Ад спорту мас — да спорту індывідуальнасцей

№ 25 (1412) 22.06.2019 - 30.06.2019 г

“Спорт — гэта высокае мастацтва” — з такой назвай у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў праходзіць вялікая міжнародная выстава, прымеркаваная да ІІ Еўрапейскіх гульняў. Творы мастакоў з 12 краін, а таксама здымкі, прадстаўленыя Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў, складаюць экспазіцыю, куратарамі якой з’яўляюцца Дзіна Даніловіч і Уладзімір Парфянок.

/i/content/pi/cult/750/16260/14.JPGМоц і глыбіня архіваў

Як адзначыла Дзіна Даніловіч, у Беларускім архіве кінафотафонадакументаў разам з Уладзімірам Парфянком яны адабралі 500 работ. “Але ў экспазіцыю ў выніку ўключаны толькі 220. І гэты быў вельмі няпросты выбар”, — падкрэслівае куратарка вартасць знойдзеных спартыўных фота. І сапраўды, гістарычная частка на выставе зусім не дапасаванне, а аснова, з якой можна пачынаць агляд. У якую залу ні зойдзеш — паўсюль можна ўбачыць “перліну”, што ўражвае сваім зместам і формай. Ды ў цэлым архіў агаломшвае і цалкам прэтэндуе на тое, каб быць аформленым у асобную выставу.

Да прыкладу, нечаканая ўдача фатографа Казлова. Здымак легендарнага барца Аляксандра Мядзведзя ў час яго перамогі ў 1968 годзе. Гледзячы на адбітак, цяжка стрымаць захапленне атлетам, ды фатографу ўдалося схапіць сапраўды цікавы момант, калі чэмпіён свету з лёгкасцю ідзе па алімпійскай зале ў першыя секунды пасля перамогі.

/i/content/pi/cult/750/16260/IMG_8294.JPG“Забег на 3000 м. Першынства БССР на стадыёне “Дынама”. Фотаздымак Гундорына В., 1951 год. Вядомы спартыўны аб’ект яшчэ не мае знаёмага аблічча — заўзятары сядзяць на лаўках, а не крэслах, на заднім фоне трыбуны ўзвышаецца порцік з выявамі Леніна і Сталіна. На першым плане — спартсмены ў рытмічным бегу. Толькі занураешся ў матэрыялы, і калі ласка — спартыўнае жыццё савецкай краіны ва ўсёй красе: 1960-я, 1970-я, 1980-я…

Вось я трапляю ў залу, дзе гледача сустракаюць вялізныя постары — партрэты атлетаў. Побач з майстрамі спорту, чэмпіёнамі знаходзяцца аматары, што перамагалі ў адмысловых першынствах, спаборніцтвах, конкурсах. У Савецкім Саюзе спорт быў культам і ім займаліся літаральна ўсе. Праходзілі школьныя і вытворчыя спартакіяды, эстафеты, абласныя, рэспубліканскія, саюзныя чэмпіянаты… На прыстасаваных і не вельмі пляцоўках. Архіў уражвальна дэманструе захапленне маладосцю і сілай, што панавала ў тыя часы. Гледзячы на адбітак ужо нават не 1950-х, а канца 1960-х — “Удзельніца Рэспубліканскага першынства ДСО “Трудовые резервы” Л. Гацура падчас кідання дзіды” аўтарства Д. Церахава — не магу не ўзгадаць выявы старажытнарымскіх багоў. Адна справа бачыць пазнавальныя фігуры працаўнікаў молата і сярпа на мануменце, але нечакана іншае — схапіць знаёмую эстэтыку ў абліччы дзяўчыны з фатаграфіі.

Трошкі знізім пафас і зазірнем у іншую залу, дзе на выявах фотакарэспандэнтаў — ужо звычайныя людзі, не спартсмены. Напрыклад, працаўнікі Барысаўскай фабрыкі піяніна займаюцца гімнастыкай (Фота Д. Прэса, 1963 год). Углядваючыся ў гэты поўны святла і пэўнага настрою фотаздымак, мімаволі ўзнаўляеш у памяці і свой удзел у школьных спаборніцтвах ці зарадку ў дзіцячым садку. І самае цікавае — далей гэта бачыш і на самой выставе. Дзякуючы фатографу Вадзіму Качану, што прадставіў на выставу свой архіў фотаздымакаў 1980-х. На адным з яго адбіткаў адлюстравана акурат зарадка ў дзіцячым садку. Хлопчыкі і дзяўчынкі ў майках і шортах высока трымаюць дзвюма рукамі мячык у сябе на галавой. На сцяне белай залы для заняткаў — выява Леніна. 1983 год. Але літаральна ў гэтай жа падборцы знанага фатографа можна знайсці прыкметы ўжо іншай эпохі, якая набліжаецца. Вось, гульня ў мотабол на стадыёне “Золак” — у моду ўвашоў мотаспорт. Вось, калі ласка, на фатаграфіі выступленне групы рытмічнай гімнастыкі на свяце “Дзень перамогі ў мікрараёне Серабранка”. 1985 год. І вось проста выбітны здымак футбольнага матча на стадыёне “Дынама” (хоць гэта той жа 1983!): на бартах-банэрах вакол поля можна заўважыць лагатып Gillete, што нагадвае пра прыход новай эры. Ды яшчэ кола ваенных прадбачліва ахоўвае футбольнае поле. Усё перамешваецца ў супярэчлівы кактэйль, і… Архіў утрымлівае ў сабе яшчэ шмат чаго, таму яго так цікава разглядваць самому.

