Зусім не шараговы “Чарадзей”

№ 25 (1412) 22.06.2019 - 30.06.2019 г

Два з паловай гады таму адбылася прэм’ера рок-фолк-оперы “Чарадзей”, якая распавядае аб адным з этапаў жыцця знакамітага полацкага князя Усяслава. 28 чэрвеня ў Мінску ў Маладзёжным тэатры эстрады гледачы зноў змогуць убачыць гэты спектакль, што, дарэчы, уключаны ў культурную праграму II Еўрапейскіх гульняў. Напярэдадні паказу гэтага тэатральна-музычнага дзейства, як называе сваё дзецішча яго прадзюсар, кампазітар і аўтар лібрэта, вядомы рок-музыкант Раман АРЛОЎ. “К” сустрэлася з ім, каб даведацца, чаму, здавалася б, чарговая дэманстрацыя пастаноўкі зусім не шараговая падзея.

/i/content/pi/cult/750/16257/7.jpg— Такім чынам, як відазмянілася пастаноўка з моманту яе прэм’еры?

— Прайшло сем поўных яе паказаў: двойчы ў Белдзяржфілармоніі, столькі ж у Тэатры эстрады, адзін раз у адным з мiнскіх клубаў і два разы ў Польшчы — у Доме культуры горада Бельск-Падляскі. Ну а колькі было ўсечаных паказаў, якія складаюцца з асобных нумароў рок-оперы, я ўжо сапраўды і не ўспомню. Але ў сакавіку, напрыклад, па наводцы сяброў мы ігралі ў акустыцы разам з маёй жонкай, Кацярынай Поцюс, некалькі нумароў з рок-фолк-оперы “Чарадзей” у бары грэцкага горада Салонікі.

У апошнім па часе, кастрычніцкім спектаклі на піку яго дзейства на сцэне знаходзіўся 21 артыст, што для DIY-праекта, вядома, вельмі многа. А ўсяго праз яго прайшло, напэўна, чалавек 50. “Апгрэйды” ж пастаноўкі адбываюцца пастаянна: нешта новае дадавалася, нейкія яе кавалкі прыбіраліся, дапусцім, з-за таго ж хронаметражу: зараз жа на двары кліпавая рэальнасць, усё вельмі дынамічна, гледачу цяжка глядзець, скажам, двухгадзінны драматычны твор, таму і нам даводзілася чымсьці ахвяраваць — пакідаць толькі сем — дзевяць самых важных, найбольш моцных фрагментаў. Мяняліся рэжысёры: асноўным па-ранейшаму з’яўляецца мая жонка Кацярына Поцюс, з другім паказам у філармоніі ёй дапамагаў Андрэй Жураўскі — рэжысёр народнага тэатра “Рэха”. Мяняліся выканаўцы. Так, ролю Чарадзея двойчы выканаў саліст ансамбля “Купалінка” Уладзімір Сцепанкоў, некалькі разоў — я, на апошнім паказе — Антон Чырвінскі (лідар гурта Jazzgrover), ён жа праспявае і 28-га чэрвеня. Пастаянныя змены па розных прычынах адбываюцца ў складзе хору і балета, але мне падабаюцца такія перастаноўкі, значыць, ідзе дзвіжуха, п’еса жыве!

А для культурнай праграмы II Еўрапейскіх гульняў мы падрыхтавалі глабальны “апгрэйд”: упершыню паказ будзе камбініраваным, на дзвюх мовах — беларускай і англійскай (я часткова перавёў на яе лібрэта яшчэ перад прэм’ерай, бо ўжо тады бачыў гэты праект і міжнародным). Мы не сталі рабіць прымітыўны варыянт з цітрамі або з сурдаперакладам, а вырашылі задачу так: у межах аднаго нумара куплет-прыпеў будуць англамоўнымі, куплет-прыпеў за iмi — беларускамоўнымі (і пераклад не падрадковы, а літаратурны, яго рэдактарам стала Вольга Калацкая). Упэўнены, і ў далейшым спалучэнне моў у кантэксце гэтай рок-оперы стане актуальным для нашай краіны, дзе з кожным годам праходзіць усё больш розных мерапрыемстваў самага высокага міжнароднага ўзроўню. Ужо дакладна магу сказаць, што будзе беларуска-польскі варыянт.

— А якім, дарэчы, чынам вас занесла ў Польшчу?

— Праз Дарафея Фiёнiка — польскага гісторыка і этнографа, якi запрашаў нас ужо некалькi разоў на Падляшша — i з “Чарадзеем”, i з гуртом “У нескладовае”.

— Як спектакль трапіў у культурную праграму II Еўрапейскіх гульняў?

/i/content/pi/cult/750/16257/8.JPG— Дзякуючы і нашай прапанове, і пратэкцыі некалі высокапастаўленых тэлевізійных чыноўнікаў — Сяргея Хоміча і Паўла Каранеўскага, з якімі мяне звязваюць шматлікія сумесныя тэлепраекты. Яны аказвалі падтрымку пастаноўцы яшчэ ў момант яе нараджэння, а цяпер працуюць у штабе гульняў, знаходзяцца там не на апошніх ролях і палічылі, што праект годны прадстаўляць нашу краіну ў культурнай праграме спартыўнага форуму.

