Горад Гедыміна — Культурная сталіца

№ 25 (1412) 22.06.2019 - 30.06.2019 г

Парыж, паводле вызначэння Хэмінгуэя, — “свята, якое заўжды з табою”. Не іначай ён меў на ўвазе тое, што, акумулюючы ў сваім абліччы гісторыю (Нотр-Дам, Луўр, Эйфелева вежа…), горад сутнасна застаецца нязменным. Само сузіранне гэтай з’явы, усведамленне пазачасовасці парыжскага жыцця і ёсць свята для душы. Мінск Парыжу суцэльная супрацьлегласць. Мінск — горад-гармідар, які з перыядычнасцю ў 20 гадоў радыкальна змяняе сваё аблічча, вобраз і лад жыцця. Ён імкліва цягнецца ўверх і распаўзаецца па зямлі, заглынаючы прыгарадныя вёскі. Невядома, якім Мінск будзе заўтра, але цалкам верагодна, што сённяшнім мінчукам яго будзе не пазнаць. А яшчэ мінчукі пры ўсёй сваёй сталічнай фанабэрыі час ад часу мараць ад сталіцы адпачнуць. Скажам, у адносна невялікім горадзе, дзе шмат зеляніны, вышыня дамоў збольшага вагаецца ў межах пяці — дзевяці паверхаў, дзе па вызначэнні адсутнічаюць аўтамабільныя коркі. Дзе вока адпачывае на аўтэнтычных узорах даўніны. І дзе, між тым, ёсць усё, што неабходна для паўнавартаснага жыцця. Як на маю думку, гэтым крытэрыям цалкам адпавядае Ліда. Ад яе жыхароў я чуў, што госці, якія трапляюць туды ўпершыню, шчыра гэтым горадам захапляюцца і называюць “маленькім Парыжам”. Мабыць, за ўтульнасць, гасціннасць, добразычлівасць, якія звыкла лічацца адзнакай еўрапейскасці. Бракуе гораду хіба Эйфелевай вежы, але ёсць замак. У наступным годзе горад будзе культурнай сталіцай Беларусі. Лідзе такі статус відавочна пасуе.

/i/content/pi/cult/750/16261/15.JPG“Стрыжнем праграмы бачым нашы традыцыйныя фестывалі”

У часе камандзіроўкі ў Ліду я меў магчымасць пагутарыць з людзьмі, якія рыхтавалі абгрунтаванне надання гораду гэтага высокага статусу, а зараз працуюць над рэалізацыяй праграмы “Культурная сталіца”. Першая мая суразмоўца — начальнік аддзела культуры Лідскага райвыканкама Наталля ЛЕЎШУНОВА.

— Наталля Фёдараўна, згадайце найбольш важныя культурныя мерапрыемствы наступнага года ў Лідзе.

— Тое, што мы будзем рабіць у наступным годзе — працяг той працы, якую мы робім сёння. Сёлета, на Свята горада, адкрыецца экспазіцыя ў адбудаванай паўднёва-заходняй вежы Лідскага замка, паўстане помнік князю Гедыміну. Маючы такую пляцоўку як замак, зараз мы можам запрашаць да сябе творчыя калектывы, якія раней Ліду абміналі. Сёлета ж у замку запланаваны ўжо два выступы артыстаў сталічнага музтэатра.

/i/content/pi/cult/750/16261/16.JPGПлан мерапрыемстваў рэспубліканскай акцыі “Культурная сталіца” ў агульных рысах звярстаны. Яе стрыжнем мы бачым нашы традыцыйныя фестывалі. Пакуль яны яшчэ маюць статус рэгіянальных, але спадзяемся, што ў наступным годзе набудуць статус рэспубліканскіх і нават міжнародных. Ці хаця б наблізяцца да яго. Прынамсі — некаторыя з іх. Напрыклад, пройдзе фестываль як мясцовы, але ў заключным канцэрце возьмуць удзел госці з іншых рэгіёнаў Беларусі і замежжа. Пакуль мы так плануем. Але планы — рэч фінансава залежная. Таму зараз шукаем грошы для іх здзяйснення.

