Гасцей сустракае “Маленькі прынц”

№ 25 (1412) 22.06.2019 - 30.06.2019 г

Новыя арт-аб’екты ўпрыгожылі Нацыянальны аэрапорт “Мінск” яшчэ напярэдадні II Еўрапейскіх гульняў. На прывакзальнай плошчы з’явіўся масток праз фантан, каля V.I.P.-залы — кампазіцыя “У добры шлях” гродзенскага скульптара Сяргея Жылінскага, а побач з цэнтральным фантанам — скульптурная група “Маленькі прынц” аўтарства архітэктара Юрыя Градава і мастака Канстанціна Селіханава.

/i/content/pi/cult/750/16249/3.jpgЗ 1976 года Мінск і французскі Ліон, радзіма лётчыка і пісьменніка Антуана дэ Сент-Экзюперы, аўтара сусветна вядомага твору “Маленькі прынц”, з’яўляюцца гарадамі-пабрацімамі. Таму і ідэя падобнай скульптуры не падалася кіраўніцтву Нацыянальнага аэрапорта чымсьці неардынарным. Аэрапорт звярнуўся да Юрыя Градава, а вядомы архітэктар — да Канстаціна Селіханава. У выніку, ля цэнтральнага фантана з’явіўся не адзінкавы аб’ект, а скульптурная кампазіцыя.

У цэнтры ансамбля — Маленькі прынц, што стаіць на астэроідзе і трымае ў руках самалёцік. Вакол хлопчыка — Ліс і Ружа, вядомыя героі аповесці, а таксама Калодзеж — як сімвал прагі пазнання і ўнутранага пошуку. Матэрыял арт-аб’ектаў — бронза. Пляцоўка, на якой усталяваны ансамбль, аздоблена гранітам і натуральным каменем. Памер галоўнай скульптуры — каля двух метраў. Ды ў аснове эскізаў, па якіх рабіліся работы — малюнкі самога Антуана дэ Сент-Экзюперы, якімі ён праілюстраваў казку-аповесць.

Удзел у праекце Кастанцін Селіханаў пракаметаваў так: “Ад такой прапановы я не змог адмовіцца”. Па яго словах, скульптурная група ў будучыні займее яшчэ аднаго героя — Барашка. Гэтага персанажа, нагадаю, па сюжэце прасіў намаляваць Маленькі прынц свайго новага сябра — аўтара, калі толькі з ім пазнаёміўся. І той намаляваў яго ў скрыні, праслаўляючы моц уяўлення.

Фота прадастаўлена аддзелам па сувязях са СМІ
Нацыянальнага аэрапорта “Мінск”

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"