А ў рэстаране, а ў рэстаране, а там гітары…

№ 25 (1412) 22.06.2019 - 30.06.2019 г

Я доўгі час знаходзіўся ў палоне стэрэатыпу, цi то навязанага мне звонку, цi то народжанага ўласным мозгам, што рэстаранны музыкант — гэта штосьці нядобрае. Асновы мае былі пахіснутыя, калі даведаўся, што некалі адзін з маіх найулюбёных рокераў — Уладзімір Кузьмін — аказваецца, таксама, “лабаў у шынку”. Яшчэ большыя сумневы сталі раздзіраць маю душу, калі падпрацоўваць ігрой на гітары ў кафэ скіраваўся мой блізкі прыяцель — у складзе квартэта, удзельнікамі якога былі студэнты. Ну а я канчаткова зразумеў, што выступаць у рэстаране — нават дзесьці ганаровая рэч, што ёсць такая прафесія — радзіму забаўляць. І ў думках нават сфарміраваў супергурт з беларускіх музыкантаў, што і сёння не грэбуюць цешыць слых публікі навесяле. Ігар Варашкевіч, Іван Маркаў, Андрэй Казлоўскі, Вадзім Касалапаў, Віктар Пшанічны — гэта яшчэ далёка-далёка не ўсе айчынныя рок- і поп-зоркі, якіх лёс занёс у рэстаран, кафэ, клуб. Навошта ідуць туды працаваць музыканты — пачаткоўцы і мацёрыя, з імёнамі; у чым спецыфіка гэтага рамяства; куды вядзе падарожжа ў гэтым сацыяльным ліфце — да музычнага дна або на вяршыні музычнага Алімпу? На гэтыя і іншыя пытанні я паспрабаваў знайсці адказы ў гутарках з людзьмі, што маюць самае непасрэднае дачыненне да рэстараннай, клубнай культуры. Ім і слова.

“Аркестранты” павінны быць у курсе сучасных тэндэнцый”

/i/content/pi/cult/750/16255/DSCN7095_opt.jpegАндрэй ФІЛАТАЎ, 64 гады, былы бубнач гуртоў “Сузор’е”, Zindan, Mojo Blues, “Крама”. Зараз ударнік кавер-бэнда “Скорая помощь”:

— У рэстаранах я пачаў граць года з 1972-га, але гэта былі разавыя падмены музыкантаў, або разавыя выступы калектываў, у якіх я граў. Ужо шчыльна асеў там гадоў дзесяць таму, спачатку сумяшчаючы з маім удзелам у гурце “Крама”, але потым з яго прыйшлося сысці. У 1970-я з рэстаранных калектываў людзі папросту маглі трапіць у прафесійныя, вядома, калі то былі майстры, і, наадварот — у “шынкi” ў сілу самых розных прычын уліваліся музыканты з цалкам афіцыйных ВІА. Сёння, дарэчы, карціна тая ж. І я б нават сказаў, што другі варыянт сустракаецца часцей, бо заробкі ў рэстаранах стабільныя, ды і не рэдкасць, калі ў іх можна атрымліваць грошай больш, чым на эстрадзе. Аднак, калі казаць канкрэтна аб нашым калектыве, то за апошнія гады два — тры сітуацыя змянілася. Тады ў сярэднім музыкант за месяц мог зарабіць каля тысячы рублёў, але і выступалі мы амаль штодня. Цяпер даем два — тры канцэрты на тыдзень. Адпаведна, і ганарары ў нас зменшыліся. Зменшыліся яны і ў нашых калег. Калі раней многія з іх гралі толькі ў рэстаранах, то сёння вымушаныя падпрацоўваць дзесьці яшчэ. І не абавязкова музыкай.

Што адбылося? Жывая музыка з такіх устаноў паволі вымываецца, яе ўсё больш змяняюць фонавая, танцавальная, ды-джэі са сваімі сэтамі, выканаўцы, якія спяваюць пад мінусавую фанаграму. І яшчэ зараз на музыканта, менавіта на канкрэтнае прозвішча ці назву, людзей стала хадзіць менш, чым у 1970 — 1980-я, калі ішлі, скажам, на гурт “Сузор’е”, у якога рэстаранная праграма спачатку складалася працэнтаў на 60 з уласных твораў, а затым і на ўсе 90. У цяперашні час такое вялікая рэдкасць (у Мiнску, наколькі ведаю, толькі два — тры клубы практыкуюць падобнае і тое не кожны дзень). Артысты могуць, вядома, уключаць у рэпертуар свае песні, але ў невялікай колькасці, астатняе адводзіцца каверам — аўтарскім перапрацоўкам вядомых кампазіцый. Гэта патрабаванне адміністрацыі ўстаноў, што “аркестранты” павінны быць у курсе сучасных музычных тэндэнцый. Таму, скажам, і я, які ў рок-музыцы амаль 50 гадоў, вымушаны адсочваць самыя апошнія сусветныя хіты, усё роўна ў якім стылі яны, бо іх хоча пачуць публіка, што прыходзіць у рэстаран.
(Праўда, з нейкага моманту яна ўсё роўна пачынае прасіць правераныя часам шлягеры “Ляписа” ці “Ленинграда”). Гэта значыць, даводзіцца ведаць усё — ад Deep Purple да Робі Уільямса, ад “Машины времени” да, умоўна кажучы, NaviBand. Але, дапусцім, асабіста для мяне такая мешаніна ідзе толькі ў плюс — разнапланавасць спрыяе росту прафесійнага майстэрства. Ды на такой усёеднасці любы наб’е сабе руку!

