“Крык птушкі” з берагоў Байкала

№ 33 (851) 16.08.2008 - 22.08.2008 г

Учора ў Мінску завяршыліся гастролі Іркуцкага музычнага тэатра імя М.Загурскага, які роўна месяц валадарыў на сцэне Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра.

 /i/content/pi/cult/171/1626/Mjuzikl1.jpg
Галаканцэрт закрыцця, у якім сумесна выступілі нашы і расійскія артысты, сімвалічна называўся “Мы развітваемся, каб сустрэцца зноў...”: праз год плануецца візіт у адказ нашага тэатра ў Іркуцк. Акрамя таго, пад час гастроляў вяліся перамовы з галоўным дырыжорам Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі маэстра Аляксандрам Анісімавым, каб той прывёз у горад на беразе Байкала канцэртна-сцэнічную версію оперы “Тоска” Дж.Пучыні з такім жа, як нядаўна ў Мінску, інтэрнацыянальным складам салістаў.
— Гэтыя гастролі, — расказаў дырэктар і мастацкі кіраўнік Іркуцкага музычнага тэатра Уладзімір Шагін,— сталі магчымы дзякуючы леташняму афіцыйнаму візіту прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Сяргея Сідорскага ў Іркуцкую вобласць. Пад час той паездкі была падпісана дамова аб супрацоўніцтве, якая, вядома, прадугледжвае і шырокую праграму культурнага абмену.
— Хаця ваш тэатр вядзе шырокае гастрольнае жыццё, гэта першая сустрэча з ім мінчан. А між тым, некаторыя беларускія творцы супрацоўнічаюць з вашай трупай ужо даўно: тая ж Сусана Цырук, якая пачынала сваю рэжысёрскую дзейнасць у Беларускай оперы, ставіць спектаклі і ў вас.
— Працуючы ў Новасібірску, тры гады таму яна паставіла ў нас мюзікл Джула Стайна “У джазе толькі дзяўчаты”, які мы і прывезлі на гастролі, два гады таму — “Вясёлую ўдаву” Феранца Легара, а зараз будзе працаваць над сваёй версіяй “Рускага фантома” Ігара Левіна.
У верасні ж ваш вядомы рэжысёр Мікалай Пінігін пачне ў нас ставіць спектакль “Настаўнік танца”. Іркуцк увогуле вельмі гасцінны горад. У ім знайшлі сваю другую радзіму прадстаўнікі розных нацыянальнасцей і веравызнанняў. Вельмі моцнае ў нас і аб’яднанне беларусаў, якое мае свае нацыянальныя калектывы. У Мінску мы таксама не адчувалі, што знаходзімся ў чужой краіне. Тым больш, што мы бралі на гастролі не ўвесь аркестр, дапоўніўшы яго ўжо ў беларускай сталіцы вашымі музыкантамі. І вельмі задаволены такім супрацоўніцтвам! Мяркуючы па рэакцыігледачоў, мы спраўдзілі давер мінчан. Гледачы падыходзяць і просяць, каб мы прыехалі яшчэ.
— А чаму б і не? Дарэчы, выступленні вашых артыстаў маглі б ахапіць і іншыя гарады Беларусі. Між іншым, самі вы, наколькі я ведаю, нарадзіліся ў Гродне?
— Так. Мой бацька быў вайскоўцам, таму мы хутка пакінулі Беларусь, а з 1949 года я жыву ў Іркуцку. Але пад час гастроляў наведаў, нарэшце, родны горад.
Падарункам для беларусаў стала і паказаная на гала-канцэрце адкрыцця гастроляў “Мы з берагоў Байкала” вакальна-пластычная кампазіцыя паводле песні Уладзіміра Мулявіна “Крык птушкі” ў выкананні заслужанага артыста Расіі Вячаслава Варлашова, рок-групы тэатра, якая пазней была адной з галоўных дзеючых асоб у рок-операх, і салістаў балета.
— За працай Іркуцкага музычнага тэатра, — падзяліўся сваімі ўражаннямі галоўны дырыжор Канцэртнага аркестра “Няміга” Аляксандр Сасноўскі, які, дарэчы, доўгі час быў галоўным дырыжорам Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра, — я сачу яшчэ з 90-ых гадоў, калі працаваў у Новасібірскім тэатры і, вядома, наязджаў у Іркуцк. 18 гадоў галоўным рэжысёрам іркуцкага тэатра працавала Пячэрская, дый цяперашнія гастролі на дзве трэці складаюцца з яе пастановак. Сярод яе “дзецішчаў” і выдатны артыст, надзвычай яркі комік Уладзімір Якаўлеў, якога яна выхавала з... манціроўшчыка сцэны свайго тэатра. Рэжысёрскае ўпраўленне і дагэтуль узначальвае куды маладзейшая душой за іншых пачаткоўцаў 85-гадовая Фрыда Абрамаўна Еўцюхова, якая працуе ў калектыве ўжо 46 гадоў. На такіх людзях і трымаецца тэатр, багаты на традыцыі.
Што да музычнай часткі, дык, на мой погляд, залатымі часінамі калектыву былі тыя, калі галоўным дырыжорам працаваў Аляксандр Вітлін, вучань знакамітага Іллі Мусіна. Зараз жа ў некаторых спектаклях, асабліва ў класіцы, адчуваўся недахоп музычнага кіраўніцтва. І гэта пры тым, што хор у тэатры проста бліскучы! Гучыць з любога месца на сцэне, у любой сітуацыі пры самых актыўных рухах артыстаў. Салісты ж часам намагаліся трымаць сітуацыю з дапамогай акцёрскіх дадзеных, а не вакальных. Таму выйгравалі мюзіклы, дзе было цікавае відовішча, рок-оперы, што трымаліся на прафесійнай рок-групе, нават балет “ПерГюнт”, які ішоў пад фанаграму. Але агульнае ўражанне ад гастролей — вельмі добрае. Нашаму тэатру трэба і надалей практыкаваць падобнае творчае супрацоўніцтва і абмены гастролямі. 

Надзея БУНЦЭВІЧ
На здымках: сцэны са спектакля “Хэло, Долі”.