На пажоўклай ад часу паперы — побытавыя сцэны, партрэты аднапалчан, краявіды зруйнаваных гарадоў… Відаць, што многія з гэтых малюнкаў рабіліся ў спешцы, на прывале, стомленай рукой. Някідкія графічныя выявы праўдзіва перадаюць эмацыйны стан тых дзён. Радасць ад таго, што ты ацалеў у баях, і няпэўнасць перад днём заўтрашнім.
“Прадстаўленыя малюнкі — бясцэнныя сведчанні гісторыі, што аднаўляюць жывы вобраз салдата, які на сваіх плячах вынес усе франтавыя нягоды. Нагадваючы пра жахі вайны, яны заклікаюць нас да міру” — піша ў эксплікацыі куратар выставы Юлія Крыўдзюк.
Хочацца верыць, прыклад калінградскіх калег натхніць беларускіх музейшчыкаў больш актыўна даследаваць і выстаўляць тыя малюнкі, якія зрабілі на фронце нашы суайчыннікі. Балазе, многія з іх дасюль невядомыя шырокай аўдыторыі.