“Жывы гук” на жніўным полі

№ 33 (851) 16.08.2008 - 22.08.2008 г

Днямі завяршылася летняя частка традыцыйнага гастрольнага тура “Пад мірным небам”, які ўжо пяты год запар ладзіць у час жніва Тэатр песні Ірыны Дарафеевай. Сёлета выступленні ахапілі Брэстчыну: у Драгічынскім, Пружанскім, Іванаўскім, Ляхавіцкім, Івацэвіцкім, Баранавіцкім, Пінскім, Лунінецкім і Брэсцкім раёнах адбылося 20 канцэртаў.

 /i/content/pi/cult/171/1625/Darafeeva.jpg

— Уражанняў, як звычайна, мноства! — распавяла Ірына. — Прыязджаючы ў тыя ці іншыя мясціны, першы канцэрт, як заўсёды, мы праводзілі на жніўным полі для хлебаробаў. А ўжо другі — ці на плошчах у райцэнтрах, дзе ўваход, вядома, вольны, ці, часцей, на стадыёнах, па квітках, бо і так на ўсіх жадаючых месцаў не хапала. Дзякуючы мясцовым уладам арганізацыя паўсюль была на вышэйшым узроўні. А мы ж выступалі цалкам “жывым гукам”, з “жывым” інструменталам — усім калектывам: з Віталем Гардзеем, Дэрвішам, Забавай. Нашы гітарысты Віктар Навумік і Дзмітрый Парфёнаў, выступаючы дуэтам, прыдумалі свой трук: не здымаючы інструментаў, кожны з іх пачынае іграць на гітары суседа — зоркі, дый толькі!
Не дзіва, што сустракалі нас з караваямі, аўтографы даводзілася раздаваць ледзь не па дзве гадзіны, а кветак ды падарункаў уручалі столькі, што, як жартавалі нашы артысты, для перавозу іх патрабаваўся грузавік. У пасёлку Жамчужны Баранавіцкага раёна нам паднеслі вялізны гаршчок мёду. Пасля гэтай паездкі ў нашым тэатры з’явілася цэлая калекцыя распісных ваз, талерак, вышываных ручнікоў — усё унікальныя асобнікі ручной працы. Брэстчына ўвогуле славіцца сваімі традыцыямі ткацтва, вышыўкі, у вёсцы ж Моталь Іванаўскага раёна вырабляюць такія ручнікі, што месца ім акурат у музеі.
А якія людзі! У Лунінцы, зайшоўшы ў кавярню, я забыла сумачку. І ўзгадала пра яе толькі больш чым праз гадзіну, калі мы ўжо былі за шмат кіламетраў ад горада. За гэты час у кавярні пабывалі сотні наведвальнікаў: туды ж заходзяць не пасядзець на ўвесь вечар, а ўсяго толькі выпіць малочнага кактэйлю. Зразумела, знайсці сумачку я й не разлічвала.
Але патэлефанавала ў міліцыю: маўляў, можа, знойдуцца дзе выкінутыя дакументы. А мне праз нейкі час адказваюць: вісіць ваша сумачка ў кавярні на тым жа самым месцы. Нічога не кранулі: ні грошы,ні касметыку, ні мабільны тэлефон. І гэта, дарэчы, таксама паказальнік выхаванасці і культуры.
— Пасля ўсіх вашых тураў вы адзначаеце, як да лепшага змяняецца наша сяло.
— Назіранняў столькі, што калі б я вяла “дарожныя нататкі”, атрымалася б цэлая кніга пра Беларусь.Сельскія дамы культуры — дагледжаныя, грымёркі амаль не адрозніваюцца ад сталічных. Як нам паведамілі “па сакрэце”, Дом культуры сяла Дворац быў першым месцам працы цяперашняга старшыні Брэсцкага аблвыканкама Канстанціна Сумара. Мабыць, таму ён так добра разумее патрэбы дзеячаў мастацтва.Заўважаю, як многа пачало з’яўляцца на сяле перапрацоўчых прадпрыемстваў. У сельскіх крамах, якія цяпер нагадваюць міні-маркеты, на ганаровым месцы стаіць прадукцыя мясцовай вытворчасці.