— Але крытыка прыняла рок-оперу не адназначна станоўча…

— Нас папракалі за залішні пафас. Для мяне гэта выглядала ну вельмі дзіўна. Пры тым трэндзе беларускасці, што сёння мае месца, гледачы наракалі на тое, што ў пастаноўцы яе зашмат — нібыта многа од, прысвечаных Беларусі. І што з таго? Чым далей, тым больш я думаю пра тое, што гэты праект, за які я рубіўся і буду секчыся далей, — справа майго жыцця. Усе яго нумары на галаву вышэйшыя за ўсё тое, што мною было складзена да яго. У тым ліку і для гуртоў “J: Морс” і “Братья Грим”. Але! Над аранжыроўкамі, сапраўды, трэба яшчэ працаваць і працаваць, таму што пакуль мы не надта далёка сышлі ў іх ад таго, як гучыць класічны рок-бэнд — у мяне, як у Бураціна, нос тырчыць з палена пад назвай “мінская рок-тусоўка”. Будзем ствараць больш дэкарацый і відэакантэнту, пастаянна абнаўляць касцюмы. Часткова прымаю папрокі з нагоды вакалаў, харэаграфіі, але музыку чапаць не трэба — хай крытыкі самі паспрабуюць так напісаць. І ў цэлым сама база п’есы не дрэнная.

— А я сумняваўся ў тым, што “Чарадзей” будзе запатрабаваны публікай, памятаючы пра тое, што папярэднія беларускія пастаноўкі ў гэтым жанры або ў блізкіх да яго такога ўжо масавага і на доўгім адрэзку часу прытоку гледачоў не мелі.

— І не ты адзін сумняваўся: увесь Сусвет з мяне хіхікаў. Але ёсць статыстыка, якая кажа, што на пастаноўку гледачамі было куплена каля дзвюх тысяч білетаў — і зусім не па самых нізкіх коштах. І залы амаль заўсёды былі поўнымі — прытым, што публіцы прапаноўваўся прадукт досыць складаны для яго ўспрымання звычайным чалавекам, які прывык да звычайных канцэртаў. Ён адметны яшчэ і тым, што я магу выдзіраць з яго асобныя нумары і ўстаўляць у канцэрты свайго гурта “У нескладовае” як асобныя песні.

— Ты марыў пракаціць “Чарадзея” па краіне…

— Вядзецца дыялог з Гродзенскай абласной філармоніяй. Акрамя выступлення ў самім горадзе, я нават веру і ў тур па Гродзенскай вобласці. Не факт, што гэта адбудзецца заўтра-паслязаўтра ці наогул сёлета, але такія планы існуюць. Аднак трэба разумець, што вывезці цалкам усю трупу будзе дастаткова праблематычна, ёсць іншыя нюансы, таму — думаем, абмяркоўваем. У перспектыве я ўяўляю сабе паказы ў Англіі, ЗША. З Пітсбургам ужо цяпер наладжана камунікацыя — праз былога музыканта гурта “Буржуазия” Рамана Пракапенкі, з якім мы калісьці выступалі. Ён грае аж у чатырох тамтэйшых складах i можа арганiзаваць нам першыя амерыканскія гастролі з магчымым прыцягненнем у трупу “Чарадзея” вопытных амерыканскіх артыстаў. Ідэальны быў бы гэты горад для нашага першага канцэрта ў штатах яшчэ і таму, што ў ім вельмі моцныя славянскія дыяспары.

— Другая твая мара — каб пастаноўку тэлебачанне зняло…

— Пакуль гэта ні з кім з тэлевізіёншчыкаў яшчэ не абмяркоўвалася. Зараз для мяне важней трымаць сувязь з Гродзенскай філармоніяй. Планаваць чарговыя паказы, у тым ліку і замежныя. Нашы ж творчыя і прадзюсарска-прамоўтарскія тусоўкі як уладкаваныя: паглядзяць яны на той відэаматэрыял, які прывезены менавіта з-за мяжы, і толькі тады скажуць: “Так, нешта адбываецца, хоць мы, вядома, па-ранейшаму не верым. Але добра, давайце што-небудзь разам зробім”.

— Ты хацеў бы якім-небудзь чынам прыцягнуць да пастаноўкі Канстанціна Бурдаева з расійскага гурта “Братья Грим”.

— Я так казаў? У нас з ім усё такія ж нядрэнныя стасункі. Гады два мы былі практычна неразлучныя ў творчых справах. Але ў яго свой лёс, у мяне — свой. Можа быць, калі-небудзь і перасячэмся ў рамках “Чарадзея”. Аднак для гэтага неабходна поўнае пагружэнне ў спектакль. Прыблізна аб тым жа самым мы гаварылі і з Дзімам Калдуном, які таксама праслухаў нашу рок-оперу, пахваліў яе. Калісьці ён выканаў у Маскве партыю галоўнага героя ў рок-оперы “Зорка і смерць Хаакіна Мур’еты”, паўтара года аддаў гэтаму праекту, у якога ў выніку было ўсяго чатыры паказы. То бок справа такая — альбо Калдун на гастролях, альбо Калдун у рок-оперы.

— І ў якасці бонуса: падзяліся, калі ласка, навінамі з лагера гурта “У нескладовае”.

— Пасля вялізнага перапынку ён аднавіў канкрэтную дзейнасць. Каля месяца таму гурт сеў у студыю запісваць новыя песні. Сярод іх ёсць трэк “Тралейбус” — мой дуэт з Кацяй, які мае добрыя водгукі. Склалася песня “Скажы, Кастусь” — гэтакі спірытычны сеанс з Каліноўскім. Вось тое, пра што мне дакладна не сорамна казаць, згадваючы гурт.

А яшчэ я разам з жонкай выпусцiў цягам апошнiх двух гадоў чатыры часткi дзяцячай казкi пра прыгоды Лiтары У нескладовага. Сумарна атрымалася больш за дзесяць паказаў, адбылiся нават гастролi па Беларусi. У канцы мiнулага года выйшаў i дзiцячы дыск “Неверагодныя Прыгоды Лiтары Ў”. Ёсць яшчэ задумкі ў гэтым жа рэчышчы. А пакуль чакаем усіх на паказе “Чарадзея” 28-га чэрвеня!

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"