Класіка праз прызму часу

№ 33 (851) 16.08.2008 - 22.08.2008 г

Выставачная галерэя — добрае месца для роздумаў над мінулым і сённяшнім днём мастацтва і грамадства, у якім яно існуе. Асабліва цікава гэта рабіць на рэтраспектыўных выстаўках. Напрыклад, разглядаючы карціны з “Залатога фонду Беларускага саюза мастакоў”, што экспануюцца зараз у Палацы мастацтва. Класіка айчыннага жывапісу і рэаліі нашага часу, погляды мастакоў, якія тварылі шмат дзесяцігоддзяў таму, і памкненні сучасных людзей — ці судакранаюцца яны?

 /i/content/pi/cult/171/1629/Klasika1.jpg
У.Гардзеенка. “Паласа адчужэння”.
Манументальныя пейзажы вядомых па энцыклапедыях і падручніках мастакоў запаўняюць вялікую залу Палаца мастацтва. Карцін з заводскімі “стаханаўцамі” і выявамі сялян, што працуюць на палях, тут небагата. Творы кожнага майстра: Аляксандра Кішчанкі, Пятра Данэліі, Альгерда Малішэўскага, Гаўрылы Вашчанкі і многіх-многіх іншых паказваюць унікальную тэхніку кожнага, іх “асабісты рэалізм”.
І хоць некаторыя з палотнаў пададуцца гледачам не надта “залатымі”, мо нават наадварот — здзівяць змрочнымі, нярадаснымі фарбамі, ёсць і нямала сапраўды яркіх “агеньчыкаў”, што блішчаць то ў адным, то ў другім кутку залы. Такой, падаецца, выглядала на экспазіцыі карціна Івана Рэя “На Гомельшчыне”, дзе наваколле адкрываецца праз экспрэсіўныя крывава-чырвоныя фарбы. Гэтае палатно з Залатога фонду БСМ выклікала ці не найбольшую цікавасць наведвальнікаў.
Крышку паасобку стаяць арыстакратычныя, тонкія, прасякнутыя музычнымі летуценнямі творы Леаніда Шчамялёва. Быццам перагаворваюцца адна з адной карціны Зоі Літвінавай і Святланы Катковай, выкананыя ў класічным стылі. Чымсьці яны падобныя, аднолькава прывабліваюць сваёй жаноцкай непасрэднасцю і сонечным настроем. Разняволенасць колераў і прадметаў на нацюрмортах ды партрэтах Аляксандра Кішчанкі заўважаецца адразу, калі заходзіш у залу. Яго бірузовая і фіялетавая фарбы кідкія, яны ствараюць уяўленне космасу, дзе ў беспарадку рухаюцца людзі і рэчы. “Сляпы дождж” Анатоля Кузняцова падае вялізнымі круглымі кроплямі, такімі перабольшанымі, як вангогаўскія энергетычныя кропачкі ў “Зорным небе”.
Ёсць на выстаўцы творы дзвюх асоб, якія, падаецца, у многім апярэджвалі свой час. Адзін з мастакоў — гэта Мікалай Селяшчук са сваёй жудаснай “Аварыяй” і
 /i/content/pi/cult/171/1629/Klasika2.jpg
Л.Шчамялёў. “Гай майго дзяцінства”.

“Матылькамі”, што тут не жывуць. Усіх гледачоў выстаўкі спыняе і прымушае ўключаць фотаапараты карціна Міколы Залознага “Гэта не павінна здарыцца”, на якой незайздросная будучыня прыгажуні-мадэлі, што пазіруе мастаку.
Нельга не звярнуць увагу на водгукі наведвальнікаў выстаўкі ў кнізе запісаў. Многія заўважылі, што рамы гэтых даўніх скарбаў запыленыя і нават сям-там паламаныя, што некаторыя палотны патрэскалісяад даўніны. Сумна, што карціны 1960-70 гадоў маюць такі непаглядны стан, гэта значна псуе ўражанне ад іх. Ёсць і неахайнасці ў напісанні назваў па-беларуску.
Паважаючы мастакоўскі талент, мінулае жывапісу паказваць варта так, каб сучасныя творцы і гледачы маглі атрымаць з агляду выстаўкі як мага больш задавальнення і карысці. Ад такіх экспазіцый чакаеш цудаў, чагосьці сапраўды залатога.

Алёна САБАЛЕЎСКАЯ