Калі мы абаранялі сваё права быць Культурнай сталіцай — 2020, дык выказалі намер зладзіць фестываль, якога яшчэ ніколі не было ў нашай краіне — Рэспубліканскае свята нематэрыяльнай спадчыны “Скарбы Беларусі”. Фестываль “Скарбы Гродзеншчыны” ўжо ёсць, мы ж хацелі б на ягонай базе стварыць свята для ўсіх рэгіёнаў. Дарэчы, у мінулым годзе адзін з унікальных відаў ткацтва, распаўсюджаны менавіта на Лідчыне, атрымаў статус помніка нематэрыяльнай спадчыны. Па гэтай тэме мы працавалі дзесяць гадоў, летась атрымалі грант на яе далейшую распрацоўку. Пра будучы фестываль мы ўжо вялі гаворку з Міністэрствам культуры. Будзем рады, калі ўсё атрымаецца. Яшчэ мяркуем правесці Свята брэндавых культурных мерапрыемстваў. На Лідчыне ўжо ёсць Свята кошыка, Свята бульбы… Калі аб’яднаць усё гэта разам, можа атрымацца нешта цікавае.

/i/content/pi/cult/750/16261/17.JPG— Плануючы мерапрыемствы налета, вы разлічваеце на патэнцыял рэгіёна або чакаеце дапамогі з Мінска?

— Ад дапамогі — арганізацыйнай, фінансавай, матэрыяльнай — мы, зразумела, адмаўляцца не будзем, калі раптам нам яе акажуць. Але разлічваем найперш на патэнцыял свайго горада і раёна. З задачамі, якія нам даводзяць, мы звыкла спраўляемся самі. Нашы культурныя мерапрыемствы, тое ж Свята горада, мы робім без прыцягнення сродкаў Гродна альбо Мінска.

У нас у клубнай рабоце занятыя добрыя кадры. Мы заўжды можам разлічваць на Лідскі музычны каледж. Перспектывы ёсць, і, паўтаруся, мы плануем павысіць статус шэрагу нашых культурных імпрэз з рэгіянальнага да рэспубліканскага.

І традыцыі шануюць, і навацыі вітаюць

— У некаторых раённых цэнтрах і нават абласных гарадах я чуў ад работнікаў культуры, што для выхаванцаў мясцовых навучальных устаноў культуры не заўжды ёсць праца, не ўсіх можна працаўладкаваць. Вось і з’язджаюць яны — хто ў сталіцу, хто за мяжу. Хто ўвогуле з прафесіі. А ў вас як?

— У нас няма такой праблемы. Мы не толькі ўсіх выпускнікоў каледжа працаўладкоўваем, але яшчэ і вольныя вакансіі застаюцца — за спецыялістамі яшчэ і ў Гродна ездзім. Ствараем умовы, каб маладым спецыялістам было і працаваць цікава, і побыт іхні быў наладжаны.

/i/content/pi/cult/750/16261/18.JPG— А вось кажуць, што творчым калектывам, якія прапагандуюць народнае мастацтва, нацыянальныя культурныя традыцыі, цяжка маладыя кадры ўтрымаць. Такія праблемы маюць нават ансамблі са статусам “акадэмічных” і “нацыянальных”. Прыйдзе спецыяліст па народнай харэаграфіі ў такі ансамбль, адпрацуе якія два — тры гады, і пойдзе на эстраду… А ў вас ёсць каму захоўваць народную аўтэнтыку?

— Мяркую, што ў нас захоўваецца пераемнасць традыцый у сферы народнага мастацтва, ды і пераемнасць пакаленняў работнікаў культуры таксама. Гэта пры тым, што ад маладых творцаў чакаюць чагосьці новага. Наша публіка і традыцыю шануе, і навацыі вітае.

Дарэчы, у нашых артыстаў, у тым ліку і занятых у традыцыйным мастацтве, даволі высокі прафесійны ўзровень. Калектывы выязджаюць не толькі на рэгіянальныя фестывалі і конкурсы, але і на мерапрыемствы нацыянальнага маштабу. Нават за мяжою яны запатрабаваныя. Вось музычны каледж нядаўна з Бельгіі вярнуўся. Мяркуйце самі, калі нашы дзеці тут, на рэгіянальным конкурсе, бяруць другое месца, дык за мяжою з такім жа ўзроўнем выканання — у іх Гран-пры.

— Як вы ставіцеся да ідэі закальцаваць нашы музычныя фестывалі — каб адзін скончыўся і тут жа другі пачаўся? Каб турыстаў вазіць па гэтым фестывальным коле?

— Закальцаваць можна хіба што рэспубліканскія фестывалі. Рэгіянальныя наўрад ці мае сэнс. Прынамсі, не ўсе рэгіянальныя. Тое, што робіцца “для сваіх” не заўжды можна адаптаваць да густу гасцей.

— А як у вас з мастацкімі пленэрамі? Справа выгодная: пасля кожнага пленэру мясцовы музей узбагачаецца жывапіснымі творамі альбо горад упрыгожваецца ландшафтнай скульптурай.

