — пры пастаянна высокім ціску. І наогул складвалася ўражанне, што яму ўсё надакучыла, а твар пры гэтым захоўваць трэба. Але музыку і “Песняроў” ён бы ўсё роўна не кінуў — гэта было яго дзецішча, лёс, крыж.

Я, дарэчы, так канкрэтнай прапановы ад Мулявіна ўвайсці ў ансамбль і не атрымаў. Пры мне ён наогул з прэтэндэнтамі на трапленне ў яго вёў размовы як бы адцягненыя: больш прыглядаўся, прамацваў. Патрошку ўваходзячы ў “Песняры”, я з тэлебачаннем спачатку не парываў. Гэта была пастаянная праца, стабільны заробак, а часы тады ў краіне — у фінансавым плане — былі няпростымі, у тым ліку і для ансамбля. Звольніўся толькі ў 2002-м, калі Мулявін ляжаў у Маскве — тады ўжо трэба было з канцамі сыходзіць у “Песняры”.

— Пасля аварыі Мулявіна, яго доўгай рэабілітацыі закралася думка, што ўсё — канец ансамблю?

— Не думалася пра гэта. Было вельмі шкада Уладзіміра Георгіевіча... Чаму гэта яму, за што? Прычым у той момант, калі нешта зноў стала атрымлівацца! А ўва мне тады і прачнулася пачуццё адказнасці за ансамбль. І вось гэтымі сваімі светлымі эмоцыямі хацелася падзяліцца з Мулявіным, падбадзёрыць яго, запэўніць, што ўсё абыдзецца, даць зразумець, што ў ансамблі ўсё нармальна і справа яго жыве, і не знікне яна. Мы сталі вазіць яму ў Маскву новыя песні, бачылі, як настрой яго мяняецца, ён больш усміхаецца, поціск рукі стаў моцным, цёплым… Здавалася, што вось-вось ён устане. І стаяў жа ўжо трохі! І тут — бах... А “Песняры” тады былі вельмі згуртаваныя — і самі па сабе, і вакол Мулявіна.

— Не памылюся, калі скажу, што “Песняры” былі тваімі кумірамі?

— Вядома! Акрамя ўсёй іх фантастычнай музыкі, мяне прыцягвала і тое, што музыканты ансамбля былі нібы хлопцамі з нашага двара. Здавалася б, вунь яны дзе — далёка, у тэлевізары. Але не — калі ты іх бачыў, узнікала пачуццё, што яны свае ў дошку!

— У якасці слухача ты падзяляў для сябе творчасць ансамбля на апрацоўкі народных песень, эстраду, буйныя формы? Нешта менш падабалася, нешта больш?

— Менш стала падабацца тое, у які бок стаў рухацца ансамбль з сярэдзіны 1980-х
гадоў. Усе гэтыя спробы зрабіць яго больш рокавым, эксперыменты з электронным гучаннем. Я думаю, што “Песнярам” трэба было “закансервавацца” ў годзе гэтак 1980-м, калі яны дасягнулі свайго піку. І пасля не тое каб рухацца па плыні, а працягваць працаваць у тым жа рэчышчы. Менавіта працаваць, а не плыць — адчуйце розніцу. Якога ідэальнага стану яны тады дасягнулі, як у іх усё гучала, якая шырачэзная музычная палітра была! Мне здаецца, што сыход у той час з калектыву Барткевіча, калі ў ансамблі ўтварыўся адчувальны пралом, і стаў прадвеснікам будучых бураў — і творчых, і чалавечых.

— Акрамя Мулявіна, хто, на твой погляд, аказаў істотны ўплыў на музыку “Песняроў”?

— Уладзімір Ткачэнка і Ігар Палівода. У тым, як шыкоўна стаў гучаць ансамбль у канцы 1970-х гадоў, іх заслуга велізарная — калі наогул не вызначальная.

— У “Песнярах” ты быў…

— ...вельмі непрыкметным, сарамлівым чалавекам, які крытычна ставіўся да сваёй знешнасці і голасу. А, напрыклад, Місевіч быў гэткім пастушком з жалейкаю. Дайнэка — паніч блакітнай крыві, у добрым сэнсе. Кашапараў — пастаральны, народны тып. Гэта такімі іх Мулявін зляпіў.

— Я іншае меў на ўвазе. Ты граў на клавішных, пісаў аранжыроўкі, музыку і тэксты (асабіста для мяне як мінімум дзве твае песні — “Ля замкавай гары” і “Ой, княжна” — абсалютныя хіты, як быццам з “залатых” часоў “Песняроў”). Пасля смерці Мулявіна стаў мастацкім кіраўніком ансамбля, крыху пазней — і яго дырэктарам. У чым яшчэ твае функцыі заключаліся?

— Напэўна, з нейкага часу я стаў лоцманам, які стараўся выбраць правільны фарватэр, правесці карабель пад назвай “Песняры” без пашкоджання праз рыфы ў бурным моры. У тым палягала мая асноўная праца. Але пры гэтым я павінен быў яшчэ і заставацца музыкантам ансамбля.

— Пасля смерці Мулявіна яго дырэктарам спачатку быў прызначаны вакаліст Валерый Скаражонак.

— На жаль, выпрабаванні паўнамоцтвамі ён не вытрымаў.

— У добрых стасунках застаўся з ім?

— З таго часу, як ён сышоў з “Песняроў” у 2012-м годзе, мы з ім не маем зносінаў... Хоць ён мне часам сніцца! І ўсё паміж намі добра!

— “Песняры” для Вячаслава Шарапава — гэта…

— Яны, у адрозненне ад сённяшніх шматлікіх поп-зорак, ніколі не гулялi на людскіх жарсцях, не прываблівалі “жаўцізной”, а заўсёды чаплялі сваім мастацтвам струны чалавечай душы. Хтосьці скажа, што час тады быў іншым: паспрабавалі б “Песняры” нешта такое “выкінуць”. Так, іншы. Ну дык і вы паспрабуйце спяваць аб вечных каштоўнасцях так, як гэта рабілі “Песняры”! Не спрабуюць — бо не ўмеюць, бо не атрымаецца...

А што мне далі “Песняры”? Той самы размаіты досвед, якога хапіла б яшчэ на тры жыцці. “Песняры” для мяне — гэта і самы горкі горыч, і найвышэйшая радасць. Увесь спектр пачуццяў я атрымаў, там працуючы.