Даеш тры балеты за сезон?

№ 33 (851) 16.08.2008 - 22.08.2008 г

Групе сучаснай харэаграфіі “ТАД” Гродзенскай абласной філармоніі — 15 гадоў. Святкаванні, што адбудуцца толькі ў снежні, не змесцяць і сотай долі таго, што зроблена за гэты, здавалася б, невялікі час. Бо за адзін толькі юбілейны сезон, які нядаўна завяршыўся, калектыў выдаў столькі прэм’ер, што іх хапіла б ледзь не на ўсе гады: былі пастаўлены 3 аднаактовыя балеты і 10 мініяцюр (адна — сумесна з ансамблем “Белыя росы”). Ды ў кожнай — выбух эмоцый, вольны палёт пластычных фантазій і, галоўнае, жывое пульсаванне думак, выкладзеных на сучаснай харэаграфічнай мове.

 /i/content/pi/cult/171/1627/Balety.jpg

Асабліва напружанымі і багатымі на падзеі, як гэта часта бывае, былі пачатак і канец сезона. Тым больш, што яны суправаджаліся яшчэ трыма значнымі для Гродзеншчыны танцавальнай юбілеямі. Увосень 20-годдзе адзначаў ансамбль музыкі, песні і танца “Белыя росы”: да гэтай даты “ТАД” рыхтаваў сумесны нумар, а таксама ўласную прэм’еру — “Снягі” на кампазіцыю вакальнай групы “Камерата”. Увесну ж 60-годдзе святкаваў Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў і 10-годдзе — ансамбль каледжа “Гродзенскія карункі”. Насустрач вясновым юбілеям у горад над Нёманам прыехала дэлегацыя з Рыжскага харэаграфічнага вучылішча. У яе складзе былі такія знаныя майстры, як народны артыст Латвіі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР Харальд Рытэнбергс, балетмайстар Нацыянальнай оперы Латвіі Рэгіна Каўпужа, а таксама артысты балета і студэнты вучылішча.
— Госці, — расказаў кіраўнік групы “ТАД” Дзмітрый КУРАКУЛАЎ, — наведалі і наш калектыў: паглядзелі рэпетыцыйныя заняткі, пастаўленыя намі нумары. Асаблівым гонарам для мяне як харэографа было тое, што яны не толькі ўхвалілі нашы пастаноўкі, але і засведчылі: у “ТАД” створана моцная школа сучаснай харэаграфіі, і гэтыя здабыткі годныя далейшага распаўсюджвання і пераймання.
— У тым ліку за мяжой. Высокі ўзровень вашых пластычных знаходак быў і раней неаднаразова пацверджаны на міжнародных конкурсах і фестывалях. Такіх паездак (і не толькі ў Віцебск, што апошнім часам стаў у нас “сталіцай” мадэрн-харэаграфіі) павінна быць як мага больш! Гродзенская філармонія і, шырэй, уся нацыянальная культура могуць толькі ганарыцца, што ў нас ёсць калектывы такога высокага ўзроўню.
— Толькі не перабольшвайце! Але адным з паказальнікаў запатрабаванасці ў замежжы нашага вопыту з’яўляецца тое, што “ТАД” запрасіла да супрацоўніцтва Беластоцкая опера, якая хутка адкрыецца. Ужо пачаліся перамовы.
Яно і не дзіва, падумала я, бо “ТАД” заклаў добрыя традыцыі супрацоўніцтва з “жывымі музыкантамі”. І нават заснаваў на Беларусі жанр, так бы мовіць, данс-оперы. У прыватнасці, менавіта так можна было азначыць дзве апошнія прэм’еры — абедзве на музыку беларускіх кампазітараў: “На рэках Вавілонскіх”паводле Псалма № 136 Андрэя Бандарэнкі, а таксама “Містэрыі Ясеніна” паводле харавога цыкла Андрэя Мдзівані “Русь залатая”.
У першым з аднаактовых спектакляў, што прысвечаны плачу палоннікаў, Камерны хор Гродзенскай капэлы пад кіраўніцтвам заслужанага дзеяча культуры Беларусі Ларысы Іконнікавай знаходзіўся з аднаго боку сцэны, з другога ж змяшчалася “паланёная” віяланчэлістка, “звязаная” гумовымі стужкамі, каб заставалася магчымасць іграць на інструменце. У “Містэрыях...” жа артысты хору сталі паўнавартаснымі ўдзельнікамі пластычнай дзеі, рухаючыся разам з “тад”аўцамі. А колькі цікавага і новага ў іншых прэм’ерах!
Балет “Парэйдалія” на музыку Арва Пярта фіксаваў вобразы-галюцынацыі, што змяняліся, бы воблакі на небе, у якіх можна ўбачыць што заўгодна. Мініяцюра “Возера радасці” на кітайскую традыцыйную музыку апелявала да ўсходняй медытацыі, што выклікае добры заспакоены настрой. Сярод іншых мініяцюр былі і жартоўныя, і філасофскія, і нават эратычныя ды экалагічныя. Так, у “Фабрыцы і дзяўчынцы” перад гледачамі паўставала шэра-брутальнае аблічча вытворчасці, што забруджвае навакольнае асяроддзе. Але выбягала дзяўчынка ў процівагазе з палівачкай у руках, і фабрыка літаральна на вачах ператваралася ў каляровы кветнік.
— Наша вялікая падзяка Гродзенскаму абласному ўпраўленню культуры, — працягвае Д.Куракулаў, — бо на сцэнічныя строі нам выдзелілі ажно 5 мільёнаў рублёў. Добрыя касцюмы асабліва важныя, калі выступаеш перад непадрыхтаванай аўдыторыяй — тымі ж дзецьмі. А мы ўлетку адкрылі сваімі выступленнямі змены амаль усіх дзіцячых летнікаў вобласці. Шмат выступалі і ў аграгарадках, дзе асаблівым попытам карыстаюцца нашы жартоўныя, парадыйныя мініяцюры.
Зараз “ТАД” у адпачынку, але Д.Куракулаў працягвае займацца з пачаткоўцамі — мабыць, з іх таксама вырастуць будучыя “тад”аўцы? 

Надзея БУНЦЭВІЧ
На
здымкy: сцэнa са спектакля
Фабрыка і дзяўчынка