І танчыла душа рамансы...

№ 33 (851) 16.08.2008 - 22.08.2008 г

У Беларускім дзяржаўным харэаграфічным ансамблі “Харошкі”, нягледзячы на летнюю спякоту, пачаўся ўжо новы сезон: у самым разгары актыўныя рэпетыцыі. Рыхтуецца новая сольная праграма... аркестра (!) гэтага калектыву.

 /i/content/pi/cult/171/1628/Haroshki.jpg

— Яшчэ ў канцы мінулага сезона,— расказала кіраўнік аркестра, кампазітар Марына МАРОЗАВА, — я паказала нязменнаму лідэру “Харошак” Валянціне Іванаўне Гаявой свае новыя інструментальныя кампазіцыі, і яна падтрымала мяне ў гэтым напрамку. Усяго плануецца 11 інструментальных і 15 вакальных нумароў, палова з іх ужо развучваецца. Хочацца, каб аркестр выконваў не ўжытковую функцыю, выступаючы музычным “суправаджэннем” да танцаў, а вёў самастойнае канцэртнае жыццё. З артыстаў аркестра ўтварыўся струнны квартэт, да якога я далучаю народныя інструменты. Адпаведна, рэпертуар папоўніўся двума маімі струннымі квартэтамі. Каб больш яркімі былі тэмбравыя фарбы духавых, да кларнета і флейты думаем дадаць габой. Пашыраецца і тэматыка твораў: акрамя ўласна народных, з’явіліся духоўныя — да прыкладу, п’есы “Душа”, “Гук абарванай струны”. Магчыма, потым яны набудуць і харэаграфічнае рашэнне, пашырыўшы, такім чынам, мастацкую палітру не толькі аркестра, але і харэаграфічнай трупы, адным словам — “Харошак”.
— Падобнае пашырэнне ўжо назіралася ў праграме “Беларусы”, прэм’ера якой адбылася ў канцы мінулага сезона (гл. “К” №9 за 2008 г.). Там было амаль цэлае аддзяленне вашай музыкі, ледзь не цалкам рамансавай.
— Тая ж харэаграфічная сцэнка “Журавы” пісалася мной для аркестра “Харошак” з поўным складам сімфанічнага. Я намагалася дабіцца сінтэзу сімфанічнай і народнай музыкі, як гэтаму вучыў мяне знакаміты Яўген Аляксандравіч Глебаў. У свой час ён, паслухаўшы маю Трэцюю сімфонію, сказаў: “Я вамі ганаруся. Не кідайце сімфанічнай музыкі!” Сапраўды, не працуючы над аркестравымі творамі, кампазітар хутка страчвае, так бы мовіць, “спартыўную форму”.
— Тым не менш, вашай творчай адметнасцю я лічу менавіта рамансавасць. Яшчэ ў студэнцкія гады вы заявілі пра сябе некалькімі вакальнымі цыкламі — у адрозненне ад распаўсюджанай тады стылістыкі, вельмі меладычнымі.
— Рамансавасць адлюстроўваемой унутраны свет — пэўна, гэта жаночая рыса. Нават Глебаў, пры ўсёй яго нелюбові да сентыментальнасці, пагадзіўся з такім кірункам маёй творчасці. Апошнім жа часам я імкнуся ў рамансах да драматургіі тэмбраў. А дзякуючы майму прыходу ў ансамбль “Харошкі” гэты рамансавы струмень набывае і адметнае пластычнае ўвасабленне. Невыпадкова абсалютна ўсе адзначалі, што другое “рамансава-сімфанічнае” аддзяленне праграмы “Беларусы” сталася новым, шмат у чым эксперыментальным крокам “Харошак”. 

Надзея БУНЦЭВІЧ