Ды яшчэ якая! У пасёлку Астрамечава, прызнаюся, я нават замовіла сабе абнову — футра з белай норкі: там і гадуюць гэтых рэдкіх жывёлін, і робяць са шкурак такія адметныя вырабы, якім пазайздросціць любая модніца. Прычым пакупнікамі, як нам распавялі, усё часцей становяцца не толькі госці, але і самі сяляне, бо ў лепшы бок змяніліся і іх эстэтычныя ўяўленні, і заробкі, узрасла агульная культура і дабрабыт. У аграгарадках модна стала ля дамоў будаваць не хлявы для свойскай жывёлы, а разбіваць газоны — па самых сучасных прынцыпах ландшафтнага дызайну.
— Дык што, парсючкоў ужо самі не гадуюць?
— Гадуюць, але змяшчаюцца тыя загончыкі (разам з кармамі) на ўскрайку сяла. А як здзівілі мяне сучасныя кароўнікі! Дый самі цялушкі — наколькі гэта разумныя, нават інтэлігентныя жывёліны, калі добры догляд. Уявіце такую карціну: каровы роўнай чарадой ідуць на дойку, кожная самастойна становіцца на сваё месца, ніякай блытаніны, даяркам застаецца хіба ўключыць апарат. А яшчэ — музыку!Прычым дояцца яны пад лепшую замежную эстраду — спевы той жа Селін Дзіён. Гавораць, надоі з-за гэтага павышаюцца ажно на 20 працэнтаў.
— Думаю, пасля вашых выступленняў кароў на Брэстчыне пачнуць даіць і пад вашы дыскі.
— Па меншай меры, — працягвае прадзюсер Ірыны Дарафеевай Юрый САВАШ, — нам і сапраўды гэта абяцалі. А ў вёсцы Валішча пра Ірыну напісалі песню і выканалі нам яе — зладжана, на чатыры галасы.Не будзе перабольшваннем сказаць, што нашы гастрольныя туры ператвараюцца ў сапраўдныя фестывалі жніва, падштурхоўваюць самадзейнасць, даюць сялянам адчуванне свята пад час цяжкіх працоўных будняў.
— За гэтыя 5 гадоў вы планамерна аб’ехалі вобласць за вобласцю. Што далей?
— Другая частка тура па Брэстчыне прадоўжыцца ў верасні: наш тэатр пабывае ў Бярозаўскім, Ганцавіцкім, Столінскім раёнах, а ў кастрычніку — у Маларыцкім. Шмат у нас і іншых праектаў. Так, з наступнага вясенне-летняга сезона мы гатовы прапанаваць у Сілічах даволі цікавы праект, які збярэ разам мастакоў, літаратараў, артыстаў, музыкантаў. Ужо і назву прыдумалі — “ХЛАМ”.
— Гэта, пэўна, рускамоўная абрэвіятура, якая і пералічвае згаданыя вамі прафесіі. Але ж яна выклікае і асацыяцыі, прабачце, са смеццем.
— У гэтым і ёсць “фішка”, прывабная для моладзі. Плануем, што там кожную суботу (а праз нейкі час — і на ўсе выхадныя, пачынаючы з вечара ў пятніцу) будзе разгортвацца своеасаблівае “паселішча” творцаў. Мастакі змогуць не толькі дэманстраваць свае карціны, але і маляваць партрэты прысутных, навакольныя пейзажы, літаратары — чытаць вершы, прадаваць свае кнігі, артысты — паказваць сцэнкі, імправізацыі, музыканты — іграць ды спяваць, не абмяжоўваючы стылёвую палітру.
Творчая моладзь зможа знайсці сваіх прыхільнікаў, знаныя артысты — падзяліцца сваім майстэрствам на майстар-класах, асаблівую прывабнасць якім нададуць краявіды.
— А раптам дождж?
— Не хвалюйцеся, я падумаў і пра гэта. У Сілічах ёсць штосьці накшталт вялікага ангара, дзе зімой заліваюць каток. Пры дрэнным надвор’і “горад творцаў” мог бы перамяшчацца пад дах. Бо галоўнае — каб Сілічы заставаліся прывабнымі для мінчукоў і гасцей сталіцы не толькі ўзімку, але і летам, калі спартыўнае баўленне часу можна цудоўна спалучыць з мастацкім, прычым на адкрытым паветры. Увогуле, планаў хапае. Вось адпачнём крыху — і пачнём здзяйсняць.

Надзея БУНЦЭВІЧ
На здымку: пад час раздачы аўтографаў.
Фота Алы ТКАЧЭНКА