/i/content/pi/cult/750/16260/IMG_8290.JPGАўтарскія праекты: паміж вякамі

Варта дадаць, што куратары імкнуліся, каб архіўная калекцыя пэўным чынам уступала ў дыялог з творамі сучасных аўтараў. Удалым прыкладам тут можна лічыць уключэнне ў экспазіцыю медыяфільма Аляксандры Салдатавай у падборку фатаграфій спартыўна-масавых шэсцяў, а таксама работы Ігара Саўчанкі ў адпаведным блоку.

Аднак цікава знаходзіць і несіметрычныя паралелі, як, напрыклад, у праекце Хуліа Ніета з Іспаніі. У полі ўвагі мастака — публічнае выказванне. На бігбордах, усталяваных ім уздоўж шашы North-Tenerife, мастак размяшчае розныя фразы: “Рабі ўсё немагчымае!”, “Маеш іншы шанс”, “Ты ёсць тое, што ты робіш”, “Ні кроку назад!” Пазітыўныя і здольныя падштурхнуць да дзеяння, яны закліканы пераключыць увагу вадзіцеляў аўто, што едуць па горным схіле, і трошкі збавіць тэмп на знаёмых віражах. Можна сказаць, і ў пераносным сэнсе. Работа іспанскага фатографа нагадвае знаёмыя практыкі савецкіх лозунгаў, але пазбаўленыя палітызацыі, пазітыўныя заклікі ператвараюцца ў штосьці іншае.

Пэўную канатацыю да савецкага, а дакладней яго пераадолення, маюць і скульптурная кампазіцыя “Скачок” Канстанціна Селіхавана ды відэафільм Air flight. Body shock Валерыя Кацубы. Савецкае ў гэтых прыкладах гучыць ледзь прыкметнай нотай, знікае ў аўтарскай эстэтыцы. У рэфрэнах Канстанціна Селіхавана скульптура дэманструе сваю кінематаграфічную здольнасць — раскладваць імгненне на фрагменты. І, як вынік, робіць бачнымі, схопленымі ў больш трывалую форму, моманты быцця. Відэафільм вядомага фатографа Валерыя Кацубы фіксуе скачкі двух спартсменаў: Арнольда Абдулманапава і Ігара Магутава. Гэта зачараванне момантам адрыву ад зямлі, прыгажосцю палёту, мабілізацыяй чалавечага цела. У герояў твораў Валерыя Кацубы — ці фільмы гэта, ці фатаграфія — заўжды ёсць грацыя, лёгкасць. Яго гімнасты не проста ўсталёўваюць рэкорды — яны хутчэй пераадольваюць сілу прыцягнення зямлі, лунаюць у светлай прасторы. Можна сказаць, што Валерый дэманструе нам чыстую ўтопію, пазбаўленую яе цёмнага боку, на мяжы спорту, тэатра ды нават моды.

Сучаснасць

Але ўрэшце дасягаем сучаснасці. Асобнае месца ў гэтай частцы выставы займае праект Міхаіла Гуліна і Дзіны Даніловіч “Барацьба за мастацтва”. Сапраўднае даследаванне, якое здзейснілі мастакі, адкрываюць нам дзверы ў свет вольнай і грэка-рымскай барацьбы. Як выглядаюць барцы гэтых відаў? У чым спецыфіка спорту? Дзіна Даніловіч зрабіла двайныя партрэты больш як сарака атлетаў, літаральна стварыўшы абагульнены вобраз прафесійнага барца. Перад намі ўзнікае пэўны тыпаж. Альбо можна паразважаць над пытаннем: як пэўны спорт фарміруе чалавечае цела, яго мускалатуру? Прычым асобны іканастас экспазіцыі — гэта фатаграфіі вушэй спартсменаў, а гэта частка цела, што значна пакутуе падчас сутычак, але якая лічыцца для барцоў своеасаблівым гонарам, іх візітнай карткай. Дзякуючы буйным партрэтам мужчын, можна ўбачыць і характар тых, хто здзяйсняе свае перамогі на дыване: іх мэтанакіраванасць, дабрыню, амбіцыі. Даследаванне мастакоў, што важна, вытрымана ў той дыстанцыі, калі аб’ект даследавання цалкам не ператвараецца ў матрыцу і да яго аўтары захоўваюць чалавечнае стаўленне.

