Фэст касцоў і свята трускаўкі

№ 26 (1413) 29.06.2019 - 05.07.2019 г

Мінск віруе спартыўнымі падзеямі: вуліцы і праспекты перакрываюцца для забегаў удзельнікаў ІІ Еўрапейскіх гульняў, у арэнах і алімпійскіх комплексах ладзяцца спаборніцтвы па розных відах спорту, а замежныя госці падчас адпачынку з цікавасцю аглядаюць адметныя архітэктурныя аб’екты беларускай сталіцы (без фота на фоне Нацыяналкі, мабыць, не з’ехаў з Беларусі ні адзін спартсмен!) ды наведваюць шматлікія імпрэзы, якія ладзяцца ў тэатрах, музеях і карцінных галерэях. Так што, як бачна, спорт і культура на гэтым тыдні шчыльна ідуць побач. Прычым так адбываецца не толькі ў Мінску, але і ў розных раёнах Беларусі.

/i/content/pi/cult/751/16281/21.JPGСенакос таксама Спорт?

Вось і ў аграгарадку Ліпнішкі Іўеўскага раёна днямі прайшло фактычна культурна-спартыўнае свята “Ліпнішкаўскія сенакосы”, у якім спаборнічалі тыя, хто хацеў паспрабаваць свае сілы ў конкурсе касцоў. Тут былі і смех, і жарты, і заахвочвальныя прызы для пераможцаў.

“У конкурсе прынялі ўдзел 11 касцоў з дзевяці сельсаветаў Іўеўскага раёна, — піша нам вядучы метадыст аддзела народнай творчасці Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу Святлана Лугіна. — Між іншым, касілі не толькі мужчыны, але і самыя смелыя ды моцныя кабеты. Ганаровы тытул “Касец-2019” атрымаў Іван Бутрым (Лелюкінскі сельсавет)”. Святочны настрой для ўсіх прысутных стваралі канцэртныя выступленні народнага вакальнага ансамбля “Вакаліз” Іўеўскай дзіцячай школы мастацтваў, а таксама творчыя калектывы з Карэліцкага і Воранаўскага раёнаў Гродзенскай вобласці.

Падобнае спартыўна-культурнае свята — раённы конкурс ручной касьбы — прайшло і ў Лідскім раёне, у аграгарадку Ганчары. Па словах вядучага метадыста аддзела метадычнай і культурна-масавай работы Лідскага РЦКіНТ Вольгі Троцкай, паселішча ўжо ў чацвёрты раз сабрала гледачоў і ўдзельнікаў, якія ўмеюць трымаць у руках касу. “Хтосьці пацісне плячыма — а навошта, маўляў, гэта трэба, калі ёсць трымеры і газонакасілкі? Але ж касьба — рамяство старажытнае, — сцвярджае Вольга Троцкая. — Тым больш, што пакос травы — справа не з простых. Тут патрэбна не толькі сіла, здатнасць і спрыт, але і веды.”

/i/content/pi/cult/751/16281/22.JPGПрыхільнікаў ручной касы на свяце ў Ганчарах сабралося не так ужо і мала: 15 чалавек з розных куткоў Лідскага краю. Сярод іх, як і ў Ліпнішках, выйшлі з косамі дзве дзяўчыны: Аксана Уцюрына з Ганчароў і Жанна Яворац з Мінойтаў. А пераможцам сёлетняга конкурсу стаў Станіслаў Ждонец з Верх-Ліды.

У свяце ўзялі ўдзел гурт “Талер”, майстры аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, вакальны гурт “Вясёлка” з Ваўкавыскага раёна. Таксама ў паселішчы былі разгорнуты святочны гандаль і фотавыстава пераможцаў конкурсу розных гадоў, працавалі тэматычныя пляцоўкі і атракцыёны для дзяцей, а многіх людзей захапіў майстар-клас па побытавых танцах “Танцуем па-даўнейшаму”. Так што спартыўна-культурныя мерапрыемствы ладзіліся на гэтым тыдні не толькі ў Мінску!

Хачу ў “Клубнічнае царства”!

Таксама прыйшло да нас і некалькі лістоў з Зэльвенскага раёна. Наша сталая аўтарка Святлана Якута паведаміла пра свята фальклору “Перазвон талентаў”, што адбылося 16 чэрвеня ў аграгарадку Каралін. Падчас мерапрыемства на тэрыторыі ўстановы культуры раскінулася алея творчасці, дзе можна было ўбачыць вырабы з дрэва, мясцовыя ўзоры ткацтва і вышыўкі, а таксама экспазіцыю народных музычных інструментаў ды прэзентацыю страў беларускай традыцыйнай кухні. А яшчэ на свяце кожны ахвотны мог вывучыць найпрасцейшыя рухі побытавых танцаў, праспяваць задорыстую прыпеўку або запомніць дасціпную прыказку.

А наступная інфармацыя прымусіла толькі пашкадаваць, што на ім не былі журналісты “К”. Як напісала нам загадчыца аддзела па развіцці народнай творчасці Зэльвенскага РМЦНТ Алена Ламека, 18 чэрвеня ў аграгарадку Бародзічы адбылося свята трускаўкі. І гэта невыпадкова, бо клубніцы і вёска Бародзічы чвэрць стагоддзя як сінонімы: тут яе вырошчвае літаральна кожны. Што ж, раней трускаўкавай сталіцай Беларусі лічылася Лунінеччына, але Зэльвеншчына актыўна аспрэчвае гэты статус.