Навошта прыходзяць музыканты ў рэстараны? Гэта спосаб самавыяўлення, пляцоўка, дзе можна паiграць, і праца, якая прыносіць грошы. Але ў чым заключаецца небяспека такога “лабства” — не для рамеснікаў, а людзей даравітых, шукаючых? У тым, што яно можа прывесці да таго, што фінансавыя інтарэсы заслоняць сабой творчыя, калі застаюцца ў баку мары пра вялікую сцэну, закопваецца, што называецца, у зямлю талент. Элементарна не застаецца ні часу, ні жадання рэалізоўваць нешта сваё. Іншая небяспека — алкаголь, які проста тут, за барнай стойкай. Спачатку ім узбадзёрваюць сябе, а потым ён становіцца неабходным злом. Колькі такіх скалечаных лёсаў было перад маімі вачыма…

Што яшчэ “падкасіла” музыкантаў, якія працуюць у мiнскіх рэстаранах, клубах, кавярнях? Павелічэнне “дэмакратычных” устаноў, у якіх цэннік значна ніжэйшы за астатнія, адпаведна, калі там і працуюць жыўцом, то, як правіла, два — тры чалавекі з акустыкай. Калі гэта гурты, то, у асноўным, маладыя, што дэмпінгуюць. Натуральна, узрасла канкурэнцыя сярод артыстаў, усё больш з іх станавіліся незапатрабаванымі, пачалі сыходзіць з гэтага бізнэсу. Але для пачаткоўца праца ў такіх установах — гэта, вядома, вялікая і карысная школа. І ў плане ўласнага росту, і атрымання навыкаў працы на публіцы.

/i/content/pi/cult/750/16255/DSCN7102_opt.jpeg“Спяваць трэба нават тое, што мне не падабаецца”

Кацярына ЧАРНЫШ, 19 гадоў, студэнтка Інстытута сучасных ведаў, спецыяльнасць “Мастацтва эстрады (спевы)”:

— Я скончыла дзіцячую музычную школу мастацтваў па класе віяланчэлі, і яшчэ спявала — з дзяцінства, але больш для сябе. Аднак станавіцца прафесійным музыкантам не планавала. А ў ліцэі, дзе вучылася, быў гурт, і аднойчы — у выпускны год — яго ўдзельнікі, ведаючы, што я спяваю, папрасілі мяне замяніць захварэўшую вакалістку. І вось тады і зразумела, што мне падабаецца стаяць на сцэне, а, значыць, трэба вяртацца ў музыку, толькі ўжо на больш сур’ёзным узроўні. Праз свой iнстаграм стала шукаць установы, якім патрабаваліся спявачкі. Такія знайшліся вельмі хутка. Спачатку выступала ў іх бясплатна, а калі ўжо пайшлі запрашэнні, то стала аб’яўляць суму свайго ганарару. І, гаворачы аб сённяшнім заробку, магу сказаць, што цалкам матэрыяльна сябе забяспечваю. (Быў выпадак, калі чаявыя за адзін выступ перавысілі мой месячны заробак — на заказ выканала для “цёплай” кампаніі песню гурта “Бутырка”: праспявала два куплеты без акампанементу.) Заўсёды казала бацькам, што хачу быць самастойнай, і сёння жыву асобна ад іх.

Спяваю я год. Пастаянна — у двух казіно Мінска, а таксама адной са сталічных кальянных, астатняе — гэта разавыя выступы. Наогул, яны ў мяне ёсць кожны тыдзень, часам даходзіць да чатырох. Працую і са сваiм гуртом, і з кавер-бэндам, і з музыкантамі ўстаноў, і ў складзе дуэта або трыа, пад мінусоўку. У асноўным, спяваю на англійскай мове, часам — на рускай, рэпертуар замаўляе працадаўца альбо я фармірую яго сама — у залежнасці ад мерапрыемстваў (бывае, што працую і на вяселлях, і на карпаратывах) і ад фармату ўстановы. Ён можа складацца з поп-песень, напрыклад, 1970-х гадоў, з джазавых нумароў, з самых свежых хітоў, і мне трэба адчуваць сябе вельмі свабодна ў любых музычных часах і кірунках, ведаць і разбірацца ў іх. Спяваць трэба нават тое, што мне не падабаецца.

