Старыя казкі па-новаму

№ 25 (1412) 22.06.2019 - 30.06.2019 г

Падавалася б, каго ў час шматмернага кіно ці фантастычных камп’ютарных эфектаў можна зацікавіць дыяфільмамі? Але некалькі гадоў таму ў Мінску з’явілася каманда акцёраў, рэжысёраў і музыкантаў, якая захапілася менавіта старымі казкамі на стужках. І сёння праект “Дыяфільм live” можна ўбачыць у музейных дворыках, кнігарнях, канцэртных залах ці нават проста на вуліцы ўсё часцей. Толькі гэта мае мала агульнага з пераключэннем карцінак на экране — гэта адразу і тэатр, і музыка, і анімацыя. Таму падчас паказаў можа падацца, што ты знаходзішся ў студыі, дзе агучваецца мультфільм, у іншы ж — на канцэрце, дзе Калабок спявае блюз, Дзядзя Сцёпа з казкі Сяргея Міхалкова гаворыць голасам Уладзіміра Высоцкага, а Мальчыш-Кібальчыш амаль што выконвае рок-оперу. Чаму аднаўляючы старыя стужкі, ствараеш штосьці новае, сучаснае і жывое, распавялі “К” самі ўдзельнікі “Дыяфільм live”.

/i/content/pi/cult/750/16263/21.JPG“Выключыць святлоі чытаць з экрана недастаткова”

Наталія ЛЕВАНАВА, рэжысёр і аўтар ідэі:

— Мы з мужам, перабіраючы дома старыя рэчы, знайшлі скрынку са стужкамі і дыяпраектар. Захацелася праверыць, ці магчыма зараз стварыць такую ж магічную атмасферу, якая адчувалася ў дзяцінстве, калі ўсе збіраліся дома, гасілі святло і замест тэлевізара глядзелі на карцінкі з дыяпраектара.

Адразу разумелі, каб дасягнуць якога-небудзь эфекту і ўздзейнічаць на гледача, проста вымкнуць святло і чытаць тэкст з экрана ўжо недастаткова — трэба ствараць яшчэ і пэўную гукавую атмасферу, таму прыцягваць для гэтага прафесійных акцёраў, якія ўмеюць рабіць такія рэчы. Мы паспрабавалі штосьці паказваць і зразумелі, што цікавасць да дыяфільмаў ёсць. Паступова сабралася каманда, з якой мы сустракаемся разам і адбіраем матэрыял, прыдумляем, якім можа быць гук да гэтых слайдаў, рэпеціруем і выходзім да гледачоў.

/i/content/pi/cult/750/16263/22.JPG“Важна паказваць усё аналагава”

Віктар КРАСОЎСКІ, аператар:

— Мы арыентуемся на моладзь, але да нас прыходзяць і бабулі. Ты чакаеш увесь час, што яны ўстануць і пойдуць: “Такое нельга з дыяфільмамі рабіць!” А яны дзякуюць: “Вы такія малайцы, мы не чакалі ўбачыць такое”. Якое такое? Мы самі пастаянна запрашаем людзей. Яны пытаюцца: “А што ў вас?” Вось як ім адказаць? Ну, дыяфільмы паказваем? Ды я сам не разумею, як гэта можна на словах патлумачыць. Але яшчэ ніводнага разу не сустракаў людзей, якія пашкадавалі б, што прыйшлі. Ва ўсіх рэакцыя “Вау!” Пасля паказаў мы праводзім анкетаванне. Адзін з пунктаў: “Чаму вы прыйшлі?” Людзі прыходзяць заўжды па нейкай з дзвюх прычын — ім пра нас распавялі іх сябры ці яны самі проста захацелі ўспомніць дзяцінства.

Таму вельмі важны момант для нас — паказваць усё аналагава. Праектар, стужкі — усё па-сапраўднаму. Я сачу за артыстамі, каб пракруціць наступны кадр, гладач разам з імі чытае тэкст з экрана. Нейкія стужкі былі ў нас саміх, але шмат мы ўжо і назбіралі. Хочам сабраць вялікую калекцыю, каб гледачы прыйшлі і ўбачылі цэлы чамадан з дыяфільмамі. Хтосьці нам іх дарыць, часам нашы сябры прыносяць штосьці сваё любімае. Паказваем усё на праектары “Пеленг-800”. Такія выпускаліся на прадпрыемстве ў Рагачове, якое ўсё яшчэ працуе і так і называецца — “Дыяпраектар”, але там выпускаюцца ужо не праектары, а, напрыклад, оптыка для танкаў. У нас ёсць яшчэ “Лектар-400”, але ён не так футурыстычна выглядае.

“Узнаўляем былое, ствараем яго новае”

Андрэй ЕЎДАКІМАЎ, кампазітар і аранжыроўшчык:

— Я адказваю за музычную частку — агучваю дыяфільмы ўжывую непасрэдна на паказе, запісваю фанаграмы. Фанаграмы — гэта дні і нават тыдні паўдамашняй работы. То бок штосьці мы накідваем усе разам на рэпетыцыі, затым я працую з гэтым дома, прыношу паслухаць усім тое, што атрымалася — дадаем яшчэ штосьці. І так цягнецца, пакуль усе не будуць задаволеныя. Да кожнага дыяфільма ствараецца музыка, асобная гукавая партытура.

