Апошняя імправізацыя “Князя Мышкіна”

№ 25 (1412) 22.06.2019 - 30.06.2019 г

Пайшоў з жыцця Леанід Нарушэвіч, заснавальнік славутага беларускага калектыву “Князь Мышкін”. Здарылася гэта 19 чэрвеня. Музыканту было 55 гадоў. Мяркуецца, што яго падвяло сэрца.

/i/content/pi/cult/750/16254/_opt.jpegЛеанід Нарушэвіч быў легендай і патрыярхам эксперыментальнай музыкі Беларусі. Групу інтуітыўнай імправізацыі “Князь Мышкін” ён утварыў у 1991 годзе і выступаў з ёй да апошніх дзён. За амаль 30 гадоў была адыграная неверагодная колькасць канцэртаў у розных краінах, адбылося супрацоўніцтва з вялікім шэрагам беларускіх музыкантаў і паэтаў, нарадзілася мноства цікавых праектаў, саўндтрэкаў, музычных праграм. Засталіся шматлікія альбомы, якія выходзілі на амерыканскіх, еўрапейскіх, расійскіх лэйблах, відэаматэрыялы, здымкі ў праграме Дзмітрыя Дзіброва “Антрапалогія”.

Леанід Нарушэвіч адным з першых у нашай краіне рушыў на амаль некранутую тады цаліну эксперыменту і такім чынам праклаў дарогу цэламу шэрагу маладзейшых беларускіх музыкантаў. Менавіта ад “Князя Мышкіна” мы даведаліся пра інтуітыўную музыку, інтуітыўную імправізацыю. Калектыў стаў абсалютна ўнікальнай з’явай для Беларусі і застаўся адзіным у сваім родзе.

Яшчэ ў 1980-я Леанід Нарушэвіч быў гітарыстам груп “Інтэр” і “Зарціпо”, якія ўпісаны ў гісторыю беларускага рока вялікімі літарамі. Верны прыхільнік усяго новага, свежага і нестандартнага, ён сам праводзіў канцэрты і фестывалі эксперыментальнай і імправізацыйнай музыкі. Асабліва гучны розгалас быў у фестывалю “Сіні перац”, які цягам 1990-х гадоў адбыўся дзесяць разоў. Як гукарэжысёр Леанід Нарушэвіч меў дачыненне да многіх цікавых музычных праектаў, але яго часта называлі і легендай радыёэфіраў — ён працаваў на першых FM-станцыях нашай краіны. Цягам апошніх гадоў месцам яго працы было тэлебачанне.

Групу “Князь Мышкін” ён называў аўтсайдарам. Нягледзячы на вялікі аўтарытэт у пэўных колах, пра кар’еру гаварыць не даводзілася. Але значнасць творчасці не вымяраецца камерцыйнам поспехам. Для Леаніда Нарушэвіча музыка была тэрыторыяй свабоды, чыстага мастацтва, чыстага шчасця і задавальнення. Ён казаў, што гэта дазваляе адчуваць сябе чалавекам.

Надзея КУДРЭЙКА