— 1 — 2 чэрвеня ў нас вакол замка праходзіў дзіцячы мастацкі пленэр. Яшчэ рэгулярна ладзім пленэр педагогаў-мастакоў, на які збіраюцца настаўнікі мастацкіх школ з усёй Беларусі. Што ж датычыць пленэру скульптуры… Не так
даўно, акурат падчас працы над завяршэннем нашага Гедыміна, мы атрымалі ад аўтараў помніка Гедыміна, што мае быць усталяваны каля Лідскага замка ў бліжэйшы час — Сяргея Аганава і Вольгі Нячай — прапанову правесці скультурны пленэр у наступным годзе. Ахвотных да ўдзелу ў ім, па словах нашых аўтараў, хапае. Сёння мы гэту прапанову разглядаем. Я не магу ўпэўнена сказаць, што ён адбудзецца. Дакладней, што адбудзецца хутка. Але ідэя слушная. Нядаўна ад ініцыятараў пленэру атрымалі план-прапанову, што і як мусіць быць. Цяпер ужо са старшынёй райвыканкама будзем весці больш прадметную размову. Бо скульптурны пленэр не такі ўжо і танны. Але, мяркую, ён усё ж такі будзе. Можа, першы раз не ў такім вялікім фармаце, але ўвогуле было б цікава яго праводзіць.

Аднаўляючы замак, ушанаваць і гаспадара

— На тое, што ў 2020 годзе Ліда — Культурная сталіца, мабыць паўплывала і тая акалічнасць, што сёлета горад упрыгожыцца згаданым цудоўным помнікам? Хто быў ініцыятарам гэтай справы?

— Нашы музейшчыкі. Іх меркаванне: ёсць горад, заснаваны Гедымінам, а таксама пабудаваны ім замак, таму, аднаўляючы яго, трэба ўшанаваць і былога гаспадара. Такая ідэя падалася слушнай. Спачатку эскізы з’явіліся на мясцовым узроўні — першая праектная прапанова была ад аднаго з нашых лідскіх майстроў. Музейшчыкі перадалі яе ў выканкам. Потым наш кіраўнік раёна ўзяў усё ў свае рукі. І ўжо пры такой падтрымцы мы афармлялі ўсё так, як трэба па законе. З гэтымі дакументамі звярнуліся ў Адміністрацыю Прэзідэнта. Прайшлі ўсе працэдуры ўзгаднення, афіцыйна правялі конкурс. Цяпер, можна казаць, справа на фінішнай прамой.

Помнік патрэбны найперш нам самім, але ён будзе прывабным і для гасцей горада. Ужо сёння Ліда прыцягвае шмат турыстаў. Ёсць і арганізаваныя турыстычныя групы, якія мэтанакіравана едуць да нас у горад, разумеючы, што канкрэтна яны хацелі б пабачыць — якія аб’екты, цікавосткі. А ёсць групы, якія проста едуць з Гродна транзітам, і раптам на іх дарозе трапляецца Лідскі замак. Яны спыняюцца. Гэта групы з Расіі, Польшчы, Украіны.

— Беларусь сёння замяняе для іх Прыбалтыку?

— Бадай што. Мы ж імкнёмся працаваць так, каб той, хто аднойчы наведаў Ліду, прыехаў сюды зноў.

“Скульптура тут проста неабходная”

Мой наступны суразмоўца — намеснік старшыні Лідскага райвыканкама Віктар ПРАНЮК. З ім гаворка ідзе канкрэтна пра помнік Гэдыміну, што зараз адліваюць у сталіцы, а тут, у Лідзе, для яго рыхтуюць пастамент.

— Увогуле ідэя ўстаноўкі помніка стваральніку замка і заснавальніку горада ўзнікла даўно, — гаворыць Віктар Францавіч. — Падчас рэканструкцыі Лідскага замка актыўна была падтрымана ідэя таго, што скульптура Гедыміна тут проста неабходная. І праектная дакументацыя па замку прадугледжвала, што скульптура будзе. Прычым, конная. Было нават некалькі някепскіх варыянтаў, але потым за справамі больш пільнымі пра скульптуру нібыта падзабыліся. Пра яе зноў узгадалі, калі Лідскі райвыканкам узначаліў Міхаіл Карповіч. Менавіта ён, прыехаўшы ў Ліду і азнаёміўшыся з сітуацыяй, сказаў: помніку быць! Скульптуру чалавеку, які заснаваў замак і які паклаў аснову для далейшага развіцця горада, неабходна ўстанавіць у самым хуткім часе. Можна было замовіць праект канкрэтным асобам з ліку тых, хто мае адпаведны творчы досвед. Але мы вырашылі пайсці іншым шляхам — правесці адкрыты, шчыры, справядлівы конкурс.