Мне падабаецца, што мы не прывязваемся ні да якога жанру ці стылю, калі прыдумляем рашэнне. Гэта можа быць нешта накшталт спектакля, а можа быць песня. Цікава менавіта тое, што ўсё гэта разам. Музыка магла б быць асобна і асобна дыяфільм, а калі мы іх спалучаем, атрымліваецца штосьці трэцяе. Вось, напрыклад, казка “Верліока” гучыць як рэпчына, а на экране мы бачым зусім іншае, “Дзядзя Сцёпа” гаворыць голасам Высоцкага — вось менавіта гукавая інтэрпрэтацыя дае больш інфармарцыі гледачу.

Гэта як у тэатры — п’еса напісана, але рэжысёр можа зрабіць з яе новы арт-
прадукт, прачытаць твор па-свойму. Мы робім штосьці падобнае, толькі з дыяфільмамі: з аднаго боку, узнаўляем тое, што было раней, з другога — ствараем нешта новае і сучаснае, шмат імправізуем. Важна нават тое, з якой хуткасцю пераключаць кадры — на што звярнуць увагу і запаволіцца, а дзе, наадварот, задаць дынамічны рытм. Паказы праводзім асобна для дзяцей і асобна для дарослых. Бо ў другім выпадку абавязкова закладваем пэўны падтэкст — штосьці між радкоў, у музыцы, голасе, закадравым шуме. Напрыклад, гісторыя пра церамок гучыць як рэгі. Дзецям гэта не зразумела, таму для іх мы паказваем гэтую казку інакш.

“Даўно не было такога задавальнення”

Антон МАКУХА, акцёр:

— Ёсць некалькі праектаў, у якіх я ўдзельнічаю і якія мне падабаюцца, але ў мяне рэальна даўно не было настолькі моцнага задавальнення, якое ўзнікае ад апладысментаў пасля нашых паказаў дыяфільмаў. Вось такога, каб табе было абсалютна не сорамна, ты не хацеў хуценька пайсці са сцэны. З гледачамі ўсталёўваецца моцны кантакт. Мы адчуваем, што яны перажываюць усё разам з намі.

Мне падабаецца, што каманда сабралася такая, дзе важны кожны чалавек паасобку. Любая з нашых казак не атрымалася б такой, якой мы яе паказваем, калі б не было некага з нас. Нават калі хтосьці сольна выступае, усё адно над гэтым працавала каманда — заўвагі, прапановы, музычныя праўкі і гэтак далей. Калі няма кагосьці аднаго, вельмі складана рэпетаваць. На выступленні тое ж самае. Хтосьці не “даціснуў” — можа сарвацца цікавы кавалак. Віця крыху марудней пракруціў кадр — таксама ўжо не тое. Людзі ў зале таксама гэта адчуваюць.

“Заўжды непадробныя жывыя эмоцыі”

Алена ГІРАНОК, актрыса:

— Я таксама больш нідзе не пачуваюся так камфортна і вольна, як тут. Можна агучваць любыя ідэі і рабіць усё што заўгодна. Мы вельмі любім тое, што робім, і людзі на гэта рэагуюць. Так цікава потым назіраць за рэакцыяй гледачоў — гэта заўжды непадробныя жывыя дзіцячыя эмоцыі. Не таму, што людзі глядзяць дыяфільмы і ўзгадваюць дзяцінства! Гэта больш звязана з нейкім унутраным адчуваннем непасрэднасці, шчырасці. Прычым адзін з папулярных водгукаў на нашы версіі казак “Вы вар’яты!” Але, канечне, у добрым сэнсе.

“Глядач бачыць толькі тое, што нам самім падабаецца”

Аляксандр ЯФРЭМАЎ,акцёр:

— Глядач бачыць толькі тое, што нам самім падабаецца. Кожнаму з нас. Калі падчас рэпетыцый хтосьці кажа “не”, тады ён прапануе іншае рашэнне. Бываюць сітуацыі, калі чалавек выказвае свае сумневы, нават калі не можа прапанаваць нічога канкрэтнага ўзамен. Часам мы жорстка разыходзімся ў меркаваннях, рэпетыцыі проста прыпыняюцца і мы ідзем па дамах. Але як толькі ўсе пяць чалавек у камандзе згодны з версіяй дыяфільма, яго паказваюць гледачу.

Мы нават прыйшлі да высновы, што калі акцёры вывучаць увесь тэкст на памяць, гэта будзе лухта, таму адна з абавязковых умоў на нашых паказах — чытаць тэкст. Тады ёсць звязка адразу многіх людзей, бо на экран глядзяць і артысты, і публіка.

P.S. Калі ў вас ёсць дыяфільмы, якія вам непатрэбны і вы гатовыя падзяліцца імі з “Дыяфільм live”, калі ласка, звяжыцеся з намі.