“Код Манюшкі”, увасоблены фарбамі

№ 27 (1414) 06.07.2019 - 12.07.2019 г

Да святкавання 200-годдзя з дня нараджэння Станіслава Манюшкі спрычыніліся не толькі лепшыя музычныя сілы краіны, але і творцы, падуладныя іншым музам. 20 чэрвеня 2019 года ў Гарадской мастацкай галерэі твораў Леаніда Шчамялёва адбылося адкрыццё выставы па выніках пленэра ў гонар вялікага кампазітара, зладжанай Беларускім саюзам мастакоў па прапанове аўтара гэтага артыкула. А раней цягам некалькіх месяцаў у мастацкіх майстэрнях выспявалі ідэі. Ушанаваць Манюшку сваёй творчасцю палічылі за гонар многія мэтры.

/i/content/pi/cult/752/16286/2-3-10-S.jpgНа вернісажы творцы разважалі пра ўнікальны лёс і творчасць класіка, пра эпоху рамантызму, у якую пашчасціла жыць кампазітару, падзяліліся з гледачамі сваімі развагамі на фоне аўтарскіх работ. А своеасаблівай ніткай, якая іх звязвала, стала музыка Манюшкі ў выкананні ансамбля “Вытокі”.

Сярод работ пераважае жывапіс у розных тэхніках і стылістычных кірунках — ад неарэалізму да неаабстракцыянізму. Полістылістыка і сінтэз стылёвых кірункаў, характэрныя для нашай эпохі постмадэрна досыць шырока прадстаўлены і на гэтай, здавалася б, вузкатэматычнай выставе. Пры ўсёй абстрактнасці або абагуленасці многіх работ, пры шырокай панарамнай пейзажнасці, іх інтуітыўны пасыл і “ментальны код” цалкам сугучны, нават супадае з “кодам” Манюшкі, які мы чуем у яго музыцы.

Такімі дакладнымі, здатнымі патрапіць “у дзясятку” тэматычнай вобразнасці ўбачыліся нам цудоўныя працы жывапісцаў-філосафаў — Ягора Батальёнка “Волма. Ранішняя песня” і Алеся Родзіна “Свет Манюшкі” і “Космас Манюшкі”. Апошняе палатно і сваім маштабам (ва ўсю вышыню сцяны) і колерамі-танальнасцю (сугучнымі з самымі характэрнымі музычнымі інтанацыямі кампазітара) сінтэзіравала нябесны, зямны, водны каларыты, фарміравала светлы “волманскі” настрой усёй залы. Адмаўленне ад канкрэтызацыі, філасофскі ўзровень асэнсавання эпохі Манюшкі, глыбіннае адчуванне яго асобы характэрныя таксама для работ Аляксея Марачкіна, Алеся Шатэрніка, Кацярыны Сумаравай.

Да канкрэтнага вобразу Манюшкі праз яго партрэтна-сюжэтнае выяўленне звяртаюцца класік гістарычнай тэмы ў айчынным жывапісе Мікола Купава, а таксама Святлана Урублеўская, Віктар Варанкевіч і Уладзімір Чарнышоў. Асабліва варта адзначыць шыкоўны трыпціх Uwertura S.M. Рыгора Таболіча.

Яркія і самабытныя “эстэцкія калейдаскопы” Алены Шлегель, натхнёныя фальклорна-казачнымі снамі, нагадваюць пра вытокі меласа Манюшкі. Разгорнутае разважанне пра музыку бачым і ў трыпціху Васіля Касцючэнкі, работах Эдуарда Агуновіча, Ангеліны Вашчанкі, Ірыны Кузняцовай, Алега Ладзісава, Вячаслава Паўлаўца… Не маглі не ўпрыгожыць выставу таленавітыя акварэлі Вольгі Навіцкай і канцэптуальная графіка Ілоны Касабукі з “ілюстрацыяй” тэатральнага закулісся і элементамі сцэнаграфіі.

Сярод геаграфічных кропак з малой радзімы кампазітара дамінуе само месца яго нараджэння — фальварак Убель каля Смілавічаў і рэчка Волма, на якой ён стаяў. На жаль, іншыя “адрасы” Манюшкаў — Алесіна, Родкаўшчына, Шыпяны, мінскія дамы, “праблемны” па стане захавання ў наш час палац у Смілавічах (правобраз “Страшнага двара”) мастакамі амаль не адлюстраваныя. Выключэнні — работа Ларысы Зарубінай і выцінанка Ніны Сокалавай-Кубай з выявамі Смілавічаў. Вялікае ўражанне пакідае трыпціх “Малітва за спадчыну Беларусі” Валянціны Шоба.

Ярка раскрываюць заяўленую тэму скульптары з вядомай мастацкай дынастыі. Ужо сам збор экскурсантаў і творцаў перад прыходам у музей пачаўся каля ратушы — ля выдатнага помніка Манюшку і Дуніну-Марцінкевічу аўтарства Льва і Сяргея Гумілеўскіх. Іх выявы юбіляра, яго творчых сяброў і сучаснікаў упрыгожылі амаль кожную залу выставы.

Творы іншых відаў мастацтва на пленэры былі рэдкімі, але яны прагучалі таксама: габелен пра вытокі рамантызма Святланы Баранкоўскай з цытатай з Міхала Клеафаса Агінскага і работы па дрэве. Арыгінальны і таленавіты, з філасофскім узроўнем асэнсавання тэмы твор Мікіты Васільева “Манюшка. Страшны двор”, дзе быццам калкі ў фартэпіяна мноства кліноў прабіваюць аснову, ствараючы аб’ёмную фактуру, сімвалізуючы “новае вымярэнне жыцця” ў XIX стагоддзі. А старыя дошкі асновы — быццам той “стары амшалы тын”, які дайшоў нам “ад прадзедаў, спакон вякоў”, ад Станіслава Манюшкі-дзеда — заснавальніка таго замка. Твор ізноў нагадвае нам пра неабходнасць захаваць Смілавіцкі палац — стан якога, на жаль, сёння бадай крытычны. Яшчэ адна работа па дрэве — каларыстычна трапная і поўная алюзій і энэргіі “Волма. Хвалі музыкі” Уладзіміра Тарасава. Гэта два новыя імёны ў мастацкай прасторы, якія, на наш погляд, варта запомніць.

Карацей, як лаканічна заўважыў старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца, цудоўная работа якога “Вільня. Касцёл св. Ганны” адлюстравала віленскі перыяд і духоўны пласт творчасці Манюшкі: “Выстава сапраўды ўдалася”!

Аляксей ФРАЛОЎ

/i/content/pi/cult/752/16286/2-3-10-S2.jpg