Затое мне падабаецца, што сёння я займаюся любімай справай і атрымліваю за яе нядрэнныя грошы. Хаця, калі шчыра, не магу сказаць, што расту ў творчасці. У самым пачатку сваёй пеўчай кар’еры я літаральна “гарэла”, а цяпер усё ператварылася ў руціну, абавязалаўку, з дапамогай якой ты проста зарабляеш. А так як я чалавек амбіцыйны, то ўжо ў бліжэйшы час збіраюся мяняць нейкія рэчы — не кардынальна (напэўна, рэстаранная музыка будзе карміць мяне яшчэ дастаткова доўга), а паступова: абнавіць склад гурта, яго канцэпт, больш увагі надаць складанню, запісаць уласныя творы. І хочацца, вядома, выйсці на вялікую сцэну. А рэстаран як стартавая пляцоўка для траплення на яе цалкам прыдатны. Бо тыя ж аўтары песень, вядомыя музыканты, прадзюсары, арганізатары канцэртаў, натуральна, бываюць у такіх установах і могуць “узяць на аловак” упадабанага ім выканаўцу. Я, дарэчы, буду ўдзельнічаць у мерапрыемствах культурнай праграмы II Еўрапейскіх гульняў…

/i/content/pi/cult/750/16255/DSCN7108_opt.jpeg“Выбар досыць шырокі, як і канкурэнцыя”

Іван НІГРУЦА, 37 гадоў, арт-дырэктар аднаго з мінскіх рэстаранаў, вакаліст кавер-гурта TimeSquare:

— Сёння правільней казаць не пра рэстаранную або клубную, а пра кавер-культуру, нават, гучна, але адначасова і паўжартам кажучы, кавер-індустрыі, таму што менавіта такія выканаўцы і дыктуюць музычную моду ў пэўных, як сказалі б раней, прадпрыемствах грамадскага харчавання. У гэтай “культуры-індустрыі” я дзесьці сем гадоў. У мяне музычная адукацыя, і як кожны малады чалавек, які свядома абраў поле сваёй дзейнасці, мне хацелася і працаваць у прафесіі, і зарабляць у ёй. А “рэстаран” — гэта тое месца, дзе ты хутка можаш пачаць сумяшчаць адно з іншым. Ну і калі чалавек прыйшоў сюды не проста за аднымі толькі грашыма, а самарэалізоўвацца, развівацца, то, вядома, такую дзейнасць можна назваць творчасцю.

З’яўляючыся вакалістам кавер- і трыб’ют-гурта TimeSquare (у нашым арсенале ёсць трыб’юты гуртам “Сплин”, “БИ-2”, “Чайф”), дзесьці год таму я стаў арт-дырэктарам мiнскага рэстарана, што размешчаны ў самым цэнтры горада. І з гэтай кухняй — жывой рэстараннай музыкай — цяпер знаёмы блізка. Калі не браць у разлік сольных выканаўцаў, а дуэты і далей па нарастаючай, думаю, яна гучыць дзесьці у дзясятках дзвюх устаноў Мінска. Для такога горада гэта дастаткова. Ёсць пляцоўкі, дзе граюць рок, рок і поп-рок, дзесьці — пераважна джаз, ёсць пляцоўкі толькі для кавер-артыстаў, для поп-выканаўцаў, для тых, хто грае ўласную музыку. Ёсць арыентаваныя на людзей ад 25-ці да, скажам, 50-ці гадоў, а ёсць на публіку, што аддае перавагу танцавальнай музыцы, або на тую, што любіць англамоўны рок, альбо на такую, якой падавай сучасныя хіты. Выбар досыць шырокі. Як вялікая і канкурэнцыя сярод артыстаў, што хацелі б выступаць у такіх установах.

Адна з маіх задач як арт-дырэктара — падабраць патрэбных выканаўцаў для нашага рэстарана і яго публікі. Мне цікавыя музыканты, што пастаянна працуюць над сваім рэпертуарам, над яго абнаўленнем. Каму будзе цяжка трапіць на нашу канцэртную пляцоўку? Напэўна, усё-такі калектывам-пачаткоўцам. Хоць, вядома, усё залежыць ад таго матэрыялу, які ён прапануе. Калі гэта будзе падыходзіць пад фармат, але па рэпертуары ці стылістыцы адрознівацца ад музыкі, што гучыць у нас, калі гэта якасна сыграна, то чаму б і не? Прэтэндэнты павінны здзівіць.

“Статыстыка ведае ўсё, — пісалі ў сваім рамане “Дванаццаць крэслаў” Ільф і Пятроў. — І аднаго яна не ведае...” Яна не ведае, колькі ў Беларусі “жывых” рэстаранных музыкантаў. Колькі з іх, прыйшоўшы граць і спяваць у адпаведныя ўстановы, так да самай глыбокай старасці і завісаюць у іх. І колькі, паднабраўшыся вопыту, працягваюць кар’еру на вялікай сцэне. Мне хочацца пажадаць творчасці і тым, і іншым. Каб яна цешыла і іх саміх, і нас, часам такіх пераборлівых у выбары ежы, духоўнай у тым ліку…

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"