Пачалі з таго, што прынялі рашэнне выканкама аб зацвярджэнні асноўных палажэнняў конкурсу, потым адбыўся і ён сам. Удзельнікаў мы чакалі няшмат, і былі прыемна здзіўленыя тым, што прыйшло чатыры дзясяткі заявак, а саміх скульптур прывезлі 28. Было створана кампетэнтнае журы. Зразумела, у яго ўвайшлі і лідчане, але не выпадковыя людзі — тыя, хто непасрэдна браў удзел у распрацоўцы канцэпцыі помніка. Вартых работ было шмат, а ў выніку большасцю галасоў найлепшай прызналі работу Сяргея Аганава і Вольгі Нячай. Нагадаю, што праекты пазначаліся нумарамі. Прозвішчы аўтараў журы ў часе конкурсу вядомы не былі.

Нам не вельмі хацелася шырока распаўсюджваць вынікі конкурсу праз СМІ. Абышліся мінімумам інфармацыі. Рэч у тым, што на любую добрую справу знаходзіцца шмат крытыкаў, якія могуць яе загубіць на караню. Скульптуру ўжо адліваюць, а яны ўсё дыскутуюць, што ў ёй, на іхнюю думку, трэба змяніць.

Мы ж цалкам давяраем аўтарам. Сяргей Аганаў — увогуле наш, мясцовы, можна сказаць. У Год малой радзімы мы даведаліся, што ў яго тут жыве бабуля, і з Лідай ён звязаны сваяцкімі каранямі. Тут прайшло ягонае дзяцінства. Гэта немалаважна. І ведаючы пра творчыя поспехі Вольгі Нячай і Сяргея Аганава, беручы да ўвагі іх цудоўны досвед, мы былі рады, што меркаванне журы супала з меркаваннем лідскай грамады. Больш скажу: мы, работнікі райвыканкама, проста закахаліся ў гэту скульптуру. Быў адкрыты дабрачынны рахунак дзеля таго, каб сабраць на яе грошы. Мы атрымалі вельмі шмат такіх хітрых, завуаляваных прапаноў ад незразумелых структур, якія хацелі б паўдзельнічаць у справе — даць невялікую суму, зрабіўшы тым самым сабе вялікі піяр. Такія прапановы мы адрынулі.

Вырашылі, што на помнік пойдуць толькі сродкі лідчан і нашых прадпрыемстваў. Пакуль ішло праектаванне, а помнік рабілі ў мяккім матэрыяле, наша буйное прадпрыемства “Белтэкс Оптык” (у іх летась быў юбілей) вырашыла зрабіць гораду сур’ёзны падарунак, які застаўся б на доўгія гады. “Белтэкс Оптык” выйшаў з ініцыятывай праспансіраваць ужо непасрэдна будаўніцтва помніка. Атрымалася так, што падрыхтоўчы этап крыху зацягнуўся, а завяршальны ідзе імклівымі тэмпамі. Ужо 7 верасня жыхары горада пабачаць помнік.

Моц, справядлівасць, узорнасць

Гедымін для Ліды — вельмі важны вобраз. Праз яго мы ўсведамляем багацце беларускай гісторыі і культуры. Моцны, справядлівы кіраўнік. Важна, што ў вобразе князя няма ваяўнічасці. Ягоны меч у похвах. Паводле сённяшняга разумення гісторыі Вялікага Княства Літоўскага Гедымін браўся за зброю толькі дзеля абароны законных інтарэсаў дзяржавы.

У хуткім часе ў Ліды акрамя герба і сцяга з’явіцца яшчэ і такі манументальны сімвал. Дарэчы, сённяшні Леў з ключамі — адзнака Магдэбургскага права, а больш ранні герб Ліды — гэта Калюмны Гедыміна, якія будуць змешчаны на пастаменце помніка. Гедымін належыць не толькі нашаму гораду, але ўсёй Беларусі. Адкрыццё помніка, безумоўна, будзе падзеяй нацыянальнага маштабу. І яшчэ, помнік — гэта вобразнае адлюстраванне гісторыі. Пасля таго, як паўстане гэты манумент, калі гісторыя — літаральна перад вачыма, не ведаць пра нашу сярэднявечную дзяржаву — Вялікае Княства Літоўскае, будзе ўжо папросту сорамна. І не патрыятычна.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"