 

/i/content/pi/cult/750/16260/IMG_8299-S.jpg

З праекта Мiхаiла Гулiна i Дзiны Данiловiч "Барацьба за мастацтва".

/i/content/pi/cult/750/16260/IMG_8283.JPG

У іншай стылістыцы выкананая вядомая серыя Дзяніса Дзюбы “Муай бай”, прысвечаная такому адносна маладому віду спорту ў Беларусі, як тайскі бокс. Перад намі — моцная журналісцкая праца: Дзяніс суправаджаў беларускага спартсмена Ігара Клімовіча ў паездцы ў Тайланд. Беларускі баксёр правёў там пэўны перыяд свайго жыцця, трэніруючыся ў розных клубах і выступаючы на турнірах. Гісторыя, якую расказвае фатограф, — гэта цяжкая праца яго героя, “пот і слёзы”, што часам суправаджаюць рост спартсмена, яго перамогі і здзяйсненні.

Пераклікаецца пэўным чынам з праектам беларускага фатографа цыкл Reverance Эвеліны Бенчычовай са Славакіі. Эвеліна фіксуе на сваіх работах маленькіх дзяўчынак, чые выявы множацца ў паўторах. І сапраўды, колькі разоў маленькай дзяўчынцы трэба выканаць пэўнае практыкаванне, каб яно атрымалася? Выкарыстанне, здаецца, ужо вядомага прыёму, у славенскай мастачкі спрацоўвае “ў кропку”.

Эфектны і прыгожы праект Aqueous Рыты Станкевічутэ-Казакевічэне. Аб’ектам цікавасці літоўскай фатографкі сталі плыўцы ў момант пагружэння ў ваду. Мастачка адмыслова скончыла курсы дайвінгу, каб схапіць гэты момант перасячэння воднай мяжы людзьмі (Рыта фатаграфуе плыўцоў знізу). У выніку — яе выявы схопліваюць не толькі чалавека, але святло, ваду дый паветра, якое ўваходзіць у водную тоўшчу.

Цалкам супрацьлеглы ракурс — у Клаўса Ленцэна, аўтара з Германіі, які працуе са спартыўнай фатаграфіяй у сваім ключы. На яго здымках — ужо не асобныя аматары ці спартсмены, а групы, натоўпы людзей. Яны бягуць альбо плывуць разам у марафоне — і Клаўс Ленцэн захоўвае іх імклівы рух наперад з верхняй кропкі. Гэта эфектная работа манументальная па сваім пасыле, ды ў нечым нагадвае фрэску.

Побач з Клаўсам Ленцэнам — серыя Аляксандра Абуховіча Fence пра спартыўнае фехтаванне. Беларускі аўтар, які працуе ў Польшчы, спрабуе супаставіць прыгажосць і закрытасць абліччаў саблістаў — з “рэальным” чалавекам. Эстэцкія фота спартсменаў у форме суправаджаюць іх простыя выявы з сацыяльных сетак.

Неверагодныя аб’екты на выставе прадстаўлены Yoully Holy Bubblegum з Беларусі. Мастачка захапляецца скейтбордзінгам — і робіць са старых дэкаў дзіўныя алтары, да якіх можна звяртацца з просьбай аб удалым труку. Ружовыя ды з бліскаўкамі; з пер’ем, павукамі і дыназаўрамі; з пружынамі; з ланцужком, фатаграфіяй, леапардавымі рушамі… Перад намі парад унікальных артэфактаў, што распавядаюць пра асобны свет спартыўнай і культурнай супольнасці.

Ад спорту мас — да спорту індывідуальнасцей. Выстава спалучыла ў сабе многае, балансуючы паміж учора і сёння. Чаго не хапіла менавіта мне — гэта эканамічнага вымярэння “высокага мастацтва”, што, як вядома, сёння — не толькі свет, але яшчэ і вялікія грошы. Хоць работа Міхаіла Гуліна “Добры дзень, спадар Бюрэн, альбо серыя А”, прадстаўленая ў экспазіцыі, у нечым гэту тэму адкрывае…

 

P.S. “Спорт — высокае мастацтва” з’яўляецца часткай агульнага праекта НЦСМ “Еўрапейскія гульні -- еўрапейскае мастацтва”, у які ўключана і выстава “Казімір Малевіч і ХХІ стагоддзе”.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"