Святочную праграму адкрыла тэатралізаванае прадстаўленне “Клубнічнае царства” з удзелам каралевы-ягады. Гасцей сустракалі песнямі, частавалі напоямі і трускаўкай розных відаў і гатункаў, а свежая выпечка з клубнічным начыннем разляталася, што называецца, на ўра. Усе ахвотныя маглі паўдзельнічаць у гульнях, конкурсах, віктарынах, змайстраваць сувенір на ягадную тэму, прыгатаваць ягадныя аплікацыі ды паўдзельнічаць у конкурсе малюнкаў. Карацей, хто куды, а я налета — у Бародзічы!

Згадка пра сумны дзень

Як паведамілі ў газету супрацоўнікі Палаца культуры Ліды, 21 чэрвеня на пероне мясцовага чыгуначнага вакзала культработнікамі былі зладжаны тэатралізаваныя эпізоды пачатку Вялікай Айчыннай вайны 1941 года. У тэатралізацыі прынялі ўдзел каля 200 чалавек. Сукенкі дзяўчат і форма мужчын, словы дыктара, прыпеўкі і народныя танцы, букеты палявых кветак, сапраўдны гармонік — усё гэта дазволіла адчуць атмасферу гістарычнага моманту 22 чэрвеня 1941 года.

Мерапрыемства завяршылася тэматычнай праграмай “Час, апалены вайной” у гарадскім Палацы культуры. Удзельнікі народнага драматычнага тэатра “Ракурс” паказалі міні-замалёўкі з жыцця горада 1941 года. У выкананні лепшых творчых калектываў пранізліва гучалі вершы і песні пра Вялікую Айчынную вайну.

Як патрапіць у казку?

Прызнаюся — рэдакцыйную пошту гартаць прыемна. Не сакрэт, што яшчэ гадоў з дзесяць таму многія раённыя святы былі падобныя адно да аднаго як дзве кроплі вады. Таму і пісаць пра іх, шчыра кажучы, было не вельмі цікава. Цяпер жа амаль кожнае нясе свой адметны каларыт, звяртаецца да каранёў і раскручвае традыцыйны брэнд той або іншай мясцовасці, сцвярджаючы, прапагандуючы і, магчыма, адраджаючы да актыўнага жыцця малую радзіму і свой край.

Вось, скажам, 15 чэрвеня ў Дзятлаве прайшоў трэці адкрыты фестываль-карнавал роставых лялек і лялечных тэатраў. Ужо з раніцы, як пішуць нам супрацоўнікі Дзятлаўскага РЦКіНТ, на стадыёне “Колас” было шматлюдна: гучала музыка, працавалі гандлёвыя кіёскі, а малеча бавілася на шматлікіх атракцыёнах, батутах і надзіманых горках ды аглядала цікавосткі фестывальнай інтэрактыўнай зоны.

Яна, да слова, таксама была казачнай. Напрыклад, работнікі Дварэцкага Дома культуры заклікалі дзяцей на “Лялечны батл” і прапаноўвалі ім песенныя, танцавальныя, спартыўныя (без спорту аніяк!), інтэлектуальныя спаборніцтвы. Таксама працавала тэматычная фотазона з роставымі лялькамі ад узорнага тэатра-гульні “Лялькі для ўсіх”. Нямала цікавых прапановаў для маленькіх аматараў казак было і ў мультыплікацыйных герояў на пляцоўцы “Шчанячы патруль”.

Але ж і гэта, натуральна, не ўсё. Паводле праграмы фестывалю-карнавалу “Дасканалы свет казкі” адбылося шэсце роставых лялек і выступленне калектываў з розных раёнаў Гродзеншчыны, а завяршыла конкурсную праграму яркае выступленне аматарскага тэатральнага аб’яднання “Люстэрка” Скідзельскага гарадскога Дома культуры.

Чаму падобнае свята адбылося на Дзятлаўшчыне? Адказ, бадай адзіны. Справа ў тым, што роставых герояў для сцэны дзятлаўчане шыюць самі, і ў значнай колькасці. Так што ствараць свой брэнд, які прыцягне ўвагу гасцей не толькі з Гродзеншчыны, але і з усёй Беларусі, можна і самастойна.

І апошняя навіна — усё з той жа Дзятлаўшчыны. 12 чэрвеня музычная рэтра-вечарына сабрала ў РЦКНТ шматлікіх аматараў рок-н-ролу. Дамы фарсілі ў прыгожых сукенках, яркіх каляровых пінжаках і элегантных капелюшах. Таксама тут можна было ўбачыць папулярныя ў мінулым стагоддзі прычоскі. Для ўдзельнікаў сустрэчы ладзіліся конкурсы і віктарыны, была арганізавана выстава фотаздымкаў на вінілавых пласцінках. Фіналам сустрэчы стаў танцавальны флэш-моб пад хіты песень 1960 — 1970-х, які захапіў усіх прысутных і фактычна вярнуў іх у маладосць.

І гэта невыпадкова. Бо што ні кажы, а рок-н-рол — не рэтра, ён заўсёды малады...

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"