Нотр-Дам, убачаны з Лошыцы

№ 27 (1414) 06.07.2019 - 12.07.2019 г

Месца для дыскусіі з інтрыгоўнай назвай “Нотр-Дам і беларуская рэстаўрацыя. Як адраджаць спадчыну?” было абранае невыпадкова. Менавіта аднаўленне сядзібнага дома ў Лошыцы эксперты прызналі найлепшым рэалізаваным праектам рэстаўрацыі ў Беларусі за апошнія пяць гадоў.

/i/content/pi/cult/752/16288/pages-4-5-copy-3-S.jpg

У Лошыцы яшчэ з пачатку 1990 гадоў працавалі рэстаўратары з майстэрні “Басталія”. Пазней, ужо ў 2000-х, ім давялося наноў стварыць інтэр’еры, якія перадаюць атмасферу сядзібнага дома канца ХІХ стагоддзя, аднавіць унутраны роспіс і дэкор. Аўтары і выканаўцы праекта былі ўзнагароджаныя прызам конкурсу “Спадчына ў дзеянні”, зладжаным сёлета Беларускім камітэтам ICOMOS.

Чатырнаццаць слаёў мінулага

Перад пачаткам дыскусіі кіраўнік каманды рэстаўратараў Ігар Кныш правёў для прысутных экскурсію па будынку, інтэр’еры якога былі зафіксаваныя і адноўленыя намаганнямі ягоных калег.

Каманда “Басталіі” яшчэ напачатку 1990-х гадоў даследавала аўтэнтычныя роспісы ў пакоях Любанскіх. Калі было прынятае заключэнне, што драўляныя сцены сядзібнага дома ўратаваць не ўдасца, рэстаўратары знялі ў кожным пакоі па фрагменце аўтэнтычнага інтэр’ернага жывапісу разам з тынкоўкай. Цяпер гэтыя фрагменты захоўваюцца ў флігелі сядзібы і чакаюць свайго часу на экспанаванне.

На іх дбайна зафіксаваныя ўсе дэталі, каб пасля можна было аднавіць вобраз і падабраць адпаведныя колеры — што, як без лішняй сціпласці прызнаюцца мастакі, збольшага ўдалося. У некаторых пакоях налічвалася да 14 слаёў перафарбовак, кожны з якіх захоўваў памяць аб пэўнай эпосе ў гісторыі сядзібы. Пра асобныя з тых пластоў сёння нагадваюць зандажы — участкі сцен, якія адрозніваюцца ад астатняга роспісу памяшкання і паказваюць фрагменты ранейшага аздаблення. Для рэстаўратараў было важным дамагчыся падабенства з арыгінальным выглядам пакояў — але, разам з тым, даць наведвальніку зразумець, якія дэталі інтэр’ераў адноўленыя гіпатэтычна.

У асобных пакоях “вярнуць” арыгінальны выгляд роспісаў было немагчыма: бракавала крыніц. Таму яны аднаўляліся паводле аналагаў. Каманда мастакоў-рэстаўратараў сабрала альбом з выявамі інтэр’ераў іншых падобных помнікаў спадчыны XVIII — XIX стагоддзяў, на якія можна было арыентавацца.

Але там, дзе магчыма, імкнуліся захаваць арыгінальныя рашэнні і дэталі. Напрыклад, адной з асаблівасцяў ХІХ стагоддзя было ўжыванне ў інтэр’еры дэкаратыўнага жывапісу і фальшывых відарысаў — да такой ступені, што ў сядзібным доме нават дзверы з дубу ці лістоўніцы былі зашпатляваныя і пасля распісаныя пад дуб. Такімі іх можна пабачыць тут і сёння.

/i/content/pi/cult/752/16288/pages-4-5-copy-2-S.jpgМіфы і артэфакты

Рэстаўратары імкнуліся ўлічваць і міфы, непарыўна звязаныя з лошыцкай сядзібай. Так, у адным з пакояў здаўна паказваюць месца, дзе нібыта было акно — тое самае, праз якое, як сцвярджае паданне, жонка аднаго з уладальнікаў Лошыцы, Ядвіга Любанская, у дзявоцтве Кяневіч, уцякла да ракі і ўтапілася. Пасля гэтага, паводле падання, удавец Яўстафій Любанскі загадаў закласці акно цэглай.

