Прайм-тайм для старажылаў

№ 27 (1414) 06.07.2019 - 12.07.2019 г

Чаго больш у сучасных святкаваннях Купалля — традыцый ці забаўляльнага элемента? Што рабіць, каб першы аспект пераважаў?
Пад рознымі назвамі свята, прымеркаванае да дня летняга сонцастаяння, вядома ўсім еўрапейскім і шмат якім нееўрапейскім народам. У Беларусі яно завецца Купалле. Гэта пераломная кропка года, калі “сонца паварочваецца на зіму”, светлавы дзень пачынае скарачацца, а ноч — прыбываць. У царкоўным календары гэта раство святога Яна (24 чэрвеня ў католікаў) ці Іаана Хрысціцеля (7 ліпеня ў праваслаўных). Шмат у якіх народаў назва свята ўтворана ад мясцовага імя гэтага святога, напрыклад, Ёнінес у нашых суседзяў-літоўцаў. Хутчэй за ўсё, царкоўнага паходжання і назва “Купалле” (“Купайло” ва ўкраінцаў, “Иван Купала” ў рускіх) — народная інтэрпрэтацыя эпітэта “Хрысціцель” (грэцкі адпаведнік даслоўна перакладаецца як “той, хто купае, пагружае ў ваду”). У народаў германскай моўнай групы захаваліся назвы са значэннем “сярэдзіна лета”: Midsummer (англічане), Mittsommerfest (немцы), Midsommar (шведы). Латышы завуць свята Ligo — ад прыпева купальскіх песень, у сваю чаргу ўтворанага з дзеяслова са значэннем “танчыць вакол вогнішча”. У Латвіі 23 і 24 чэрвеня — афіцыйныя выхадныя дні. У Літве і Швецыі — толькі 23-га. У нашых суседзяў балтыйскага рэгіёну людзі выязджаюць святкаваць Купалле з сям’ёй і сябрамі на прыроду. Атрымліваецца такі ледзь ці не дзяржаўны пікнік з нацыянальнымі традыцыямі, агульнымі для ўсёй краіны, не без каранёў у традыцыйнай культуры.

/i/content/pi/cult/752/16289/19400104_10209251964069591_7749340471608269276_n-SSSS.jpgАлена ЛЯШКЕВІЧ,
супрацоўніца Цэнтра даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі:

А што тым часам у Беларусі? Асацыяцыі з Купаллем у масавай свядомасці, бадай, прыкладна наступныя: вогнішча, вадаём, вянкі, песня “Купалінка”. І быццам бы ўсё гэта ёсць і ў лакальных праявах традыцыйнай культуры, але д’ябла, як заўжды, хаваецца ў дэталях. Па-першае, дата святкавання: найчасцей — ноч з 6 на 7 ліпеня, “праваслаўнае Купалле”. Мала хто святкуе “па сонцы” ў дваццатых чыслах чэрвеня. Па-другое, вогнішча, якое складаюць з чаго заў-
годна (часта са старых аўтамабільных колаў) і паліваюць бензінам. Быццам бы ў традыцыйным рэчышчы — пазбаўленне ад старых непатрэбных рэчаў. Проста раней гэта былі прадметы з натуральных матэрыялаў (тыя ж колы, толькі драўляныя, стаптаныя лапці, зламаныя самаробныя прадметы побыту, зношанае адзенне), а цяпер — вось так… Але ёсць у гэтых “штучных” вогнішчах нешта ненатуральнае. Па-трэцяе, вянкі. Традыцына іх плялі з палявых кветак, а насілі пераважна дзяўчаты шлюбнага ўзросту ці жанчыны, якія першы год замужам (паверх хусткі). А цяпер… Саламяныя “кароны”, “гнёзды” з пластыкавых кветак — на ўсіх, ад дашкольніц да бабуль. Па-чацвертае, песні. Шырока вядомая “Купалінка” — гэта народныя словы, пакладзенныя на музыку Уладзімірам Тэраўскім. Упершыню твор прагучаў у 1921-м годзе як фрагмент музычнага суправаджэння спектакля “На Купалле” Міхася Чарота ў Першым тэатры беларускай драмы (зараз Купалаўскі тэатр). А іншых купальскіх песень, акрамя той “Купалінкі”, шараговы беларус мо і не прыгадае.

/i/content/pi/cult/752/16289/333-SSS.jpgШто можна параіць работнікам культуры, якія арганізуюць святкаванне Купалля “на месцах”? Пацікавіцца ў старажылаў, як свята праходзіла даў-
ней, да арганізацыі клубаў, адразу пасля вайны. Паспрабаваць абыграць гэтыя звесткі ў сцэнарыі сучаснага мерапрыемства. Калі засталіся выканаўцы, якія ведаюць мясцовыя купальскія песні — запрасіць іх на сцэну ў “прайм-тайм”, урачыста абвясціўшы, што гучаць творы менавіта свайго рэгіёну. Можа быць, нават раздаць прысутным раздрукоўкі са словамі і заклікам падпяваць. А яшчэ лепш — не пад сцэнай, а ў карагодзе разам са старэйшымі носьбітамі фальклору. Загадзя нарваць кіпу палявых кветак, каб усе ахвотныя маглі сплесці сабе вянкі. Арганізаваць майстар-класы (так, сёння не кожны прадстаўнік маладога пакалення ўмее рабіць вянкі). Можна пад марку Купалля навучыць не толькі пляценню вянкоў, а і мясцовым танцам, рамёствам, гатаванню традыцыйных страў… Заклікаць удзельнікаў прыносіць непатрэбныя рэчы для купальскага вогнішча. Пажадана з натуральных матэрыялаў — так і бліжэй да традыцыі, і экалагічна. І абавязкова падтрымліваць святочны настрой! Бо Купалле — гэта ў першую чаргу свята, а толькі ў другую — мерапрыемства.

Фота Алены ЛЯШКЕВІЧ

/i/content/pi/cult/752/16289/11 S.jpg