Опера на траве

№ 26 (1413) 29.06.2019 - 05.07.2019 г

У час падрыхтоўкі да іспытаў вырашыў зрабіць невялічкі “антракт” і выправіўся “чэрпаць сілы” ў матухны прыроды. Як выявілася, яе моц падвойваецца ў сяброўстве з музыкай: у сталічным Батанічным садзе была паказана опера Станіслава Манюшкі Verbum Nobile. Як сцвярджалі арганізатары, у фармаце 5D.

/i/content/pi/cult/751/16277/15.JPGПазней даведаўся, што гэта была не адзінкавая акцыя, а цэлы фестываль рэлакс-вечарын MuzzicLETO: у розныя дні ў Батанічным садзе выконваюць то фламенка, то джаз, то Бетховена, а то вось — калі ласка, паказалі нацыянальную оперу ХІХ стагоддзя.

У той дзень там жа была і лекцыя пра Манюшку, з якой выступіў мастацкі кіраўнік “Беларускай капэлы”, заслужаны артыст нашай краіны, прафесар Віктар Скарабагатаў. Але я, наўмысна “выключыўшыся” на час іспытаў ад сацыяльных сетак ды іншых інтэрнет-спакусаў, пра тое не ведаў, выпадкова патрапіўшы акурат на оперу. Ці ўсё ж невыпадкова?

Асабіста для мяне оперны спектакль, зладжаны
наўпрост “на палянцы”, быў у навінку. З дзяцінства я хадзіў у наш оперны тэатр, дзе спяваў мой бацька. Ён расказваў мне, як калісьці ў 1990-я оперу Уладзіміра Солтана “Дзікае паляванне караля Стаха”, пастаўленую ў тэатры, паказвалі ў гарадскім атачэнні на Нямізе. Дый у Нясвіжы Вялікі тэатр штогод ладзіць цэлы фестываль — на спецыяльна ўсталяванай сцэне ва ўнутраным дворыку палаца. А тут — без усялякага подыуму, на зялёнай траўцы. Без звыклага тэатральнага антуражу і старадаўніх строяў, якія са сцэны выглядаюць багата, а зблізку часта страчваюць увесь свой бляск.

Што цікава, гісторыя шляхціцаў пазамінулага стагоддзя аказалася вельмі зразумелай нам сённяшнім. Бацькі абралі сваім дзецям жыццёвы шлях, вызначылі іх лёс — і далі з гэтай нагоды “слова гонару”. Але як быць з уласным выбарам юнакоў? У оперы ўсё гэта тычылася шлюбных абавязкаў і, вядома, скончылася хэпі-эндам. Цяперашнія бацькі, зразумела, не заключаюць дамоў на будучае вяселле сваіх немаўлятаў, але часта вызначаюць за сваіх дзяцей іншае — іх будучую прафесію. Дык што такое сёння “слова гонару”? Як бачым, тэматыка оперы ніколькі не страціла сваёй актуальнасці. І тое, што ў спектаклі былі выкарыстаны сучасныя строі, а ў ролі не толькі юнакоў, але і іх бацькоў выступілі маладыя артысты, яшчэ больш наблізіла дзеянне да нас, да сённяшніх рэалій і цяперашняй моладзі.

Цудоўная музыка ў выкананні Ciмфанiчнага аркестра i хора Белтэлерадыёкампанii, выдатныя галасы — а сярод салістаў былі такія выдатныя спевакі, як Маргарыта Ляўчук, Арцём Хамiчонак, Дзмiтрый Капiлаў, Андрэй Клiпо, Ілля Пеўзнер, пагодны летні дзень… Усё разам гэта склала сапраўднае свята. І мела адчувальны асветніцкі напрамак! Бо мы пазнаёміліся з операй, якую Станіслаў Манюшка напісаў яшчэ да свайго ад’езду ў Варшаву. Там ён стаў класікам, бо стварыў першыя класічныя ўзоры польскай нацыянальнай оперы. Але ў той жа час ён і наш беларускі класік — сусветнага маштабу.

Некалькі гадоў таму гэтую оперу паказвалі на сцэне Палаца культуры прафсаюзаў, вазілі на гастролі ў абласныя цэнтры. Але я тады яе не бачыў, і пазнаёміўся толькі цяпер, пры незвычайных абставінах — на ўлонні прыроды. Такі кірунак трэба развіваць і надалей!

Бацька багата расказваў мне пра тое, як удзельнічаў у замежжы ў разнастайных імпрэзах open-air — пад адкрытым небам. Зацікавіўшыся гэтым, я знайшоў на YouTube шмат ролікаў з падобнымі опернымі паказамі. Вядома, надвор’е ў нас не італьянскае, але такія спектаклі ўносяць разыначку ў музычныя будні. І могуць значна пашырыць кола звыклай опернай публікі. Ці ж не так? Тым больш, што ўсялякія “нестандартныя” сцэнічныя пляцоўкі, якіх у нас становіцца ўсё больш, вельмі прыцягальныя для моладзі — праз сваю атмасфернасць.

Опера можа і павінна быць не толькі “культурным помнікам”, але і жывым складнікам нашага жыцця. Асабліва калі гэта опера пра моладзь, напісаная маладым на тыя часы кампазітарам. У прыгожых мелодыях, цалкам адпаведных класічнай стылістыцы, чуліся інтанацыі роднай музычнай мовы. І гучалі яны — па-беларуску. Не ведаю, ці апынуўся на тым паказе хтосьці з гасцей ці ўдзельнікаў Еўрапейскіх гульняў, але ва ўсіх прысутных, думаю, у душы нараджаўся гонар за краіну, якая спарадзіла такія музычныя творы.

Аляксандр КАЧАНОЎСКІ, выпускнік сярэдняй школы № 24 г. Мінска