Але зрабіўшы зандаж у адпаведным месцы, рэстаўратары высветлілі, што фальшывае акно насамрэч там было задуманае адпачатку — гэта адна з характэрных рысаў інтэр’ераў ХІХ стагоддзя. Таксама ўдалося адшукаць успаміны брата Ядвігі, дзе сцвярджаецца, што лошыцкая пані загінула ў выніку няшчаснага выпадку: яна аступілася, пераходзячы праз раку, і ўдарылася галавою аб камень. Легенды могуць руйнавацца — але задача рэстаўратараў і ў тым, каб захаваць памяць аб іх.

Пры аднаўленні сядзібы таксама паўставала пытанне, як быць з ацалелымі печкамі. Адна з іх захавалася ў добрым стане з ХІХ стагоддзя — яна цяпер выклікае найбольш пытанняў у экскурсантаў, бо выглядае дзіўна для старонняга вока: уся ў палосах, яе паверхня мае ў розных месцах розны колер. Рэч у тым, што рэстаўратары вырашылі пакінуць на кафлі зандажы, якія паказваюць усе слаі і дазваляюць уявіць, як гэтая печ выглядала раней.

Печку, складзеную ўжо ў савецкі час, рэстаўратары вырашылі не чапаць, але дамагліся аднаўлення аўтэнтычнага выгляду інтэр’ера, усталяваўшы ў куце перад ёю шкляны экран з абрысамі старадаўняга каміна — акурат на тым месцы, дзе былі знойдзеныя яго парэшткі. Зноў жа, на такі крок пайшлі з той прычыны, што рэканструкцыя выгляду гэтага каміна — чыста гіпатэтычная. Яшчэ адзін камін захаваўся, яго першапачатковы выгляд удалося аднавіць дзякуючы таму, што пашанцавала знайсці аналагічны — прычым ажно ў Самары.

Усё да лепшага

Пазнаёміўшыся з канкрэтным прыкладам паспяховай рэстаўрацыі, абышоўшы ўсе пакоі сядзібнага дома і пабачыўшы плён працы майстроў сваімі вачыма, госці Лошыцкай сядзібы ўладкаваліся ў адной з залаў і перайшлі да дыскусіі аб прынцыпах рэстаўрацыі. Паразважаць на гэты конт запрасілі пераможцаў і фіналістаў конкурсу “Спадчына ў дзеянні”.

Мадэратар сустрэчы, кіраўнік беларускага камітэта ICOMOS Сцяпан Стурэйка ўрэшце патлумачыў, прычым тут наогул Нотр-Дам. Ён адзначыў, што пажар у славутай парыжскай святыні, які адбыўся не так даўно, хоцькі-няхоцькі даў нагоду чарговы раз задумацца над шляхамі і метадамі рэстаўрацыі:

— Справа ў тым, што рэстаўрацыйная тэорыя і развіццё канцэпцый захавання спадчыны вельмі моцна залежыць ад выклікаў, з якімі мы сутыкаемся. Чым большы выклік, тым большая дыскусія вакол яго і тым большы яе вынік. Калі б не было знішчэння Варшавы ў 1944-м, сёння ў нас не было б такога выдатнага аб’екта рэстаўрацыі, магчыма — не было б нават Венецыянскай хартыі па пытаннях захавання і рэстаўрацыі помнікаў, якая, у пэўнай ступені, была вынікам гэтага аднаўлення. Калі б не было будаўніцтва Асуанскай плаціны з пераносам старажытнаегіпецкіх храмаў у Абу-Сімбеле і паводак у Венецыі, напэўна, мы б не мелі канцэпцыі сусветнай спадчыны ў сённяшнім яе выглядзе. Таму выпадак з Нотр-Дамам — таксама выклік усім нам, бо гэта аб’ект сусветнай спадчыны.

Праваслаўны святар айцец Аляксандр (Балоннікаў) быў запрошаны на сустрэчу як настаяцель Барысаглебскай (Каложскай) царквы ў Гродна, рэстаўрацыя якой да апошняга супернічала з лошыцкай сядзібай за званне найлепшай у конкурсе “Спадчына ў дзеянні”. Ён распавёў, што хаця праект аднаўлення Каложы афіцыйна называецца капітальным рамонтам, фактычна гэта ўсё-такі рэстаўрацыя. Святар адзначыў, што Каложы ўдалося захаваць не толькі свой выгляд, але і прызначэнне — збудаваная як храм, яна застаецца месцам малітвы і сёння.

