Валерыю Рыбараву — 80

№ 26 (1413) 29.06.2019 - 05.07.2019 г

26 чэрвеня споўнілася 80 гадоў выбітнаму беларускаму кінарэжысёру Валерыю Рыбараву. Аўтару такіх стужак як “Чужая Бацькаўшчына” (1982), “Сведка” (1985), “Прыкаваны” (2002) і адной з самых касавых карцін кінастудыі “Беларусьфільм” — “Мяне завуць Арлекіна” (1988).

/i/content/pi/cult/751/16268/7.JPGКінематаграфічны погляд Валерыя Рыбарава заўсёды вылучае глыбокі псіхалагізм і ўвага да дэталяў. Майстра асабліва цікавіла тэма ўплыву грамадскіх катаклізмаў на маральнае аблічча чалавека. У сваёй трылогіі “Чужая Бацькаўшчына”, “Сведка” і “Мяне завуць Арлекіна” рэжысёр адлюстраваў трагічную гісторыю краіны — міжваенны перыяд Беларусі, Вялікую Айчынную вайну ў яе страшных праявах, драматычны злом савецкай эпохі.

Для мастака важны час і людзі ў ім. У тандэме са сваёй камандай — аператарам Феліксам Кучарам і мастаком Яўгенам Ігнацьевым — Валерый Паўлавіч стварыў выбітныя творы беларускага кінематографа, якія з’яўляюцца гонарам нацыянальнай культуры. Можна сказаць, што яго тэлефільм “Сведка” апярэдзіў свой час. Злучыўшы дакументальныя матэрыялы, сведчанні і мастацкую праўду, рэжысёр у дзвюхсерыйнай тэлекарціне перадаў боль і трагедыю пакалечаных душаў людзей, якія перажылі жах карніцкіх аперацый. Задзейнічанне ў фільме непрафесійных акцёраў, філігранная праца з імі дазволіла зрабіць тэлекіно неверагоднай сілы і праўды.

Рэдакцыя “К” віншуе майстра і лаўрэата Нацыянальнай кінапрэміі “За значны ўнёсак у нацыянальны кінематограф” з юбілеем. Зычым Вам, Валерый Паўлавіч, здароўя, імпэту і творчых сіл для здзяйснення новых праектаў!

Інтэрв’ю са славутым кінематаграфістам чытайце ў бліжэйшых нумарах “К”.

Фота Ганны ШАРКО