Фота на дарозе жыцця

№ 24 (1411) 15.06.2019 - 22.06.2019 г

17 чэрвеня ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры адбудзецца юбілейны творчы вечар Юрыя Іванова — вядомага фатографа, лаўрэата прэміі Саюза журналістаў Беларусі, уладальніка прэміі “Залатая літара” ў намінацыі “Найлепшы фотакарэспандэнт”.

/i/content/pi/cult/749/16244/pages-2-3-copy.jpg

Пра Юрыя Сяргеевіча Іванова можна расказваць доўга. Але лепш за ўсё пра фотамайстра раскажуць ягоныя работы: здымкі, якія ён рабіў у якасці фотакарэспандэнта розных беларускіх агенцтваў навінаў і выдавецтваў, а пазней — і ў якасці загадчыка аддзела фотаілюстрацый нашай газеты.

Згадаю толькі адно фота, якое ў свой час выклікала ў мяне (ды і не толькі ў мяне) сапраўднае захапленне, пад назвай “Лятучка”. На здымку, зробленым у адным з цэхаў Мінскага тонкасуконнага камбіната, паказана “лятучка”: абмеркаванне вытворчых пытанняў швачак-матарыстак з кіраўнікамі прадпрыемства. Здымак, створаны ў 1987 годзе ў рамках міжнароднай акцыі “Адзін дзень з жыцця Савецкага Саюза”, прынёс аўтару прэстыжную прэмію World Press Photo ў Гаазе і сусветнае прызнанне. А ў 1990 годзе на конкурсе, арганізаваным выдавецтвам Time-Life, гэтае ж фота прызналі “Найлепшай фатаграфіяй свету за дзесяць гадоў (1980—1990)”.

І “Лятучку”, і дзясяткі іншых здымкаў славутага фатографа можна пабачыць на выставе “Гэта мы” ў фае Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра таксама 17 чэрвеня. Як, дарэчы, і некаторых герояў фотаздымкаў Юрыя Іванова — ужо, што называецца, жыўцом, бо на яго творчым вечары будуць выступаць многія знакамітыя артысты і вядомыя творчыя калектывы Беларусі. Гэта, напрыклад, Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Генадзя Цітовіча пад кіраўніцтвам Міхаіла Дрынеўскага, Прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкіна, ансамбль народнай музыкі “Бяседа” пад кіраўніцтвам Леаніда Захлеўнага, Анатоль Кашапараў, Леанід Барткевіч, Анатоль Ярмоленка, калектывы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, а таксама шэраг іншых ансамбляў і выканаўцаў.

Да слова, на творчым вечары прагучыць песня “Дарога”, словы да якой напісаў сам Юрый Іваноў. Аўтар музыкі да песні — знакаміты стваральнік ансамбля “Песняры” Уладзімір Мулявін. “Дарога” ўпершыню прагучыць у выкананні народнага артыста Беларусі Анатоля Ярмоленкі.

Але і гэта, натуральна, не ўсё. Як распавёў “К” сам юбіляр, днямі з друку выйшла яго кніга “Гэта мы”. Выданне, што з’явілася на свет дзякуючы падтрымцы рэктара БДУКіМ Аліны Корбут, змяшчае на сваіх старонках успаміны фотамайстра пра яго жыццё, пра сустрэчы са знакамітымі людзьмі не толькі Беларусі, а таксама блізкага і далёкага замежжа ды многае іншае. Чытанне мемуараў юбіляра, якому 17 чэрвеня споўніцца 80 гадоў, выкліча цікавасць у любога чытача — як сталага, так і маладога веку. І гэта невыпадкова, бо і сам Юрый Іваноў — чалавек заўсёды малады душой і сэрцам, а таксама заўсёды цікавы і прагны да жыцця ў любых яго колерах і праявах.

Усе “культураўцы” жадаюць яму быць маладым яшчэ як мінімум 80 наступных гадоў і ад усёй душы віншуюць Майстра з яго днём нараджэння!

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"