/i/content/pi/cult/752/16288/pages-4-5-copy-S.jpg

Міражы і зандажы

Сцяпан Стурэйка прапанаваў удзельнікам дыскусіі паразважаць аб сённяшнім стане і далейшым развіцці рэстаўрацыі з перспектывы такіх маштабных выклікаў. Кіраўнік праектнага бюро беларускага камітэта ICOMOS Ігар Раханскі адзначыў, што пры любой рэстаўрацыі перадусім трэба ясна фармуляваць і разумець, які вынік мусіць быць атрыманы. Не забываючы аб захаванні помніка, варта таксама ўлічваць ягоную будучыню, развіццё і значэнне для грамадства. Як прыклад ён прывёў праект аднаўлення замка ў Гальшанах, якім займаецца ўжо на працягу дзесяці гадоў. Новую канцэпцыю гэтага помніка Ігар Раханскі акрэсліў як “парк з жывапіснай руінай”.

Архітэктар лічыць, што галоўным крытэрыем якасці праведзеных у замку работ будзе ўвага да яго звычайных жыхароў Гальшан — калі па сцежках прызамкавага парка пачнуць гуляць маці з дзіцячымі каляскамі. Ігар Раханскі прапанаваў прысутным адмыслоўцам дакладна фармуляваць свае мэты ў рэстаўрацыі — на што мастак-рэстаўратар Ганна Выгонная, удзельніца каманды рэстаўрацыі ў Лошыцы, прыгадала нефармальны дэвіз майстэрні “Басталія”: “Міражы і зандажы”. Ідэя такой рэстаўрацыі палягае ў імкненні спалучаць аўтэнтычныя элементы з уяўнымі, але блізкімі да рэальнасці вобразамі.

Ігар Кныш звярнуў увагу на іншую праблему — нечаканую, але зразумелую. Паводле яго слоў, рэстаўрацыя помніка можа спазнаць дзве бяды: калі няма грошай на аднаўленне, і калі іх зашмат — прычым часта другая бяда нашмат горшая. Прыкладам, вялікія грошы, сабраныя на рэстаўрацыю Нотр-Дама, могуць прывесці да не зусім адэкватных рашэнняў. Але ў Лошыцы, вядома, праблема іншая. Выступоўца выказаў шкадаванне, што не ўсе задумы ўдалося рэалізаваць: магчыма было пайсці далей і зрабіць больш у кірунку тых самых “міражоў і зандажоў”, каб сувязь і адметныя рысы арыгінальных дэталяў і адноўленых інтэр’ераў была заў-
важная яшчэ больш яскрава.

Школа на базе помніка

Рэстаўратар выказаў думку, што няблага было б на базе такога помніка, як лошыцкая сядзіба, стварыць пастаянную школу рэстаўрацыі. Пагатоў, у працэсе аднаўлення інтэр’ераў такая школа тут фактычна і была створаная: на прыкладзе гэтага аб’екта было абаронена каля дзесяці дыпломных работ.

Яшчэ адзін сябра “Басталіі” Ігар Шыкула распавёў пра сваю працу выкладчыка Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа. Разам з вучнямі ён аформіў інтэр’ер творчай майстэрні, дзе праходзяць заняткі. Такім чынам, была рэалізаваная ідэя стварэння школы на базе помніка: каледж знаходзіцца ў будынках былога кляштара бенедыктынак XVII стагоддзя.

Напрыканцы дыскусіі Ігар Кныш паведаміў, што з супрацоўнікамі музея “Лошыцкая сядзіба” ўжо абмяркоўваецца магчымасць стварэння ў экспазіцыі пэўнага раздзелу, які паказваў бы акурат гісторыю рэстаўрацыі будынка. Хто ведае — магчыма, некалі тут паўстане і сапраўдная школа рэстаўратараў, дзе на прыкладзе папярэднікаў будуць навучацца новыя маладыя майстры.

Фота аўтара і Таццяны Матусевіч