Балет “на выраст” Паклітару

№ 26 (1413) 29.06.2019 - 05.07.2019 г

Лета — з балетам, Каляды — з операй. Да гэтай няхітрай формулы меламаны ўжо прызвычаіліся. Але сёлетні фестываль “Балетнае лета”, традыцыйна зладжаны Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатрам Беларусі, ужо ў шосты раз меў дадатковыя асаблівасці.

/i/content/pi/cult/751/16278/16.JPGПрымеркаванае да ІІ Еўрапейскіх гульняў, “Балетнае лета ў Вялікім” крыху перасунулася па тэрмінах. Да таго ж, фестывальнай “фішкай” сталі не толькі запрошаныя зоркі, якія ўдзельнічалі ў гала-канцэрце і нашым “Лебядзіным возеры”, але і ажно шэсць замежных спектакляў. Для параўнання: траплянне ў фестывальную афішу хаця б аднаго “гасцявога” балета раней лічылася добрым паказальнікам, бо здараліся форумы і без такіх паказаў.

Так, пяць спектакляў з шасці былі аднаактоўкамі, тры з іх — увогуле камернымі (разлічанымі максімум на чатырох салістаў), але куды больш важна іншае: два вечары запар свае новыя працы дэманстравалі харэограф Раду Паклітару і яго калектыў “Кіеў Мадэрн-балет”.

/i/content/pi/cult/751/16278/17.JPGБылы артыст нашага Вялікага тэатра, адзін з першых выпускнікоў Акадэміі музыкі па класе народнага артыста Беларусі і СССР, прафесара, цяперашняга мастацкага кіраўніка тэатра Валянціна Елізар’ева, Раду не парывае сувязяў з Беларуссю. Але з тых часоў, як ён адправіўся ў сусветнае “самастойнае плаванне”, гэта была самай, бадай, шырокая і разнастайная панарама яго творчасці: двухактовая “Спячая прыгажуня”, якую ён летась паказваў на Міжнародным фестывалі сучаснай харэаграфіі ў Віцебску, і вечар аднаактовак (“Уверх па рацэ” па матывах “Загадкавай гісторыі Бенджаміна Батана” і “Доўгі калядны абед” паводле аднайменнай амерыканскай п’есы), з’яднаных філасофскай тэмай жыцця і смерці, хуткаплыннасці часу і яго марнавання.

Убачанае ўразіла. Не адно ўменнем па-рэжысёрску “перапрачытаць” вядомыя сюжэты, адшукаўшы ў іх дадатковыя сэнсы, але і тым, якімі выразнымі сродкамі гэта зроблена.

Можна колькі заўгодна лямантаваць, што Чайкоўскі, маўляў, перакуліўся бы ў труне, але хрэстаматыйна вядомая музыка яго “Спячай прыгажуні” зайграла новымі фарбамі і адценнямі. Не ад нейкай неверагоднай інтэрпрэтацыі, а праз новую драматургію і новыя спляценні з відэашэрагам. У адносінах да выкарыстанага тэксту Паклітару дазваляе сабе ніколькі не больш за тое, што робяць сёння рэжысёры драмы ці тэатра лялек: скарочвае тэкставую аснову, перастаўляе-пераасэнсоўвае яе часткі, перадае рэплікі (у дадзеным выпадку, музыку) іншым персанажам, далучае некаторыя новыя фрагменты. І ацэньваць гэта трэба не па колькасці ўнесеных змен, дрыжучы над кожнай нотай, а па мастацкім выніку.

Ён, між іншым, аказваецца надзіва гарманічным: харэаграфія ў адносінах да музыкі нідзе не “фальшывіць”, трапляе акурат “у такт”, але шукае (і галоўнае — знаходзіць) новыя з ёй “кансанансы”. Тое ж тычыцца і павольнай плыні Струннага квартэта Аляксандра Родзіна, і імклівай рухомасці “Пораў году” Антоніа Вівальзі ў згаданых аднаактоўках. Не менш гарманічным аказваецца далучэнне натуральных гукаў навакольнага свету, уласцівае не толькі тэатру, але і сучаснай музыцы, а таксама моманты цішыні, якія, працягваючы знаходкі шведскага балетмайстра Матса Эка, становяцца выбуховымі кульмінацыямі.

Пастаноўкі Паклітару заўжды вабяць харэаграфічнымі прыдумкамі, якіх на адзінку часу ва ўсіх трох спектаклях ажно “зашкальвае”. Можна колькі заўгодна кпіць, што вось тут, маўляў, “кіліянаўскія ступні”, а вось тут — так званы “паўзунок” з народнага танца ды іншыя цытаты. Гэта амаль як абвінавачваць у запазычваннях на той падставе, што ўсе выкарыстаныя ў тэксце словы нам добра вядомыя і ўжо “дзесьці сустракаліся”. Словы — тыя ж, як і праславутыя сем нот у музыцы. А складзеныя з іх сказы, думкі — цалкам арыгінальныя. Вельмі “стыльныя”. Запамінальныя. Адпаведныя характару персанажаў. Такія спектаклі хочацца пераглядаць яшчэ ды яшчэ, штораз знаходзячы новыя цікавосткі. І не проста пераглядаць, атрымліваючы асалоду для вока, а… “перадумваць” — асэнсоўваць і пераасэнсоўваць.

Спектаклі Паклітару, акрамя ўласна мастацкага складніку, даюць выдатную падставу для размовы з іранічна настроенымі падлеткамі і моладдзю (Раду іроніі ды самаіроніі не займаць) пра найбольш складаныя пытанні быцця. Харэограф і сам вядзе гэтую размову — папраўдзе ўсур’ёз, без аніякай гульні ў паддаўкі. Пра каханне, здраду, помсту. Пра кошт дамовы не адно з тагасветнымі сіламі — са сваім сумленнем. Пра зменлівасць часу — і пастаянства законаў чалавечай псіхікі. Пра тыя пасткі, што пільнуюць кожнага ў яго стасунках з жыццём, дзе нязменнай Прыслужніцай аказваецца Смерць.

Прывезеныя спектаклі “Кіеў Мадэрн-балета” паказалі, наколькі вырас прафесійны ўзровень калектыву. Там кожны — саліст, які ахоплівае энергетыкай усю залу. І кожны здольны на любыя самыя неверагодныя падтрымкі і пластычныя па, нафантазіраваныя Раду.

Калектыў на чале з Паклітару рухаецца ў бок надзвычай актуальнага сёння сінтэтычнага тэатра, дзе танец з’яўляецца не самамэтай, а адным з найбольш выразных складнікаў метафарычнага дзеяння, разлічанага на яркае відовішча — і глыбокі роздум. Прычым роздум, што называецца, “на выраст”.

Паклітару, без аніякіх перабольшванняў, — імя сусветнага маштабу. І Беларусь можа толькі ганарыцца такім сваім выхаванцам. А пра тое, як ён сам ганарыцца беларускай часткай біяграфіі, Раду, узяўшы мікрафон, сказаў наўпрост са сцэны.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"