Храм пад купалам нябёсаў

№ 27 (1414) 06.07.2019 - 12.07.2019 г

Учора споўнілася 50 гадоў, бадай, аднаму з найвядомейшых помнікаў свету — 5 ліпеня 1969 года быў адкрыты Дзяржаўны мемарыяльны комплекс “Хатынь”. Пабудаваны на месцы вёскі, спаленай разам з жыхарамі 22 сакавіка 1943 года нацыстамі і іх памагатымі, ён нагадвае пра ўсе вёскі Беларусі, што былі знішчаныя падчас Вялікай Айчыннай вайны. У гадавіну ўрачыстага адкрыцця мемарыяла ў Хатыні адкрылася выстава “Леанід Левін. Філасофія творчасці”, прысвечаная аднаму са стваральнікаў гэтага комплексу.

/i/content/pi/cult/752/16284/_MG_8394-S.jpgУ стварэнні экспазіцыі прымала ўдзел сям’я архітэктара.

— Хатынь для бацькі была не проста часткай жыцця, а ўсім яго жыццём, і гэтая тэма не скончылася для яго толькі стварэннем мемарыяла, — распавяла “К” Галіна Левіна. — На выставе прадстаўленыя таксама іншыя работы Леаніда Левіна, створаныя з канца 1960-х і да яго смерці ў 2014 годзе, звязаныя з тэмай увекавечання памяці аб трагедыях Вялікай Айчыннай вайны. Усе яны суправаджаюцца каментарыямі і развагамі самога архітэктара з кніг “Хатынь” і “Перажыць перажытае”, што дазваляе параўнаць успрыманне гэтых мемарыялаў гледачом з задумай і поглядам аўтара. Будзе прадэманстраваны фільм “Маналог”, зняты ў 2012 годзе Белвідэацэнтрам, дзе бацька распавядае гісторыю стварэння сваіх помнікаў. Наведвальнікі змогуць убачыць яго асабістыя рэчы і матэрыялы, з якімі ён працаваў: сангіну, вугаль, драўляныя лякалы і іншае. Для нас вельмі важна, што выстава адкрываецца менавіта ў Хатыні.

Акрамя мемарыяла ў Хатыні, Леанід Левін быў суаўтарам многіх іншых помнікаў у мясцінах па ўсёй краіне, звязаных з гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны — мемарыяльных комплексаў на месцы спаленай вёскі Шунеўка Докшыцкага раёна, Шталага 342 у Маладзечне, лагера ў Чырвоным Беразе, на месцах гібелі ахвяр Халакосту ў Мінску, Гарадзеі, Слуцку.

На мінулым тыдні, 29 чэрвеня, адзначыў сваё 85-годдзе яшчэ адзін са стваральнікаў помніка — архітэктар Юрый Градаў. Як ён нагадаў у гутарцы з “К”, стварэнню мемарыяла папярэднічаў конкурс, у якім перамог праект архітэктараў Леаніда Левіна, Юрыя Градава, Валянціна Занковіча і скульптара Сяргея Селіханава. Але месца, дзе ён мусіў быць рэалізаваны, яшчэ давялося пашукаць. Выбар спынілі на Хатыні, прычым размяшчэнне вёскі далёка ад шашы таксама было асэнсавана ў канцэпцыі мемарыяла — пяць кіламетраў адлегласці ад дарогі да помніка былі пазначаныя знакамі зваротнага адліку.

Наогул для мемарыяла ў Хатыні характэрная моцная сімвалічная нагрузка — у розных яго элементах ужываецца сімволіка стрэх, сялянскіх хат. Усе аб’екты тут сувымерныя маштабу вясковай забудовы, што стварае камерную атмасферу. Тое, што мемарыял пачынаўся адразу з кульмінацыйнай кропкі — месца гібелі жыхароў Хатыні, па словах Юрыя Градава, падкрэслівала раптоўнасць і непазбежнасць трагедыі. А насупраць, на месцы пахавання ахвяр, паставілі незвычайнае надмагілле — вянец новага дома, які сімвалізуе адбудову і новае жыццё краіны, што аднаўляла мірнае жыццё пасля вайны. На месцы 26 вясковых хат былі пастаўленыя 26 сімвалічных комінаў са званамі, якія стваралі аб’ёмны гук. Мемарыял мусіў сімвалізаваць сабой храм пад адкрытым небам, дзе сценамі былі навакольныя лясы, купалам — нябёсы, а званіцай — усе гэтыя 26 званоў на месцы спаленых хат.

/i/content/pi/cult/752/16284/1-(2)-SS.jpgАрхітэктар адзначыў, што комплекс здавалі ў дзве чаргі і адкрывалі таксама двойчы: у 1968 годзе быў створаны мемарыяльны ансамбль на месцы спаленай Хатыні, а ў 1969 годзе побач узніклі сімвалічныя могілкі спаленых вёсак з усёй Беларусі, якія ўздымалі мемарыял да агульнанацыянальнага ўзроўню — гэтую ідэю прапанаваў папярэднік Пятра Машэрава на пасадзе першага сакратара ЦК КПБ Кірыл Мазураў. Акурат тады з’явіліся і сцяна памяці, якая ўвекавечвае трагедыю ахвяр нацысцкіх канцлагераў, і тры бярозкі з вечным агнём на месцы чацвёртай, што сімвалізуюць ваенныя страты Беларусі, якая згубіла, як лічылася, кожнага чацвёртага свайго жыхара.

У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь днямі таксама быў прэзентаваны зборнік матэрыялаў “Хатынь. На шляху да прызнання”, які распавядае аб стварэнні мемарыяла і прысуджэнні яго аўтарам Ленінскай прэміі СССР у 1970 годзе. Сёння ўжо можна сказаць, што ў гісторыю ўвайшла не толькі трагедыя Хатыні, але і пасляваенны лёс мемарыяла, створанага на месцы спаленай вёскі, які адыграў значную ролю ва ўвекавечанні памяці пра вайну. Зарукай таму стала не толькі трагічная і ўражваючая гісторыя месца помніка, але і высокае майстэрства яго аўтараў і выдатная мастацкая вартасць іх твору.

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА.

/i/content/pi/cult/752/16284/222294-07-S.jpg 

Фота Дзяніса КАСЦЮЧЭНКІ, БелТА.